Вегетарыянства, уласныя кубкі і закупы на Камароўцы. Гісторыі беларусак, якія пачалі новыя харчовыя звычкі


Ілюстрацыйны здымак. Фота Mikel Bilbao / Vwpics / Zuma Press / Forum

Экалогія і ежа шчыльна звязаныя міжсобку. Каб дапамагчы ахвотным змяніць свой лад жыцця, экаактывісты з Цэнтру экалагічных рашэнняў запусцілі чэлендж #7ДзёнДляЕжы. «Белсат» паразмаўляў з некаторымі яго ўдзельнікамі пра вегетарыянства, сартаванне смецця і новыя правілы для ўсёй сям’і.

Эльвіра Каралёва: як падключыць да чэленджу ўсю сям’ю

Эльвіра вырашыла ўзяць удзел у чэленджы, як толькі ўбачыла абвестку аб ім у сацыяльных сетках. Яна ўжо даўно назірае, як ува ўсім свеце ідзе тэндэнцыя да здаровага харчавання, экалагічнага ладу жыцця ды імкненне да канцэпцыі «нуль адкідаў». Прызнаецца, што ўдзел у чэленджы стаў для яе новым і карысным досведам.

«У тэме экалогіі ты не можаш абыходзіцца нейкімі абмежаванымі ведамі, бо пастаянна робяцца даследаванні, прыходзяць навіны, з’яўляюцца навінкі».

Hавiны
У беларускіх кавярнях забаранілі выкарыстоўваць аднаразовы пластыкавы посуд
2019.11.28 20:08

Удзельнікі чэленджу камунікавалі міжсобку ў адмысловым чаце «Telegram». Там Эльвіра зразумела, што хоча паспрабаваць жыццё ў стылі zero-waste. У яе двое дзяцей, і смецця за дзень збіраецца даволі шмат. Да чэленджу Эльвіра ўжо мела некаторыя экалагічныя звычкі. Напрыклад, хадзіла ў краму са сваймі торбачкамі.

Падчас чэленджу Эльвіра спрабавала купляць харчы на вагу, але жанчына прызнаецца, што агульная занятасць перашкаджае хадзіць на кірмаш. Яна часта карыстаецца дастаўкай з інтэрнэт-крамаў, дзе ўсё прыводзяць дадому цалкам упакаванае.

Жанчына зацікавілася сартаваннем смецця. Іншыя ўдзельнікі чэленджу актыўна дапамагалі ёй авалодаць навукай сартавання смецця ў гарадскіх умовах.

Hавiны
Прадукты на вагу, фудшэрынг і авоські. Як выпрацаваць экалагічныя харчовыя звычкі
2019.11.15 13:12

«Я даведалася, што біяадкіды, напрыклад, ачысткі, можна кампаставаць. Калі вы жывяце ў прыватным доме, то гэта прасцей – можна проста выкінуць адкіды ў гарод. А ў кватэры можна зрабіць асобнае кампоставае вядро», – падзялілася з «Белсатам» удзельніца чэленджу.

Эльвіра адмовілася ад аднаразовага посуду ў кавярнях – завяла шматразовы кубак і тэрмас. Шмат хто з ейных падпісантаў у сацыяльных сетках падтрымаў жанчыну. На Новы год яна таксама шмат каму з сяброў ужо падрыхтавала прыгожыя тэрмакубкі.

Удзельніца чэленджу Эльвіра Каралёва

Таццяна Мазала: «Сябры, вазьміце свае кубкі»

Таццяна таксама выпадкова трапіла ў чэлендж – дапамагла сяброўка, якая падзялілася патрэбнаю спасылкай у Facebook.

«Я пачытала, і адразу быў нейкі ўнутраны водгук», – кажа Таццяна. Жанчына амаль не гатуе ў хаце і не есць мяса. Таму галоўнае выпрабаванне для яе было прыгатаванне вегетарыянскай ежы ў хаце цягам тыдня.

Удзельніца чэленджу Таццяна Мазала

«Напачатку я думала: «О божухна, з чаго пачаць? Але ўсё аказалася даволі проста. Для ўдзельнікаў арганізатары зрабілі добрую лекцыю і экскурсію па Камароўцы. А таксама мы былі ў кантакце міжсобку, дзяліліся ідэямі, і гэта таксама матывавала».

Таццяна кажа, што дзякуючы чэленджу ў яе з’явілася больш асэнсаванасці. Прычым з’яўляецца яна на ледзь не аўтаматычным узроўні. Яна перастала выкідаць хатнюю ежу і пачала купляць і тыя харчы, якія выглядаюць не так, як быццам з глянцавай вокладкі.

«А яшчэ я ўжо некалькі дзён купляю садавіну і гародніну ў краме ды не карыстаюся пластыкавымі пакетамі. А раней іх было мільён», – дзеліцца сваймі эмоцыямі жанчына.

На тыдні Таня не спыніцца: абяцае, што ў будучыні працягне гатаваць хатнюю ежу. «Я цяпер бягу дадому і думаю: што мне б такога прыгатаваць? Ці ёсць прадукты, якія варта было б прыгатаваць, каб не выкінуць? А калі іду на каву з сябрамі ў горад, то заўсёды ім нагадваю: «Вазьміце з сабой свае кубкі»».

Ілюстрацыйны здымак. Фота Caters News / Forum

Марыя Ксянжэўская: стала болей задумвацца аб адкідах

Дзяўчына зазначае, што ў яе ўжо даволі чыстае харчаванне. Але ёй усё роўна было цікава паглядзець, што арганізатары здолеюць прапанаваць.

«Я думала, што нам будуць даваць заданні», – смяецца яна.

Падчас тыдня чэленджу Марыя стала звяртаць больш увагі на пакункі ды перастала купляць харчы ў пластыку. Для садавіны і гародніны – адмысловыя пакункі. Сыр і тварог – Камароўка ў сваю ўласную тару. Яйкі яна купляе ў адмысловую кардонную скрыню, а пакетам, якія назапасіліся, дае другое жыццё.

Аднаразовы посуд, зроблены з экалагічных матэрыялаў. Фота Anton Novoderezhkin / TASS / Forum

Менавіта з пошукам экалагічнай ежы і ўзнікаюць праблемы. Марыя прызнаецца, што ёй часам бывае нязручна ездзіць на Камароўку, каб не купляць кісламалочныя прадукты ў пластыку. Зазначае, што яйкі і малако значна хутчэй псуюцца праз такі пакунак. Ды і яйкі ў кардоне каштуюць даражэй.

Як і папярэднія гераіні, дзякуючы чэленджу Марыя стала больш адказная.

«Я стала болей задумвацца пра розныя адкіды: і харчовыя, і пакункі. Я цяпер ведаю, якія захады магу зрабіць, каб свет стаў лепшы і чысцейшы».

  • Чэлендж #7ДзёнДляЕжы – гэта ініцыятыва шведскай амбасады, якая праходзіць па ўсім свеце. У Беларусі каля 30 чалавек з 18 да 24 лістапада мусілі змяніць свае харчовыя звычкі. Напрыклад, адмовіцца ад мяса або пластыкавых пакункаў.

Ксенія Тарасевіч, фота: архіў герояў belsat.eu

Стужка навінаў