Улады Берасця забаранілі першамайскую дэманстрацыю і два мітынгі


Чарговыя адмовы на правядзенне мітынгаў атрымалі 29 красавіка праціўнікі запуску акумулятарнага заводу і прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі.

Раніцай 29 красавіка праціўнікі запуску акумулятарнага заводу заявілі ў сацыяльных сетках, што паведамілі ўладам аб правядзенні мітынгу ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў 1 траўня. Але амаль адразу на сваім афіцыйным сайце Берасцейскі гарвыканкам заявіў, што мітынг забаронены, бо на гэтым месцы пройдуць іншыя мерапрымствы. Бакі сустрэліся ў гарвыканкаме – але так і не змаглі дамовіцца. Улады настаялі: мітынг забаронены. Актывісты ж не плануюць парушаць закон.

– Улады сказалі, што няма ніякай магчымасці правесці першага траўня мітынг. Я лічу, што парушана нашае права на мірныя сходы.У гарвыканкаме кажуць, што яны адправілі нам ліст аб забароне мітынгу 26 красавіка, але гэта занадта позна, мы павінны быць апавешчаныя за пяць дзён. І другі момант: няма ніякай магчымасці даведацца пра акцыі, якія праводзяць улады – на нашыя заяўкі яны адказваюць сваймі акцыямі і на гэтай падставе нам адмаўляюць, – заявіў «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк.

ВІДЭА
Кармленне галубоў – гэта берасцейскі брэнд. Топ-10 фактаў пра барацьбу супраць акумулятарнага заводу
2019.03.17 15:03

Таксама заяўку на правядзенне ў цэнтры Берасця святочнага мітынгу і дэманстрацыі 1 траўня падаў кіраўнік Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Маслоўскі. Правядзенне гэтага мерапрыемства гарадскія ўлады таксама забаранілі.

– Улады не хочуць чуць людзей, не паважаюць іх правы. Усе праблемы заганяюць у кут. Мы ў сваю чаргу заклікаем грамадзянаў быць салідарнымі і разам змагацца за лепшую долю, – сказаў «Белсату» Ігар Маслоўскі.

Тым часам, 29 красавіка выйшаў на свабоду адзін з лідараў ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу Зміцер Бекалюк – ён быў затрыманы 27 красавіка перад Вялікднём. Святы ён правёў у ІЧУ. Сёння, 29 красавіка, Бекалюка прывезлі ў суд, дзе ён папрасіў час на азнакамленне з матэрыяламі справы і на пошукі адваката. У выніку суд перанеслі на 11 траўня, а актывіста адпусцілі.

Hавiны
Праціўніка акумулятарнага заводу Змітра Бекалюка змясцілі ў ізалятар
2019.04.27 16:28

 

АС belsat.eu

Стужка навінаў