Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп мае намер абмежаваць колькасць нелегальных мігрантаў, якія перасякаюць мяжу ЗША з боку Мексікі, з дапамогай мытаў на мексіканскую прадукцыю. Гэта вынікае з паведамлення прэс-службы Белага дому, паведамляе dw.com.
З 10 чэрвеня 2019 года ўсе без выключэння тавары з Мексікі будуць абкладацца ў ЗША штрафнымі мытамі ў памеры пяці адсоткаў ад іх кошту. Да 1 кастрычніка гэтыя стаўкі паступова вырастуць да 25 адсоткаў, калі Мексіка не распачне дзейсных мер для зніжэння колькасці нелегальных мігрантаў, якія трапляюць Злучаныя Штаты праз тэрыторыю гэтай лацінаамерыканскай краіны, адзначаецца ў дакуменце.
Калі ж Вашынгтон прыйдзе да высновы, што Мехіка прыкладае эфектыўныя намаганні, «каб перамагчы міграцыйны крызіс», мыты будуць адменены, падкрэсліў кіраўнік Белага дому.
На думку Трампа Мексіка кааперуецца з ЗША толькі «пасіўна» у пытанні перашкодаў пранікнення ў краіну нелегальных мігрантаў. У выніку ў ЗША трапляюць прадстаўнікі злачынных банд, кантрабандысты, гандляры людзьмі і наркотыкамі, заявіў палітык.
Намеснік кіраўніка МЗС Мексікі па справах Паўночнай Амерыкі Хесус Сэадэ назваў планаваныя захады «катастрафічнымі».
«Калі гэтая пагроза будзе выканана, гэта будзе мець выключна сур’ёзныя наступствы», – заявіў мексіканскі дыпламат.
Кіраўнік МЗС адзначыў, што ў такім выпадку Мексіка будзе вымушана прыняць «рашучыя» меры ў адказ.
Паводле памежнай службы паліцыі ЗША, колькасць незаконных перасячэнняў мяжы з боку Мексікі за апошнія месяцы вырасла. З кастрычніка 2018 па красавік 2019 года супрацоўнікі паліцыі затрымалі 530 тысячаў нелегальных мігрантаў. Гэта на 10 тысяч болей, чым за ўвесь папярэдні год, паведамляе dpa.
СК belsat.eu