У Беларусі рэзка павялічылася колькасць грошай у звароце


Па выніках 2019 году шырокая грашовая маса ў Беларусі вырасла на 26 %, або 4,16 мільярдаў рублёў. Прычым 49,5 % з’явіліся ў абарачэнні ў IV квартале мінулага года, у тым ліку 40 % – у снежні, паведамляе «Экономическая газета».

Колькасць наяўных грошай па выніках 2019 году вырасла амаль на 24 % – да 3,71 мільярдаў рублёў, безнаяўных на рахунках да запатрабавання – на 16,75 % – да 6,57 мільярдаў, тэрміновыя рахункі фізічных і юрыдычных асобаў папоўніліся на 33,9 % – да 9,88 мільярдаў рублёў.

Адной з прычынаў рэзкага павелічэння шырокай грашовай масы (усе выпушчаныя дзяржавай грашовыя сродкі) зʼяўляецца чысты продаж замежнай валюты насельніцтвам. Гэтак беларусы летась прадалі 9,763 млрд долараў ЗША, а набылі 9,165 млрд долараў; юрыдычныя асобы прадалі на 22,374 млрд долараў, набылі на 21,843 млрд долараў.

Астатняя частка «новых» грошай у сістэме зʼявілася дзякуючы росту колькасці крэдытаў, росту заробкаў і трансферту насельніцтву, дзяржаўным датацыям асобным прадпрыемствам.

«Асноўная крыніца паступлення «новых грошай» у эканоміку – гэта тое, што цягам году прапанова валюты перавышала попыт. Гэтую розніцу Нацбанк набываў і залічваў у ЗВР. Таму рублі не проста друкуюцца, а ствараюцца для набыцця валюты. Атрымліваецца, што надрукаваны рубель забяспечаны валютай», – канкрэтызаваў «Белсату» старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Hавiны
Шырокая грашовая маса за сакавік вырасла на 1,1 %
2019.04.12 11:01

СК belsat.eu

Стужка навінаў