Журналіста Генадзя Барбарыча будуць судзіць за супрацу з «Радыё Рацыя»


Генадзь Барбарыч атрымаў пратакол з міліцыі і позву, паводле якой яго абвінавачваюць у тым, што ён рыхтаваў матэрыял пра справу «БелТА» для «Радыё Рацыя» (Польшча) без акрэдытацыі беларускіх уладаў.

Журналіст распавёў БАЖ, што яго выклікаюць у суд Партызанскага раёну на 16:30 13 снежня.

«Са мною ніхто з супрацоўнікаў міліцыі нават не размаўляў. Пратакол склалі завочна за матэрыял, які тычыцца «справы БелТА». У пратаколе пазначана, што я знаходзіўся каля будынку Следчага камітэту ў Менску, браў інтэрв’ю ў галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай і рыхтаваў матэрыял для «Радыё Рацыя», – распавёў Барбарыч.

Генадзь Барбарыч – вядомы беларускі журналіст. Раней працаваў у інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, газеце «Беларусы і рынак», зʼяўляецца лаўрэатам прэміі імя Дзмітрыя Завадскага.

Беларуская асацыяцыя журналістаў заяўляе аб незаконнасці прыцягнення журналістаў да адказнасці па арт. 22.9 КаАП. Аднак ні шматразовыя абскарджання, ні кампаніі салідарнасці, ні прыцягненне міжнароднай грамадскасці не могуць спыніць пераслед калег. Гэтая праблема была адной з тэмаў сустрэчы старшыні БАЖ Андрэя Бастунца з Прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, якая прайшла ў Вене 10 снежня.

Інфаграфіка
Больш за 90 затрыманняў за 2 гады. Нас б’юць, штрафуюць, за намі сочаць, але мы працягваем
2018.12.10 13:08

СК, belsat.eu

Стужка навінаў