Януш Вішнеўскі беларусам: «Калі не будзеце вучыцца – станеце палітыкамі!»


15 чэрвеня ў Карэтным дворыку, на літаратурнай пляцоўцы ў межах фестывалю «Дзень Польшчы» пры падтрыманні Польскага Інстытуту і Амбасады Рэспублікі Польшча ў Менску прайшла сустрэча-размова са знакамітым польскім пісьменнікам і навукоўцам Янушам Леонам Вішнеўскім. Літаратарка і журналістка «Белсату» Валярына Кустава пагутарыла з панам Вішнеўскім пра каханне, жанчын, секс, навуку, псіхалогію, сям’ю, Радзіму і, вядома ж, творчасць.

Справка
Януш Леон Вішнеўскі (польск. Janusz Leon Wiśniewski) – знакаміты польскі пісьменнік і навукоўца. Нарадзіўся ў Торуні. Яго дэбютны раман «Адзінота ў сеціве» тры гады не знікаў са спісаў бестселераў, быў перакладзены амаль на ўсе асноўныя мовы свету і прынёс аўтару шырокую вядомасць. Януш Вішнеўскі піша, сярод іншага, пра каханне, здраду, вернасць, адзіноту, смерць, амбіцыі і незлічоную колькасць іншых эмоцый, якія суправаджаюць кожнага з нас у штодзённым жыцці.

Нягледзячы на спякотнае надворʼе ўвесь пляц пры гатэлі «Манастырскі» у Верхнім горадзе быў запоўнены людзьмі: на сустрэчу са знаным аўтарам завіталі бацькі з дзеткамі, моладзь, людзі сталага і шаноўнага веку. Сустрэча доўжылася дзве гадзіны, а чарга з жадаючых узяць аўтограф і сфатаграфавацца склала больш за сотню чалавек. Гэта трэці візіт пісьменніка ў Беларусь.

 

Фота: ВС belsat.eu

«Я б хацеў, каб новая кніга выйшла ў Беларусі раней, чым у Расеі»

– Вашыя творы перакладзеныя на некалькі дзясяткаў моваў свету, але ці не было ідэі выдання кнігі ў беларускім перакладзе?

– Акурат учора я дамовіўся з выдавецтвам «Янушкевіч», што працяг маёй кнігі «Адзінота ў Сеціве» мусіць з’явіцца па-беларуску. У выданні размова будзе ісці ад імя ўзмужнелага і падгадаванага сына галоўнай гераіні. Кніга не будзе называецца «Адзінота ў Сеціве – 2», як многія думаюць, а хутчэй за ўсё – «Перамяшчэнне спектра». Гэта цікавая назва і блізкая мне і як хіміку, і як літаратару. Агулам я напісаў шмат кніг і пасля «Адзіноты…», але яна як татуіроўка ў мяне на ілбе, – усе цікавіцца перадусім ёй.

Фота: ВС belsat.eu

– Я б хацеў, каб гэтая кніга выйшла ў Беларусі раней, чым у Расеі. І, магчыма, нават раней, чым у Польшчы. Гэта будзе ўнікальная падзея – і для вас, беларусаў, і для мяне. І выдавецтву гэта будзе вельмі выгодна. Самае галоўнае для народа – гэта сцяг, гімн, мова і агульны вораг. Агульнага ворага, здаецца, вы ўжо маеце… Я буду шчаслівы, калі беларусы змогуць прачытаць маю кнігу на сваёй мове. Магчыма, гэта надасць ёй болей значнасці таксама.

Фота: ВС belsat.eu

«Мужчынам варта жаніцца пасля 40 гадоў»

– 70 % вашых чытачоў – жанчыны, што можна заўважыць і па наведніцах вашых аўтарскіх сустрэчаў, як сёння. А калі чытаеш вашыя кнігі, дзіву даешся, наколькі добра вы разумееце жаночую псіхалогію… Як у вас гэта атрымліваецца?

– У мяне няма з сабой дакументу, які б гэта пацвярджаў, але, паверце, узровень майго тэстастэрону ў норме. Але напраўду мае героі-мужчыны – эмацыйныя. Ствараецца ўражанне, што яны выдатна разумеюць жанчын. Насамрэч, усе тут прысутныя мужчыны разумеюць жанчын, але не ўсе могуць гэта паказаць. Я вучыўся ў марской вучэльні, калі быў падлеткам. Там практычна не было жанчын. А калі чагосьці няма, пачынаеш гэта ідэалізаваць, спрабаваць уявіць, зразумець. Мне бачылася, што жанчыны надзвычай адчувальныя стварэнні, як з іншай планеты. І мяне ўжо тады пачала цікавіць жаночая псіхалогія. А потым я перачытаў, бадай, усе кнігі на даступных мне мовах па жаночай псіхалогіі… Мо таму жанчыны і займаюць такое месца ў маіх творах. Але калі я іх разумею, гэта не значыць, што я паводжу сябе не як мужчына.

Фота: ВС belsat.eu

– Дарэчы, а як вы ставіцеся за здрады?

– Лічу, што здрада фізічная – гэта не так страшна. Калі жанчына мне скажа, што гэта было аднаразова, выпадкова – гэта не прычына спыняць стасункі. Свая жанчына – гэта тая, якой першай хоча паведаміць навіны, што з табой здарылася, падзяліцца з ёй, а ўжо потым з кімсьці яшчэ. Здрада пачынаецца не ў ложку, а ў галаве ў першую чаргу.

А ўвогуле мне здаецца, што па маладосці не разумееш, якая жанчына табе патрэбна. Таму мужчынам варта жаніцца пасля 40 гадоў. Я вось ужо, напрыклад, ведаю, што мне перадусім падабаюцца разумныя жанчыны, з якімі ёсць пра што пагаварыць. А колер валасоў, фігура – не маюць значэння.

– Ток бок для вас формула шчаслівых дачыненняў застаецца такой, як і раней: 90% – цікавыя размовы, 10% – секс?

– Менавіта, так і ёсць.

Фота: ВС belsat.eu

«Думаю, гэта маё апошняе каханне. Але я кожны раз так думаў…»

– Вы доктар інфарматыкі і хіміі, то бок чалавек навукі, лічбаў, рацыі. А пішаце пра пачуцці. Вы выкарыстоўваеце нейкія канкрэтныя схемы і формулы, каб выяўляць пачуцці? Як ужываюцца гэтыя два светы ў вас?

– Так, гэтыя два светы існуюць. Але пачуцці, прынамсі каханне, маюць вельмі канкрэтныя адпаведныя хімічныя працэсы ў арганізме, паводле якіх можна яго выявіць. Кажу вам як хімік. Эфект, які мае на арганізм і ўспрыняцце чалавека каханне, блізкі да наркатычнага апʼянення. І гэта даказаны факт.

Фота: ВС belsat.eu

– І як закахацца з гэтым разуменнем?

– Калі закаханы, то не думаю пра гэта, хаця і ведаю, як працуе.

– Чытала, што вы лічыце апошняе каханне куды важней за першае. Цяпер у вас апошняе каханне?

– Думаю, што гэта маё апошняе каханне… Але я кожны раз так думаў… (Смяецца). Адна з прычын таго, што я вярнуўся з Франкфурта-на-Майне, дзе працаваў 32 гады, у Польшчу, у Гданьск, ёсць акурат тое, што мая каханая там жыве. Яна амбітная настаўніца польскай мовы і літаратуры – і ў Нямеччыне не магла б рэалізоўвацца, таму пераехаў я… Але ў мяне засталіся яшчэ справы, праекты, якія мушу паціху перадаць у спадчыну, таму жыву пакуль паміж двума гарадамі.

Фота: ВС belsat.eu

«Раней я абіраў працу – і таму страціў сям’ю»

– Якія яшчэ прычыны вашага вяртання? Некаторыя вяртаюцца на Радзіму ў паважаным узросце – дажываць, паміраць, быць поруч з роднымі магіламі, пажыць так, як дзяды, як яны б хацелі… А што для вас Радзіма, куды вяртаецеся вы? На якой мове вам сняцца сны?

– Ёсць вялікая Радзіма. Для мяне гэта Польшча. Хаця, можна сказаць, асноўную частку жыцця я пражыў у Нямеччыне. Я заўжды адчуваў сябе палякам. Ёсць малая радзіма – гэта твой горад, мястэчка, дзе нарадзіўся. А ёсць яшчэ меншая, зусім маленькая радзіма. Гэта твой раён, тая крамка, куды ты ходзіш набываць штодня – і прадавачка пазнае цябе і працягвае тое, што хочаш, нават да таго, як прамовіш пра тое. Гэта ўсё вельмі кранальна. А сны мне сняцца ўжо на розных мовах. Але перадусім, канечне, на сваёй.

Фота: ВС belsat.eu

– І навука, і творчасць, і сям’я займаюць вельмі шмат часу. Як сумяшчаеце? Калі б давялося абіраць, што б вы абралі за галоўнае?

– Навука – мая жонка, а літаратура – каханка. Як правіла, жонка не ведае пра каханку… Ну, разумееце. Раней для мяне заўжды навука была перадусім. Калі былі нейкія багі ў праграмах і праектах, якімі займаўся, то я адкладаў усё астатняе. Мяне гэта забірала, не заставалася сілы нават творчасць. Бо творчасць для мяне больш хобі, я займаюся ёй пасля працы. І на гэта таксама трэба сілы. Раней я абіраў працу – і таму страціў сямʼю. З дзецьмі ў мяне выдатныя стасункі, а з жонкай развёўся. Але цяпер я больш разумны. Цяпер замест праекту я б абраў чытаць перад сном казку сваёй дачцэ…

Фота: ВС belsat.eu

Вучыць замежныя мовы, падарожнічаць і верыць у сябе

– Калі казаць пра кінатворчасць і папулярнасць. Ці спадабалася вам экранізацыя кнігі «Адзінота ў Сеціве»? Вы ж самі ў фільме сыгралі…

– Так, сыграў, але гэта была маленькая роля. І я да канца не бачыў канчаткова варыянта. Я думаю, гэта шчыра кепскі фільм. Там добры бюджэт, добрыя акторы, добрыя камеры. Але рэжысёр не быў закаханы – таму ў яго не атрымалася паказаць атмасферу рамантыкі і інтымнасці нават у сцэнах у Парыжы. І, ведаеце, рэжысёр не пакінуў свайго емэйла – таму ўсе негатыўныя водгукі прыходзілі на маю пошту. Таму я ведаю, што пра гэты фільм ведаюць 80 % адсоткаў палякаў – і яны не лічаць яго добрым. І я не лічу.

Фота: ВС belsat.eu

– Якую параду вы маглі б даць сабе 20-гадоваму?

– Я б усё моладзі параіў бы перадусім вучыць замежныя мовы, каб быць свабодным у сваім выбары. У тым ліку – мець магчымасць абіраць краіну, дзе хочаш жыць. Таксама вельмі важна верыць у сябе! Шмат падарожнічаць, бо ўражанні і перажыванні ў часе падарожжаў – гэта тое, што аніхто не зможа ў вас забраць. Важна атрымліваць веды ў маладосці.

– То бок самае важнае для моладзі – гэта добрая адукацыя?

– Ведаеце, калі я быў хлопчыкам, падлеткам, я не хацеў вучыцца, я хацеў гуляць у футбол у двары. Але мой бацька, які чатыры гады правёў і канцэнтрацыйным лагеры і ведаў жыццё, казаў мне: «Сынку, калі не будзеш вучыцца – будзеш палітыкам!» (Смяецца) І я гэтага вельмі баяўся і вучыўся. Таму вучыцеся, бо калі не будзеце – станеце самі ведаеце кім.

Валярына Кустава, аўтар фота ВС belsat.eu

Стужка навінаў