Выратавальнікі рыхтуюцца да веснавой паводкі і разліваў рэк


Небяспека затаплення існуе ў 13 раёнах краіны, з гэтай нагоды адпаведныя службы ўжо цяпер праводзяць вялікі комплекс працаў па падрыхтоўцы да магчымай паводкі. Намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў правёў пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў.

«Мы пралічылі, што небяспека паводкі існуе ў 13 раёнах краіны. Там гэтыя пытанні пастаўленыя на асаблівы кантроль. І будуць прыняты меры, каб мінімізаваць наступствы паводкі», – сказаў віцэ-прэмʼер Уладзімір Кухараў.

Сёння кліматычныя ўмовы блізкія да нормы, паведамляе прэсавая служба Саўміну. Зыходзячы з досведу мінулых гадоў, выпрацаваны стандартныя захады па пераадоленні наступстваў непагадзі. Усе органы дзяржаўнага кіравання, мясцовыя органы ўлады яшчэ восенню пачалі падрыхтоўку да гэтых пытанняў: вызначаны месцы размяшчэння людзей, калі спатрэбіцца іх эвакуацыя, у паводканебяспечных раёнах падрыхтаваны запасы будаўнічых матэрыялаў, медыкаментаў, правераны гідратэхнічныя збудаванні.

Намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтру па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Кузьміч распавяла аб нюансах бягучай абстаноўкі.

Аналіз гідраметэаралагічных умоваў дазваляе прагназаваць на час вясновай паводкі значэнні максімальных узроўняў вады. Вышыня паводкі будзе залежаць ад працягласці зімовага перыяду і сумарнай колькасці ападкаў у сакавіку-красавіку.

Першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў нагадаў, што апошняя маштабная паводка на тэрыторыі краіны была ў 2013 годзе. Сёлета прагноз спрыяльны.

«На сёння па максімальна негатыўнаму сцэнары найбольш верагодныя падтаплення ў 13 раёнах краіны. У Віцебскай вобласці – гэта Лёзненскі і Сенненскі раёны. У Гомельскай – Жыткавіцкі, Мазырскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі. У Менскай – Барысаўскі, Пухавіцкі і Стаўбцоўскі. У Магілёўскай – Бабруйскі, Бялыніцкі, Мсціслаўскі, Чэрыкаўскі. Аднак гэта папярэдняя ацэнка і стаіць задача апярэдзіць сітуацыю», – падкрэсліў Аляксандр Худалееў.

Hавiны
«Не ўлічылі лясных пажараў і паводак» – у літоўцаў больш за 100 заўвагаў да БелАЭС
2018.01.16 11:31

СК, belsat.eu

Стужка навінаў