У Менску адмянілі сустрэчу з рэжысерам фільма «Крым»


Як паведаміў belsat.eu прадстаўнік грамадскага аб’яднання «Русь молодая», сустрэча з Аляксеем Піманавым, якая мусіла адбыцца 26 кастрычніка ў менскім Доме Масквы, перанесена «па просьбе самога рэжысера».

Фільм «Крым», зняты рэжысерам Аляксеем Піманавым пры падтрымцы расейскага ўрадавага «Фонду кіно», распавядае пра каханне кіяўлянкі і севастопальца на фоне падзеяў ва Украіне 2014 году. Анексаванне Крыма ў фільме падаюць, як «вызваленне». Асноўны пасыл – гэта было зроблена дзеля таго, каб «не пралілася кроў».

Планавалася, што 26 кастрычніка ў Доме Масквы ў Менску адбудзецца як творчая сустрэча з рэжысерам, так і прагляд кінастужкі. Арганізатарам імпрэзы выступала арганізацыя «Русь молодая», якое ўхваляе анексію Крыму і падтрымлівае палітыку Пуціна і сепаратыстаў на Данбасе. Запрашэнне на гэтае мерапрыемства, у прыватнасці, даслалі ва ўніверсітэт МІТСО. ВНУ размясціла гэтую інфармацыю ў сваёй суполцы «Вконтакте», заклікаючы студэнтаў загадзя пакідаць заявы на ўдзел.

14 ліпеня амбасада Украіны ў Беларусі накіравала ў МЗС ноту пратэсту з нагоды паказу трэйлера фільма ў беларускіх кінатэатрах. Але ў менскім Кінавідэапракаце заявілі, што стужка пра анексію Крыма дэманстравацца не будзе.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў