17 студзеня «Фэйсбук» паведаміў аб выдаленні 364 старонак пасля іхнай «фэйкавай актыўнасці», каардынаванай з Расеі. Выдаленыя старонкі «займаліся ўмяшаннем» у справы Беларусі ды іншых краінаў былога Савецкага Саюзу, упэўнены аддзел кібербяспекі кампаніі.
Выдаленыя старонкі публікавалі змест на розныя тэмы – ад падарожжаў да надвор’я. У паведамленні кампаніі гаворыцца, што адміністратары выдаленых старонак былі цесна звязаныя з інфармацыйным агенцтвам «Спутник», падпарадкаваным расейскаму ўраду. Большасць спасылак з выдаленых профіляў вялі менавіта на публікацыі на сайтах «Спутнику».
На думку «Фэйсбуку», уладальнікі старонак уводзілі карыстальнікаў у зман наконт таго, хто яны і чым займаюцца.
«Мы пастаянна працуем над тым, каб выявіць і спыніць гэткую дзейнасць, бо не хочам, каб нашыя паслугі выкарыстоўвалі, каб маніпуляваць людзьмі», – гаворыцца ў паведамленні.
Агулам «Фэйсбук» выдаліў 289 старонак і 75 акаўнтаў. Апроч нашай краіны, старонкі, пра якія вядзецца, дзеялі ў Азербайджане, Арменіі, Грузіі, Казахстане, Латвіі, Літве, Малдове, Кыргызстане, Таджыкістане і нават у Румыніі, а таксама ў самой Расеі.
Таксама былі выдаленыя 107 украінскіх Фэйсбук-старонак 41 Інстаграм-акаўнт.
Колькасць падпісчыкаў выдаленых профіляў склала каля 790 тысячаў чалавек.
З кастрычніка 2013-га адміністратары гэтых старонак выдаткавалі на рэкламу для прасоўвання сваіх публікацыяў каля $ 135 тысячаў.
ДД; фота анонсу – Aly Song/Reuters/Forum