Наймалодшы з украінскіх маракоў, якія трапілі ў палон у выніку атакі РФ у Керчанскім праліве, 19-гадовы Андрэй Эйдэр, напісаў ліст з маскоўскага СІЗА Ляфортава.
Копію ліста на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала журналістка тэлеканалу UATV Таісія Турчын.
Вядома, што Эйдэр атрымаў раненне падчас нападу расейскіх памежнікаў на ўкраінскія караблі і перанёс аперацыю.
«Мару, каб гэта (вяртанне дадому, – заўвага) адбылося хаця б да канца студзеня, але мне здаецца, гэтай мары не наканавана спраўдзіцца… Я не ведаю, наколькі гэта ўсё зацягнецца – паўгода, год… Спадзяюся на больш хуткае палітрашэнне, пакуль часу прайшло адносна няшмат…. Не хочацца, каб пра гэта забываліся, бо 24 чалавекі сядзяць проста так у СІЗА іншай краіны… Усе гэтыя людзі – вайскоўцы, яны служаць народу Украіны», – піша марак.
У лісце ён таксама распавёў пра стан свайго здароўя і ўмовы знаходжання ў СІЗА. Свой зварот ён завяршыў просьбай «Вярніце нас дадому».
***
Нагадаем, 24 украінскія маракі трапілі ў палон пасля захопу суднаў расейскімі памежнікамі. 25 лістапада тры караблі ваенна-марскога флоту Украіны (браніраваныя катары «Нікапаль» і «Бярдзянск», а таксама рэйдавы буксір «Яны Капу») планавалі зрабіць пераход з Адэсы ў Марыупаль. Хаця Азоўскае мора і Керчанская пратока з’яўляюцца ўнутранымі водамі Украіны і Расеі, дзе гандлёвыя і ваенныя караблі карыстаюцца свабодаю суднаходства, расейскі бок не прапусціў украінскія караблі. Расейцы абвінавацілі ўкраінцаў у парушэнні дзяржаўнай мяжы і «небяспечным манеўраванні». Пагранічны катар аховы «Дон» наўмысна пратараніў «Яна Капу», а ўваход у Керчанскую пратоку быў фізічна заблакаваны сухагрузамі.
КА, belsat.eu