Адміністрацыя міжнароднага аэрапорту Гон-Конгу была вымушаная адмяніць усе рэйсы праз антыўрадавыя пратэсты. Пра гэта паведамляе Reuters.
Сотні дэманстрантаў занялі тэрыторыю каля стоек рэгістрацыі і ў зоне вылету. Каля тысячы знаходзяцца ў зоне прылёту. Пратэстоўцы выкарыстоўваюць багажныя каляскі для блакавання мытных пунктаў пропуску. Паміж пратэстоўцамі і пасажырамі перыядычна ўзнікаюць канфлікты.
Учора пратэстоўцы ўжо дамагліся спынення працы аэрапорту, аднак сёння раніцай рэйсы аднавіліся. Днём дэманстранты зноў змаглі заблакаваць працу аэрапорту.
«Прабачце за нязручнасці, але мы змагаемся за будучыню нашага дома», – гаворыцца на адным з плакатаў пратэстоўцаў.
Дэманстранты кажуць, што яны змагаюцца супраць паступовага скасавання дамоўленасці «адна краіна, дзве сістэмы», якая замацавала пэўную аўтаномію Гон-Конгу пасля вяртання былой брытанскай калоніі пад кантроль Кітаю ў 1997 годзе. Таксама яны патрабуюць адстаўкі кіраўніцы адміністрацыі Гон-Конгу Кэры Лам.
«Я думаю, паралізацыя працы аэрапорту будзе эфектыўным захадам, які прымусіць Кэры Лам рэагаваць на нас… Гэта можа яшчэ больш аказаць ціск на эканоміку Гон-Конгу», – кажа адна з дэманстрантак.
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заклікаў бакі да стрыманасці.
ІІ belsat.eu