Віктар Пракапеня: IT-сектар дае больш ВУП Беларусі, чым уся прамысловасць


Падчас Кастрычніцкага эканамічнага форума ў Менску эксперты пагадзіліся з тым, што IT-сфера ў Беларусі дэманструе выдатные вынікі, але разышліся ў поглядах на перспектывы развіцця гэтай галіны эканомікі.

Заснавальнік VP Capital, IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня заявіў, што ў бізнесу і ўлады ёсць агульнае бачанне развіцця IT-сферы. Цяпер гэтая галіна эканомікі дэманструе рост у 40% і мае вялікі патэнцыял для далейшага росту. Вялікія заробкі айцішнікаў у сваю чаргу таксама ўскосна стымуляюць ВУП за кошт вялікіх асабістых выдаткаў.

«Ужо цяпер IT-сектар дае больш ВУП, чым усё міністэрства прымысловасці. Патэнцыял гэтай сферы вялізарны», – падкрэсліў Пракапеня.

Дзяніс Філазафовіч. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Дырэктар па лічбавай трансфармацыі А1 Telecom Austria Group Дзяніс Філазафовіч больш стрымана ацэньвае перспектывы IT-сектара ў Беларусі. Паводле яго, станоўчая дынаміка ў дадзены момант шмат у чым тлумачыцца нізкай стартавай базы галіны.

«Безумоўна, дасягнення выдатныя, IT-сфера зрабіла вялізарны рывок. Аднак доўга гэта працягвацца не можа, існуе шэраг істотных абмежаванняў. Я не бачу даўгатэрміновых фактараў павялічэння росту», – адзначыў ён.

Удзельнікі форуму запыталі ў Пракапені, ці эмігруюць IT-прадпрымальнікі ў выпадку чарговага палітычнага «пахаладання» ў Беларусі. Бізнесовец адзначыў, што ўсе айцішнікі ўсё роўна не з’едуць.

«Быў час калі тут «халадала», але не многія з’ехалі. Таму я не ведаю, што мусіць адбыцца ў краіне, каб з’ехалі ўсе», – дадаў ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў