Жыхарку Ваўкавыску будуць судзіць за каналізацыю, якую пабудаваў завод 25 гадоў назад


У адносінах да шматдзетнай жыхаркі Ваўкавыску Ганны Садоўскай, дом якой хочуць зруйнаваць, распачата адміністратыўная справа.

25 гадоў сям’я Садоўскіх у Ваўкавыску карысталася каналізацыяй, якая была падлучаная да дому, выдадзенага заводам «ВолМет» у 91-м годзе. Сям’я прыватызавала дом у 1994 годзе разам з усімі выгодамі і паслугамі. Аднак 20 траўня Ганне Садоўскай прыйшла позва ў суд, які пагражае жанчыне штрафам ад 20-ці да 50-ці базавых велічынь. Абвінавачваюць Ганну Францаўну ў тым, што яна самавольна падключыла каналізацыю ў ліўнеўку і тым самым забруджвае раку Ваўкавыю.

«Нам рахунак быў выдадзены і мы аплачвалі яго кожны месяц цягам 25-ці гадоў. І тут усплыло. Чаму ўсе гэтыя органы, якія адказваюць за гэтую структуру, раней гэтага не бачылі? Вадаканал выдаваў дазвол, тэхумовы. А цяпер яны мяне абвінавачваюць! Мяне выклікаюць і састаўляюць пратакол», – тлумачыць Ганна Садоўская.

«Не хочаце дом руйнаваць, плаціце за каналізацыю!»

Сама Ганна Францаўна лічыць, што справа адмыслова фабрыкуецца, таму што ўлады хочуць знесці іх дом. Амаль месяц таму «Белсат» публікаваў гісторыю сям’і Садоўскіх. Шматдзетная сям’я жыве па сутнасці трыма сем’ямі (разам з бацькамі жывуць сын з жонкай і дачка з мужам) у трох пакойчыках у доме, які выдаў завод. У 2016 годзе сям’я ўзяла велізарны крэдыт, каб пабудаваць яшчэ адзін дом на тэрыторыі іх уласнага агароду. Як аказалася, праз памылку «Вадаканала», сям’я пабудавала каробку дома на трубе – цэнтральным вадаправодзе Ваўкавыска. Пасля зваротаў у Адміністрацыю прэзідэнта з аблвыканкама прыйшло рашэнне вывесці трубу з-пад участка. Аднак выконваць рашэнне мясцовыя ўлады не спяшаюцца, улічваючы вялікі кошт, у які абыдуцца працы. Замест таго, мясцовыя чыноўнікі спрабуюць зрабіць вінаватымі саміх Садоўскіх.

Аднак, улічваючы, што ў сям’і ёсць усе неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць іх невінаватасць, відавочна, што мясцовыя ўлады вырашылі іншым шляхам «націснуць» на Садоўскіх, лічыць спадарыня Ганна.

«15 сакавіка нас затапляе. Мы ўключылі машынку кіпяціць бялізну і ўсё на дом пайшло. Мы не зразумелі, што такое адбываецца. А напярэдні гэтага я заўважыла, што хадзілі жэкахоўцы. Мы мужа паклікалі, каб ён прабіў каналізацыю, а яно не ідзе. Наадварот, яшчэ болей вады. Фекаліі на дом выбівае. Муж пайшоў паглядзець – забілі каналізацыю нам. Тут субота-нядзеля, не ведаем, што рабіць. У панядзелак пабеглі ў Вадаканал. І тут пачынаецца. Я пішу заяву: на якой падставе мне закрылі каналізацыю? Я плачу паслугі штомесяц. Вадаканал мне дае адказ, што праводзіліся працы і мы заўважылі, што ідуць фекаліі ў каналізацыю. Дырэктар мне піша, нібыта «выпадкова» заўважылі. Хоць у таго ж дырэктара Вадаканала ёсць здымка. Вы ўяўляеце як? Дурака робяць з мяне. Мне Сахацкі яшчэ раней сказаў, што Вы адкажаце яшчэ за тое, што ўвялі каналізацыю ў ліўнёку самавольна. Я кажу: не! Ужо Вы, адкажаце, але не я. У мяне дакументы ёсць, што я ў 91-м засялілася, стала плаціла грошы за каналізацыю, у мяне ёсць дамовы, Вы дом прымалі і Вы давалі тэхумовы на каналізацыю. Тады ён супакоіўся і моўчкі гэта ўсё прайшло. А зараз, ведаючы, што ў мяне ўсе дакументы ёсць, яны спрабуюць нас абвінаваціць, што мы карысталіся каналізацыяй з 15 па 20 красавіка, калі нам яе перакрылі. А хто нас папярэдзіў? Яны моўчкі перакрылі нам ваду, зрабілі амаль патоп і пагражаюць штрафам у 50 базавых!», – са слязьмі на вачах распавядае жанчына.

Ганна Францаўна Садоўская.Горадня 20 мая 2017. Васіль Маўчанаў/Белсат

«Яны, як богі тут – лёсамі людзей варочаюць».

У мінулы раз позву на суд Ганне Садоўскай прыносіў дырэктар па ахове прыроды 15 траўня. Папярэдні суд павінен быў адбыцца 16-га траўня.

«Яны нават не хацелі даць мне часу, каб адваката якога наняць. Разабрацца ў чым справа. Як я магу ім верыць, калі яны ідуць на такую подласць? Вы бачыце, што творыцца ў нашай краіне? Я звяртаюся паўсюды: у аблвыканкам, у пракуратуру. Я пісала ў Адміністрацыю прэзідэнта. Што хочуць, тое і варочаюць! Чаму наш прэзідэнт даў такую ўладу нашым мясцовым чыноўнікам? Яны, як богі тут – лёсамі варочаюць. Чаму так? Як так можа подла хлусіць?! Мала таго, што яны пасадзілі дом на трубу, дык яшчэ фабрыкуюць новую справу. Мне так надакучыла гэта ўсё больш не магу. Таблеткі пачала піць…», – з жалем прызнае жанчына.

Ганна Францаўна Садоўская разглядае дакументы.Горадня 20 мая 2017. Васіль Маўчанаў/Белсат

Суд прызначаны на 22 траўня і як сцвярджае сама жанчына, яна ўжо не ведае, якога ліха яшчэ чакаць. Пры тым, што ёй забаранілі ўзяць на суд знаёмага праваабаронцу, а адваката дазваляюць мець толькі дзяржаўнага.

 

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў