Што адбываецца ў Беларусі ў кантэксце пагрозы ўступлення ў вайну


У Беларусі праводзіцца разгортванне рэгіянальнай беларуска-расейскай групоўкі войскаў, адбываюцца маштабныя мабілізацыйныя праверкі, ідзе ўмацаванне мяжы з Украінай, а ўлады палохаюць грамадства міфічнай вонкавай пагрозай. Belsat.eu распавядае, што на дадзены момант вядома пра новую фазу эскалацыі на беларускім кірунку і звязаную з гэтым вайсковую актыўнасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Новая фаза эскалацыі пачалася 10 кастрычніка: у гэты дзень на нарадзе з сілавікамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Украіна нібыта плануе нанесці ўдар па тэрыторыі Беларусі і паведаміў пра рашэнне разгарнуць сумесную расейска-беларускую групоўку войскаў. У Мінабароны заявілі, што аснову рэгіянальнай групоўкі будуць складаць Узброеныя сілы Беларусі «паводле штату мірнага часу» (намёк на тое, што мабілізацыі не плануюць), а таксама туды ўвойдзе адно механізаваная злучэнне Заходняй вайсковай акругі Расеі. Назва злучэння не агучвалася, але, імаверна, размова ідзе пра падраздзяленні 1-й танкавай арміі РФ. Афіцыйна эшалоны з расейскімі вайскоўцамі пачалі прыбываць у краіну ў ноч на 15 кастрычніка.

У Беларусь перакідваюць не кантрактнікаў, а нядаўна мабілізаваных расейцаў – на гэта ўказваюць як разнамасны вонкавы выгляд вайскоўцаў, так і звесткі пра асобных байцоў. Як сцвярджае тэлеканал «ВоенТВ», яны будуць займацца на беларускай тэрыторыі «планавай баявой падрыхтоўкай». Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» у звязку з гэтым выказвае меркаванне, што мэта разгортванне РГВ заключаецца як раз у тым, каб юрыдычны аформіць прыбыццё і падрыхтоўку на беларускіх палігонах мабілізаваных з РФ.

Паводле Мінабароны Беларусі, з Расеі ў межах разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў прыбудуць 9 тысяч вайскоўцаў, 170 танкаў, да 200 бронемашынаў і каля 100 гарматаў і мінамётаў. Пры гэтым у Менску не выключаюць, што склад расейскай групоўкі можа быць скарэктаваны.

«Рэгіянальная групоўка войскаў сапраўды пачала засяроджвацца на тэрыторыі Беларусі. Паэтапнае, у няпоўным складзе яе размяшчэнне. У далейшым жыццё пакажа, у поўным маштабе яе разгарнуць ці не», – заявіў дзяржаўны сакратар Савету Бяспекі Аляксандр Вальфовіч 17 кастрычніка. У Мінабароны Украіны раней заяўлялі са спасылкай на дадзеныя выведкі, што Расея плануе перакінуць у Беларусь каля 20 тысяч вайскоўцаў.

Колькі расейскіх жаўнераў ужо знаходзіцца ў Беларусі – невядома. Прыбыццё артылерыі і танкаў пакуль наогул не фіксавалася ў адкрытых крыніцах.

Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Кірыл Буданаў сцвярджае, што колькасць рэальна перакінутых сілаў пакуль значна ніжэй за заяўленыя.

«Расейцы зараз перакідваюць туды пэўную колькасць падраздзяленняў. Аднак тое, што яны заяўляюць, і тое, што яны перакідваюць па факце – гэта абсалютна розныя рэчы. Цяпер няма ніякіх прыкмет стварэння якога-небудзь фармату ўдарных груповак. Па стане на зараз расейцы завезлі туды каля 3200 чалавек», – заявіў ён у інтэрв’ю «Украінскай праўдзе».

Праўда, варта нагадаць, што ў Кіеве раней ужо памылялася ў падобных ацэнках. Так, у лютым 2022 году, за 9 дзён да поўнамаштабнага ўварвання, міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў сцвярджаў, што Расея не сфармавала каля ўкраінскай мяжы наогул ніводнай ударнай групоўкі.

Дзе заўважаны расейскія вайскоўцы

У Мінабароны не называюць канкрэтныя лакацыі расейскіх сілаў у Беларусі. Паведамляецца толькі, што іх плануецца размесціць на чатырох палігонах ва ўсходняй і цэнтральнай частках Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

«Беларускі Гаюн» у сваю чаргу фіксаваў перамяшчэнне расейскіх вайскоўцаў на палігоны «Абуз-Лясноўскі» (Баранавіцкі раён), «Лепельскі» (Лепельскі раён) і «Ласвідо» (Віцебскі раёне). Па інфармацыі «Нашай Нівы», мабілізаваных з РФ таксама размясцілі на палігоне «Асіповіцкі» у Магілёўскай вобласці, а рыхтуюць іх беларускія інструктары. Прычым расейцы пачалі прыбываць на гэты палігон яшчэ да публічнай заявы пра фармаванне РГВ, адзначаюць крыніцы выдання. Акрамя таго, «НН» пацвярджае інфармацыю пра размяшчэнне расейскіх вайскоўцаў на палігоне пад Баранавічамі – паводле мясцовых жыхароў, там іх «да пары тысяч».

Радыё «Свабода» паведамляе, што яшчэ ў пачатку кастрычніка пачалося ўмацаванне базы ў Зябраўцы пад Гомлем, якую з лютага таемна выкарыстоўвае Расея. Туды апошнім часам прыбыло больш расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, з’явіліся пешчаныя насыпы, праводзяцца інжынерныя працы. Гэта пацвярджаюць і спадарожнікавыя здымкі.

Паводле Мінабароны Украіны, у Беларусі цяпер таксама знаходзяцца іранскія афіцэры, інструктары-аператары беспілотнікаў «Shahed-136», што выкарыстоўваюцца для бамбавання Украіны. Украінскі бок сцвярджае, што толькі 25 кастрычніка з тэрыторыі Беларусі расейцы запусціли 10 дронаў-камікадзэ па Кіеўскай вобласці. «Беларускі Гаюн» мяркуе, што запускі «Shahed-136» маглі адбывацца з Чарнобыльская зоны адчужэння – толькі там гэта можна зрабіць скрытна. А саміх іранскіх вайскоўцаў першапачаткова заўважылі каля вёскі Мікулічы Гомельскай вобласці, паведамляў украінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву.

Блокпасты, абсталяванне пазіцыяў, лагеры ў лесе

Узброеныя сілы Беларусі тым часам працягваюць перманентныя вучэнні і трэнаванне. Закранаюць манеўры нават буйныя гарады: улады Берасця 24 кастрычніка папярэдзілі, што ў горадзе цягам тыдня будзе чутная стралковая кананада і адбывацца перасоўванне розных відаў тэхнікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Беларускі бок актыўна ўмацоўвае мяжу з Украінай. Як заявілі ў Мінабароны яшчэ 17 кастрычніка, «пад ахову ўзятыя масты, пераезды, чыгуначныя пуці, абсталяваныя пазіцыі для стральбы са стралковай зброі і вайсковай тэхнікі». Афіцыйна гэта робіцца, каб перадухіліць правакацыі, прарыў дыверсантаў і незаконных узброеных фармаванняў.

Паводле звестак «Свабоды», у Лоеўскім раёне салдаты капаюць акопы, рыхтуюць снайперскія пазіцыі. У Гомельскім раёне вайскоўцы разбіваюць лагеры ў лесе, у 10 км ад мяжы з Украінай, а каля пасёлку Халмы выстаўлены блокпост.

Міністэрства лясной гаспадаркі захоўвае забарону на наведванне лясоў у памежных раёнах Гомельшчыны. Як высветліла выданне «Флагшток» ў Гомельскім лясгасе, рашэнне было прынятае ў адпаведнасці з лістом Міністэрства абароны. «Мы хадзіць у лясы не забараняем, але бліжэй да мяжы – не раім. Ледзь што, штрафаваць будзем не мы», – кажуць у лясгасе.

Тэлеканал Мінабароны «ВоенТВ» прысвяціў умацоўванню мяжы з Украінай адмысловы сюжэт. Там распавядаецца пра блокпост вайскоўцаў адной з механізаваных брыгад у 10 км ад украінскай мяжы. На блокпасту даглядаюць «абсалютна ўсе» машыны на ўезд і выезд, правяраюць дакументы. Вайскоўцы актыўна трэнуюцца і рэгулярна выходзяць на патруляванне памежнай тэрыторыі, выкарыстоўваюць БТРы і дроны.

У сюжэце «ВоенТВ» не называецца лакацыя, дзе выстаўлены блокпост і адбываецца патруляванне. Але па некаторых дэталях можна прыйсці да высновы, што дзейнічаюць байцы механізаванай брыгады каля вёскі Ласіцк (Пінскі раён, Берасцейшчына), што ў 6 км ад мяжы з Украінай. Беларускія жаўнеры пры гэтым носяць чырвоныя павязкі на руках – аналагічныя павязкі выкарыстоўваюць расейскія вайскоўцы на тэрыторыі Украіны.

Разбор
Беларускіх вайскоўцаў паслалі на мяжу з Украінай з чырвонымі павязкамі на руках. Гэта кепскі знак
2022.10.19 10:30

Схаваная мабілізацыя ці маштабная праверка?

У Беларусі працягваецца маштабная мабілізацыйная праверка, якую загадаў правесці Лукашэнка. Цяпер беларусам па ўсёй краіне прыходзяць позвы ў ваенкаматы: спачатку іх выклікаюць для ўдакладнення звестак, але потым частку з іх забіраюць на вайсковыя зборы. На прадпрыемствах і ў арганізацыях збіраюць інфармацыю пра ваенаабавязаных, рыхтуюць адпаведныя спісы.

Акрамя таго, незалежныя медыі паведамляюць, што беларускім салдатам, у якіх сканчаецца тэрмін службы, настойліва прапаноўваюць падпісаць кантракт і працягваць служыць у арміі. Тым, хто не хоча прыняць такую прапанову, паступаюць пагрозы з боку армейскага начальства. Салдатам кажуць, што яны нібыта ўсё роўна працягнуць служыць, але ўжо паводле мабілізацыйнага прадпісання. Таксама ёсць звесткі, што афіцэрам запасу паступаюць прапановы з камісарыятаў вярнуцца на вайсковую службу.

Разбор
«З новага – забаранілі смартфоны». Як у Беларусі праходзіць немабілізацыя
2022.10.24 08:00

Некаторыя медыі і аналітыкі мяркуюць, што такім чынам у Беларусі адбываецца схаваная мабілізацыя. Менавіта так расцэньваюць гэтыя дзеянні і ў Генеральным штабе Украіны. Аднак пакуль нават прыкладна невядома, колькі людзей зараз забіраюць або ўжо забралі на вайсковыя зборы. Не ведаючы рэальных маштабаў, складана зрабіць адназначную выснову, ці ідзе схаваная мабілізацыя ўжо цяпер або ўлады толькі рыхтуюцца да яе.

Міністэрства абароны катэгарычна адмаўляе, што ў Беларусі адбываецца мабілізацыя, усе мерапрыемствы яны называюць планавымі. Разам з тым, вайскоўцы прызнаюць, што цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад таго, што было раней.

«Адметнай рысай мерапрыемстваў гэтага года ад папярэдніх гадоў з’яўляецца адначасовы выклік большай, чым звычайна, колькасці ваеннаабавязаных», – прызнаў 25 кастрычніка прадстаўнік вайсковага камісарыята Берасцейскай вобласці Андрэй Юруць.

Аб’ектыў
Як выглядае прыхаваная мабілізацыя?
2022.10.19 22:48

Прапагандысцкая падрыхтоўка

На фоне гэтага адбываецца беспрэцэдэнтны агітацыйны тур кіраўнікоў сілавых структураў па буйных прадпрыемстваў і арганізацыях. Падчас выступаў перад працоўнымі калектывамі генералы расказваюць пра «агрэсіўныя планы» Захаду і Украіны, пра тое, што на беларускую тэрыторыю рыхтуецца напад, але кіраўніцтва краіны нібыта робіць усё, каб прадухіліць канфлікт.

Акрамя агульных словаў пра вонкавую пагрозу, агучваюцца і больш канкрэтныя сцэнары. Напрыклад, старшыня КДБ Іван Церцель распавядаў, што на тэрыторыі Украіны ёсць «баевікі», якія нібыта збіраюцца захапіць райцэнтр і выкарыстоўваць яго як плацдарм для далейшага наступлення ў Беларусі. Прычым кіраўнік КДБ удакладніў, што такі ўдар нібыта можа быць нанесены ў кірунку Маларыты ў лістападзе. Фактычна насельніцтва такім чынам рыхтуюць да магчымага ўступлення Беларусі ў вайну.

Пачаўшыся 11 кастрычніка з Менску, генеральскае турнэ паступова перамясцілася ў рэгіёны. Так, 26 кастрычніка, дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч, міністр абароны Віктар Хрэнін, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо наведалі Гомель, дзе ў чарговы раз казалі пра пагрозу з боку Захаду і Украіны.

Аналітыка
Перад 24 лютага і цяпер. Як рэжым Лукашэнкі паўтарае адзін і той жа сцэнар эскалацыі
2022.10.18 19:12

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў