Як сёння жыве Бабруйск – горад, які наведаў Лукашэнка і дзе ўлады хаваюць колькасць хворых на COVID-19?


Бабруйск – самы вялікі раённы цэнтр Беларусі (212 тыс. жыхароў). Тут працуе фабрыка, якая ўжо пашыла 6 млн масак. На тое, як іх шыюць, прыязджаў глядзець сам Лукашэнка. А яшчэ тут жыхарам не кажуць, колькі ў горадзе выпадкаў каронавіруса. Belsat.eu паразмаўляў з бабруйцамі пра жыццё ва ўмовах пандэміі.

«Лукашэнка прыехаў і паехаў. Яму тут не жыць»

Да прыезду кіраўніка Беларусі 21 красавіка ў Бабруйску рыхтаваліся тыдзень. Мясцовыя жыхары не ведалі, які важны госць да іх збіраецца, але заўважылі, як раптоўна пачалі наводзіць «прыгажосць» у цэнтры гораду, як раз вакол швейнай фабрыкі «Славянка», якая і была мэтай візіту высокапастаўленай дэлегацыі.

Так, насупраць фабрыкі шмат гадоў стаяў закінутым будынак былой кавярні «Сняжынка» – некалі культавага месца для мясцовых жыхароў. Бабруйцы, старэйшыя за 40 гадоў, з цеплынёй узгадваюць кавярню як адзінае месца ў горадзе, куды на пачатку 90-х можна было схадзіць з сям’ёй і з’есці смачнага марозіва. Пра планы пабудаваць на месцы «Сняжынкі» новую кавярню размовы хадзілі не адзін год, але стары будынак працягваў стаяць некранутым. Аж да мінулага тыдня, калі яго за дзень знеслі і там жа закапалі.

Знос кавярні «Сняжынка» насупраць «Славянкі».
Фота: Belsat.eu

Вакол «Славянкі» з’явіліся «пацёмкінскія вёскі» – у старым будынку, які цяпер на рэканструкцыі, раптам паставілі дзверы і вокны – з паперы. Ну і канешне, фарбавалі і мылі саму «Славянку».

Дом з папяровымі вокнамі – падрыхтоўка да прыезду Лукашэнкі.
Фота: Belsat.eu

Лукашэнка прабыў на фабрыцы менш за паўдні і паехаў. А мы запыталіся ў працаўнікоў, ці пабачылі яны кіраўніка краіны і ці змаглі задаць яму хвалюючыя пытанні.

«Наш цэх увогуле не павялі на сустрэчу, бо ён быў у іншым будынку, з лепшым рамонтам», – распавяла швачка Надзея, якая некалі ўжо дзялілася з намі тым, як працуецца ва ўмовах пандэміі.

Дом з папяровымі вокнамі – падрыхтоўка да прыезду Лукашэнкі.
Фота: Belsat.eu

«Ну быццам вы не ведаеце, што ён можа сказаць, – сказала працаўніца, якая выходзіла з фабрыкі пасля змены. – Што ўсё добра, сказаў. Пахваліў».

«Ды ну, – адмахнулася яшчэ адна жанчына ў адказ на нашае пытанне пра ўражанні ад візіту Лукашэнкі. – Што той Лукашэнка? Прыехаў і паехаў. Яму тут не жыць».

Hавiны
«Мусім ахвяраваць святам, каб ратаваць краіну». Бабруйская «Славянка» шые мільён масак
2020.03.06 19:19

Швачкі казалі, што з лютага яны цяжка працуюць, у тым ліку, па выходных. Штосодні адшываюць каля 200 тысяч масак. Цяпер і ахоўныя халаты для лекараў пачалі вырабляць.

Як паведамляе афіцыйны сайт «Славянкі», 9 сакавіка прадпрыемства атрымала загад ад Міністэрства аховы здароўя пашыць дзесяць мільёнаў масак. На 15 красавіка выраблена шэсць мільёнаў ахоўных павязак.

Як закапалі будынак былой кавярні «Сняжынка» насупраць «Славянкі».
Фота: Belsat.eu

Чыноўнікі: пішыце запыт, шукайце інфармацыю на сайце Мінздароўя

Ад «Славянкі» ідзем далей у горад размаўляць з бабруйцамі.

«А вы думаеце, хоць некаму там далі б слова сказаць? – адказаў пытаннем на пытанне пра тое, што хацелася б сказаць Лукашэнку, жыхар Бабруйску Віктар. – Няхай бы распавёў, што ў нас з тым каронавірусам робіцца, бо шпіталі запоўненыя, а дзяцей у школу пагналі».

Віктар не адзіны з бабруйцаў, хто хацеў бы ведаць пра эпідэміялагічную абстаноўку ў горадзе. Інфармацыю пра колькасць захварэўшых на COVID-19 мясцовыя ўлады не даюць з 10 красавіка. Тады бабруйскі аператыўны штаб па супрацьдзеянні распаўсюду інфекцыі паведамляў пра 15 чалавек з каронавірусам. Актуальную інфармацыю немагчыма знайсці ні на мясцовых сайтах, ні наўпрост у чыноўнікаў.

Касір працуе з ахоўным экранам.
Фота: Belsat.eu

«Звяртайцеся ў выканкам. Мы перадаем інфармацыю туды, а яны ўжо агучваюць лічбы», – сказалі ў прыёмнай галоўнага лекара Бабруйскай цэнтральнай больніцы.

«Уся інфармацыя на сайце Міністэрства аховы здароўя. Да пабачэння», – так лаканічна адказвае на пытанне намесніца старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Вікторыя Амялюсік.

Галоўны лекар Бабруйскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Дзмітрый Лайтэр прапануе журналістам пісаць афіцыйны запыт, калі яны хочуць атрымаць інфармацыю.

Тым часам сярод бабруйцаў множацца чуткі, пацвердзіць ці абвергнуць якія няма ніякай магчымасці.

Фота: Belsat.eu

Бабруйскія лекары: казаць баяцца, жывуць асобна ад сем’яў

Мы паспрабавалі знайсці лекараў, якія б распавялі няхай не лічбы, але што цяпер адбываецца ў лякарнях. І сутыкнуліся са страхам нешта казаць журналістам.

«Магу толькі сказаць, што траўматалогія, хірургія, аперблокі перавялі ў Марзонаўку», – распавяла ананімная крыніца з Бабруйскай цэнтральнай лякарні.

Марзонаўкай завуць лякарню хуткай дапамогі ім. У. Марзона, якая знаходзіцца ў цэнтры гораду. А ў інфекцыйнай лякарні, якая адносіцца да цэнтральнай, яшчэ на пачатку эпідэміі ў Беларусі рыхтавалі 120 ложкаў для хворых на каронавірус.

Яшчэ адзін лекар, які таксама не хоча называцца, кажа, што яны самі ў большасці хацелі б ведаць, што адбываецца, бо і ім не кажуць пра рэальны стан рэчаў. Сам ён нават папрасіў жонку і дзяцей пакуль пажыць асобна, у бацькоў, «каб не прынесці ім заразу з працы».

Фота: Belsat.eu

Іншая крыніца кажа, што сітуацыя цяжкая, але не настолькі катастрафічная, каб панікаваць.

У той час як дактары маўчаць, мясцовыя валанцёры вось ужо цягам двух тыдняў дапамагаюць ім у межах кампаніі ByCovid-19. Што часам таксама вельмі няпроста – зазначаюць некаторыя з удзельнікаў ініцыятывы, бо лекары недзе баяцца прымаць дапамогу, адмаўляюцца, недзе перашкаджае бюракратыя.

Своеасаблівым асяродкам кампаніі ByCovid у Бабруйску стаў мясцовы тайм-клуб «1387», які на час пандэміі спыніў свае традыцыйныя актыўнасці. Пад каардынацыяй гаспадыні тайм-клубу Наталлі Халанскай валанцёры збіраюць ахоўныя пластыкавыя экраны для лекараў, развозяць іх па лякарнях. Цяпер будуць спрабаваць шыць ахоўныя касцюмы, кажа Наталля.

Зборка ахоўных экранаў для лекараў у тайм-клубе «1387».
Фота: Belsat.eu

«Гэта вельмі пужае – калі не ведаеш, ці бяспечна жыць у родным горадзе»

У Бабруйск вязуць хворых з суседніх раёнаў. Вядома, што цяпер у бабруйскай лякарні ляжыць санітарка з Глускага дома-інтэрната з пацверджаным каронавірусам. Яшчэ пра два выпадкі ўжо ў Бабруйску распавялі мясцовыя жыхары.

Слесар з заводу Трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіл кажа, што на мінулым тыдні ў працаўніка ў адным з цэхаў знайшлі вірус. Кантакты першага ўзроўню цяпер на самаізаляцыі.

Супрацоўніца ТАА «Мадэрам-Захад» Галіна распавяла, што тыдзень таму адна з супрацоўніц трапіла ў лякарню з пнеўманіяй, аналіз на каронавірус прыйшоў станоўчы. Некалькіх чалавек, што з ёй кантактавалі, адразу адправілі на самаізаляцыю, узялі аналізы. Вынік дагэтуль невядомы, кажа Галіна.

Гэты выпадак пацвердзіў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Лебядзінскі. Ён распавёў, што былі прынятыя ўсе неабходныя меры, памяшканні прадэзынфікавалі, працаўнікі забяспечаныя маскамі, пальчаткамі, антысептыкамі.

Галіна ж кажа, што ў працаўнікоў шмат пытанняў да тых, каго адправілі па хатах на самаізаляцыю. Маўляў, з хворай кантактавалі наладчыкі, электрык, але іх пакінулі працаваць. Таксама кажа, што за апошні тыдзень шмат людзей сышлі на бальнічны.

Зборка ахоўных экранаў для лекараў у тайм-клубе «1387».
Фота: Belsat.eu

Нам распавялі і пра смерці ад пнеўманіі ў Бабруйску, але праверыць гэтыя звесткі і ці звязаныя яны з каронавірусам, пакуль не атрымалася. У адкрытым доступе няма інфармацыі пра тое, колькі чалавек у горадзе патрабуе ШВЛ і ці былі смяротныя выпадкі.

«Гэта ўсё насамрэч пужае, калі не ведаеш, ці бяспечна жыць у родным горадзе, – кажа Кацярына, якая ўжо тры тыдні разам з двума малымі дзецьмі сядзіць удома на добраахвотнай самаізаляцыі. – Я выходжу толькі ў краму, калі ўжо вельмі неабходна. Мы нават на шпацыр не выходзім з дзецьмі. Старэйшага ў школу не павяду, пакуль гэта ўсё не скончыцца, пакуль нам не скажуць праўду. Муж працуе ў іншым горадзе, таксама да нас не прыязджае цяпер, каб не прывезці вірус. Я насамрэч баюся».

НА, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў