«Замест паходу ў тэатр». Школьнік арганізоўвае лекцыі і канферэнцыі для падлеткаў пра бізнес


Сцяпану Навасельскаму 17 гадоў, ён вучыцца ў 11 класе і разважае над паступленнем у ВНУ. Ужо як год хлопец мае свой бізнес – ён прываблівае кліентаў для розных кампаніяў у інтэрнэце. А яшчэ Сцёпа разам з камандай аднадумцаў ладзіць праект TeenStart – лекцыі і канферэнцыі для падлеткаў пра прадпрымальніцтва, карысныя навыкі і профарынтацыю. Карэспандэнты belsat.eu паразмаўлялі з ім пра жыццё сучасных беларускіх падлеткаў і як сумяшчаць сацыяльныя праекты, школу і падтрыманне бацькоў.

Ад спартовых квэстаў да буйных канферэнцыяў

Усё пачалося з курсаў у IT-школе, дзе Сцяпан вучыўся праграмаваць інтэрфейсы сайтаў. Менавіта там ён даведаўся пра культуру стартапаў і ў яго з’явілася цікаўнасць да лічбавай сферы.

Сцяпан Навасельскі. Ірына Арахоўская / «Белсат»

На гэтай школе ён пазнаёміўся з хлопцамі, з якімі яны патрапілі на хакатон конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend увосень 2018 году. Туды каманда прыйшла ў якасці праграмістаў, але падчас хакатону прыдумалі спартовыя квэсты TeenKach.

– Мы хацелі выцягнуць падлеткаў з-за кампютараў. Нашыя спартовыя квэсты з класнымі падарункамі, напрыклад, шкарпэткамі ад symbal.by, матывавалі падлеткаў выходзіць на вуліцу, – распавядае Сцяпан сёння.

Справка
Social Weekend – гэта самы буйны ў Беларусі конкурс сацыяльных праектаў. Любы жадаючы можа прадставіць сваю ідэю, і на працягу некалькіх месяцаў каманды праектаў дапрацоўваюць свае ідэі. Найлепшыя з іх атрымоўваюць грашовае ці рэсурснае падтрыманне.

Ідэя спартовых квэстаў для падлеткаў спадабалася журы, і ў выніку яны атрымалі грашовае падтрыманне ад бізнесмена Валерыя Астрынскага. Дзецюкі правялі пяць квэстаў у Менску і адзін у Маладзечне, але праз некаторы час каманда распалася.

Hавiны
«Бананавы фургон», які збірае непатрэбныя рэчы. Як прайшоў першы месяц працы новага дабрачыннага сэрвісу?
2018.12.18 15:17

Ад TeenKach да TeenStart

– Зараз у Беларусі шмат актыўных падлеткаў, але не заўсёды ў іх ёсць магчымасць асабіста пагаварыць з нейкім чалавекам. Так і паўстаў TeenStart, – кажа Сцяпан.

Напачатку TeenStart быў выключна адукацыйнай канферэнцыяй для падлеткаў пра прадпрымальніцтва. Першая імпрэза прайшла ў траўні і сабрала 120 чалавек. Пасля каманда вырашыла згуртоўваць вакол сябе супольнасць. Для гэтага яны 2-3 разы на месяц праводзяць лекцыі. Маладыя прафесіяналы распавядаюць пра свой досвед у розных тэмах: краудфандынгу, бізнесу, ці дапамагаюць наведнікам практыкаваць ангельскую мову.

Сцяпан нефармальны лідар, які займаецца ўсім пакрыху. Ірына Арахоўская / «Белсат»

Як фармуюцца тэмы для сустрэчаў? Па-першае, каманда праекту складаецца з падлеткаў і яна арыентуюцца на свае інтарэсы. Па-другое, каманда праводзіць апытанні ў сацыяльных сетках. Па-трэцяе, яны шмат размаўляюць з людзьмі на імпрэзах і цікавяцца, што ім спадабалася і пра што было бы цікава паслухаць.

Спікераў шукаюць праз Facebook. Дарэчы, узрост удзельнікаў каманды нікога не засмучае. Наадварот, Сцяпан кажа, што часта гэта становіцца іх перавагай.

– Часам у суразмоўцаў ёсць скептыцызм. Маўляў, калі падлеткі, значыць, нешта несурёзнае. Але дарослыя часта вельмі ўражаныя, што ёсць падлеткі, якім цікава рабіць праекты. Таму ім лягчэй прасунуць нашыя прапановы. Мы заўважныя сярод натоўпу.

TeenStart вырашае сацыяльныя задачы, але пры гэтым намагаецца стаць прыбытковым. Першасны капітал на арганізацыю першай канферэнцыі ў каманды застаўся яшчэ з часоў TeenKach. Іх хапіла, каб арэндаваць пляцоўку і пакрыць выдаткі на прамоцыю. Таксама дапамагаюць партнёры – кампаніі, якія працуюць з падлеткамі. Напрыклад, школы падрыхтоўкі да ЦТ.

– Яны могуць падарыць нам 300 блакнотаў. Ім – рэклама сярод сваёй мэтавай аўдыторыі. Нам – дадатковыя сродкі ў бюджэт, – раскрывае сакрэты Сцяпан.

Квіткі на імпрэзы TeenStart платныя. Лекцыя каштуе 3 рублі, а канферэнцыя 19- 35 рублёў. Гэта невялікая сума, але яна дазваляе арганізатарам ня толькі пакрыць усе выдаткі, але і выйсці ў невялікі плюс. Сцяпан кажа, што зарабляць на арганізацыі канферэнцый складана і для яго гэта пакуль што магчымасць атрымаць практычны досвед.

«Большасць дазнаецца пра нас праз «Вконтакте»»

У камандзе TeenStart 9 чалавек. Частка – сябры і знаёмыя Сцяпана, кагосьці набралі праз абвесткі ў сацыяльныя сеткі. Сферы адказнасці ў камандзе падзеленыя паміж сабой, кожны займаецца толькі тым, чым яму цікава. Для іх гэта магчымасць адпрацаваць свае веды на практыцы.

Сцяпан плануе стаць прадпрымальнікам. Ірына Арахоўская / «Белсат»

Сцяпан зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, таму канферэнцыя ладзіцца ад ягонай юрыдычнай асобы – гэта дазваляе легальна прадаваць квіткі і арэндаваць пляцоўку.

У асноўным на канферэнцыю прыходзяць навучэнцы з 8 па 11 клас, трапляюцца і першакурснікі. Часам прыходзяць з бацькамі. Яны цікавяцца стартапамі, прадпрымальніцтвам. Або выбіраюць прафесію ці хочуць атрымаць актуальныя веды, пазнаёміцца з равеснікамі.

Hавiны
Віктар Пракапеня: у Беларусі можа з’явіцца новы міністр адукацыі
2019.10.14 19:38

На канферэнцыю прыязджаюць нават з іншых гарадоў. На бліжэйшую збіраюцца прыехаць нават група школьнікаў з Дзяржынску.

– Іх настаўніца дзесьці пабачыла абвестку, загарэлася і вырашыла прывезці навучэнцаў на нашую канферэнцыю замест паходу ў тэатр.

«Бацькі заўсёды ведалі, чым я займаюся»

Сцяпан – старэйшы ў сям’і, у яго ёсць яшчэ дзве малодшыя сястры. Тата займаецца бізнесам, а матуля сочыць за хатняй гаспадаркай. Тата працуе ў абсалютна іншай галіне, але ён дапамагае сыну разбірацца з паперамі, напрыклад, кансультуе па падатковай дэкларацыі. Па вядзенні бізнесу парадаў не дае. Уся дапамога – з курсаў, уласнага досведу.

– Калі я хацеў адкрыць ІП, бацькі напэўна падумалі спачатку: «Навошта гэта табе трэба?». Але потым дапамаглі і схадзілі са мной у Менгарвыканкам.

Часам кансультуюць спікеры з імпрэзаў. Так, улетку заснавальніца праекту MolaMola Віёла Якіменка падказвала, як можна палепшыць маркетынг у TeenStart.

«Зараз моладзь хоча быць блогерамі»

– Падлеткі зараз больш зацікаўленыя ў сваёй будучыні, – кажа Сцяпан. – Можна выбіраць розныя кірункі: сёння неабавязкова ісці на завод. Шмат хто мае ўласныя ідэі, таму яны шукаюць партнёрства. Хочуць быць блогерамі, маркетолагамі, прадпрымальнікамі – гэта зараз на «хайпе».

Сам жа Сцяпан плануе стаць прадпрымальнікам. Магчыма ён папрацуе ў нейкай кампаніі для атрымання досведу і сувязяў. Будзе паступаць у беларускі ўніверсітэт. Кажа, што раней шмат вагаўся і думаў на гэты конт. Але вырашыў усё ж павучыцца ў Беларусі. З ВНУ і факультэтам яшчэ не вызначыўся.

– Адукацыя там можа і лепш. Але там усё інакш уладкавана, іншы менталітэт. Я не бачу сябе за мяжой.

Паводле Сцяпана, большасць ягоных знаёмых цікавяцца стартапамі, тэхналогіямі, маркетынгам.

– Канешне, ёсць і тыя, хто ходзіць на тусоўкі, паляць папяросы і п’юць алкаголь. Не ўсё так сурёзна, моладзь не памянялася, – смяецца ён.

Ксенія Тарасевіч, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў