У Шклове рэцыдывіст уцёк з «хіміі», спрабаваў парэзаць жонку і напаў на міліцыянта


30-гадовы рэцыдывіст уцёк з папраўчай установы адкрытага тыпу (так званая «хімія»), дзе адбываў пакаранне за катаванне жонкі, вярнуўся дадому і спрабаваў жонку парэзаць. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай.

У МУС адзначаюць, што за катаванне жонкі мужчыну ўжо двойчы судзілі. Жанчыне 21 год.

«Учора каля 17.00 у Шклоўскі РАУС патэлефанаваў мужчына і паведаміў, што сусед спрабуе парэзаць сваю жонку. Пасля прыезду асуджаны пачаў збіваць жонку, аднак той удалося вырвацца і ўцячы да суседзяў. Ужо там крыўдзіцель зрабіў пацярпелай некалькі раненняў прадметам, падобным на нож. Канфлікт спыніў гаспадар дома, які і выклікаў міліцыю», – адзначаюць у МУС.

Рэцыдывіст уцёк і міліцыя ўвяла адмысловы план «Перахоп». Знайшлі яго толькі на наступны дзень, 22 лістапада.

«Сёння каля 12.00 участковы інспектар аглядаў адно з домаўладанняў, дзе мог хавацца мужчына. Раптам той напаў на міліцыянта і паспрабаваў завалодаць яго табельнай зброяй. Папераджальныя стрэлы ў паветра мужчына праігнараваў і працягнуў рух у бок участковага, пагражаючы падобным на нож прадметам. У выніку нападнік быў спынены двума кулямі ў нагу і руку«, – паведамілі ў праваахоўных органах.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў