Якія Дзермант і Марзалюк у жыцці? Сведчанні экс-вядоўцы БТ


Ці лічыць сябе найпрыгажэйшаю беларускаю тэлевядоўцаю? Праз паліграф прайшла тэлевядоўца Кацярына Ваданосава.

– Вы лічыце сябе самаю прыгожаю беларускаю тэлевядоўцаю?

– Не. Лічу сябе страшнай.

– Вы баіцеся смерці?

– Так.

Паліграф: праўда

Кацярына Ваданосава. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы».
Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Як часта вы пра гэта думаеце?

– Кожны дзень. Некалькі разоў на дзень. «Он с именем этим ложится, он с именем этим встаёт».

Думка пра смерць – бадай што самая папулярная думка ў маёй галаве. Тэлевядоўца Кацярына Ваданосава, каб пазбавіцца змрочных думак, занураецца ў працу.

«А бывае так, што я станаўлюся перад люстэркам, разумею, што за апошні год страціла вельмі шмат, чыста ў знешнім нават плане. Стану, паплачу сама сабе, паспрабую ўлезці ва ўлюблёную спадніцу, у мяне гэта не атрымаецца – я яшчэ раз паплачу. А потым прыходзіць разуменне, што калі ў мяне яшчэ ёсць на што апранаць спадніцу, значыць, не так усё і кепска. (…) Мне падабалася ўласная знешнасць, і гэта ўсё паламалася два гады таму, калі я стала лысай, калі я стала набіраць вагу, калі я страціла адну грудзь. І я кожны дзень назіраю гэтыя знешнія змены, якія адбываюцца незалежна ад майго жадання».

Кацярына дзеліцца, што прасцей было страціць грудзь, чымся валасы. Праз гармоны жанчыну ўвялі ў штучную менапаўзу.

– Вы лічыце сябе ўпэўненым у сабе чалавекам?

– Не. Я бравірую.

– У чым праяўляецца вашая няўпэўненасць?

– Я баюся людзей. Я насамрэч інтраверт. Я баюся тэлефанаваць.

Паліграф: праўда.

Кацярына Ваданосава. Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы».
Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Вы расстройваецеся, калі чуеце хэйт у свой адрас?

– Так.

Але Кацярына сустракалася з хэйтам не толькі ў сацыяльных медыях: аднойчы яе ледзь не пабілі праз беларускую мову, бо па-беларуску размаўляла не толькі на тэлебачанні, але і па-за працаю:

«Аднойчы мяне на Ангарскай ледзьве не пабілі за беларускую мову. Таму гэта абсалютна не дзіўная сітуацыя, што я была адзіная беларускамоўная вядоўца на ўсім беларускім тэлебачанні».

Праца на дзяржаўным тэлебачанні Кацярыне падабалася, бо «сышлося ўсё»: любоў да гісторыі, да традыцыйнай культуры, да матэрыяльнай, нематэрыяльнай культуры. Прага паказаць, што беларуская духоўная спадчына разнастайная, багатая, цудоўная і непаўторная.

Праз тое, што Кацярына Ваданосава – гісторык, яна ў сваім жыцці перасякалася і з гісторыкам Марзалюком на археалагічных раскопках, і з адыёзным прапагандыстам Дзермантам. З апошнім нават на піве ў месцы, дзе абвяшчалі Беларускую Народную Рэспубліку:

«Тады я з ім нармальна стасавалася. У яго былі нейкія касякі. Ён казаў, што панбалтызму яго быў у галаве, зараз у яго, наадварот, еўразійства. Тады ён мне падаваўся трошкі смешным персанажам, але даволі адукаваным. І я не ведаю, наколькі ён шчыры. Мне падаецца, ён таксама закладнік сітуацыі».

Больш адказаў на пытанні шукайце ў праграме «Шчыра кажучы» на YT-канале «Belsat News» (відэа вышэй).

Стужка навінаў