У Львове настаўнік адмовіўся займацца з вучням, чый бацька падтрымлівае Зяленскага


Кіраўнік львоўскага мастацкага цэнтра «FoRa», заслужаны артыст Украіны Уладзімір Кудоўба адмовіўся працягваць навучанне 11-гадовага хлопчыка, паколькі ягоны бацька выказаў падтрымку Уладзіміру Зяленскаму.

Пра гэта Кудоўба напісаў на старонцы ў Facebook бацькі дзіцяці, які распаўсюдзіў у сацсетцы здымак Зяленскага з допісам «Наш прэзідэнт».

«Дамова аб супрацы паміж мной і вамі аб прадстаўленні паслуг па развіцці творчых здольнасцяў у вашага сына ў вакальнай студыі мастацкага цэнтра «FoRa» будзе скасаваная заўтра ў сувязі з рознай пазіцыяй у падыходах і прынцыпах выхавання дзяцей. Я не змагу працаваць з чалавекам, які на мой погляд, здрадзіў асноўным палажэнням патрыятызму і любові да сваёй мовы і культуры », – напісаў у каментарах дырэктар мастацкага цэнтру.

Ён таксама заявіў, што гатовы вярнуць бацькам «нявыкарыстаныя сродкі, выплачаныя за навучанне і летнік». Бацька дзіцяці пацвердзіў, што прычынай канфлікту стала менавіта публікацыя ў Facebook і адрозненні ў палітычных поглядах, піша Zaxid.net.

Нагадаем, у другім туры прэзідэнцкіх выбараў, што адбыўся 21 красавіка, перамог Уладзімір Зяленскі. Пры гэтым найменшыя сімпатыі выбарнікаў ён здабыў як раз на захадзе Украіны – там за Зяленскага прагаласавалі 56, 4%. Для параўнання, ва ўсходніх абласцях гэтая лічба дасягнула амаль 88%.

КА belsat.eu

Стужка навінаў