Вакансія з заробкам Br 40 тыс. аказалася памылкаю, ці Як зарабляць Br 7 тыс. у Бешанковічах


Агульнарэспубліканская база вакансіяў ад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі прапаноўвае месца з заробкам ад Br 40 тыс. І вы ніколі не здагадаецеся, што гэта за праца.

Гэта вакансія фельчара ў Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай больніцы. Але ў шпіталі наваяўленага беларускага гораду мільянераў карэспандэнта Belsat.eu паспяшаліся расчараваць: заробак прапаноўваюць у 100 разоў ніжэйшы: не Br 40 000, а толькі Br 400.

«Дзе ж вы такі заробак бачылі?» – заявіла суразмоўца з больніцы, здзіўленая агучанымі лічбамі.

У выніку вакансіямі з самымі высокімі заробкамі аказаліся пазіцыі дырэктара і яго намесніка ў таварыстве «Базтрансбуд», тут абяцаюць ад Br 7000. Пры гэтым кандыдаты павінны мець вышэйшую адукацыю, стаж працы ў будаўнічай галіне ад 15 гадоў, у тым ліку за мяжой. Мусяць разбірацца ў будаўнічым рынку і, сярод іншага, свабодна размаўляць па-англійску і па-літоўску.

Аб’ектыў
Вяскоўцы, праз мізэрныя заробкі ў калгасах на мяжы галечы
2019.01.12 20:51

У спіну гэтым вакансіям дыхаюць прапановы заняць пасаду начальніка ўпраўлення ў пытаннях якасці ды начальніка вытворчасці ад кампаніі «Натывіта» – ад Br 6990. І прапаноўваюцца такія заробкі… у горадзе Бешанковічы Віцебскай вобласці. Калі ў вас ёсць досвед працы на фармакалагічных прадпрыемствах, разбіраецеся ў еўрапейскім GMP (не ведаеце, што гэта такое, тады вакансія пэўна не для вас) і размаўляеце па-англійску, можаце пакаваць валізкі.

Што цікава, менш чым год таму ў Бешанковіцкім раёне сярэдні заробак быў толькі Br 550, ці ў 12 разоў меншы, чым прапаноўваюць вакансіі. На сённяшні дзень у раёне ёсць яшчэ тры вакансіі з заробкам Br 1000–1500, чатыры – на Br 700–900, усе астатнія пасады менш аплатныя. Гэтак, на чатырох вакансіях прапаноўваюць заробак Br 500–610, на 26 – Br 400–500 і на 24 – Br 300–400. Юрыст з вышэйшай адукацыяй у паселішчы Бачэйкава можа разлічваць на заробак ад Br 329,97.

Паводле падлікаў Белстату, па выніках лістапада 2018 года заробкі, меншыя за Br 800, атрымалі на рукі ажно каля 54,6 % насельніцтва Беларусі. Больш за Br 1000 маюць толькі 29,5 % беларусаў. Каля 20 % грамадзянаў краіны жывуць на прыбыткі Br 600–800. Меней за мінімальны заробак, які ў мінулым годзе складаў Br 305, у Беларусі атрымалі 3 % працаўнікоў.

Паводле афіцыйных звестках, 1 снежня 2018 года ў Беларусі ў якасці беспрацоўных былі зарэгістраваныя 14,2 тыс. асобаў. Гэта не поўны лік тых, хто, нават паводле афіцыйных звестак, застаецца без працы. Для параўнання: за 2017 год колькасць беспрацоўных у Беларусі паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы склала 293,4 тыс. чалавек. Пры гэтым зарэгістраваных беспрацоўных было амаль у 13 разоў менш – 22,9 тыс.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў