Кіраўнік Беларусі падпісаў закон, якім унёс змены ў Працоўны кодэкс. Як адзначылі ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, дакумент запрацуе праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання.
Закон рэгулюе парадак часовага пераводу работніка на іншую працу, у тым ліку да іншага наймальніка. Памер выхадной дапамогі павялічаны да аднаго сярэднямесячнага заробку, калі работніка звольнілі з прычыны няпоўнага працоўнага часу. Працаўніка павінны будуць папярэдзіць пра змяненне істотных умоваў працы за месяц.
Дазволена сумяшчаць поўны працоўны дзень або змену падчас працоўнага адпачынку. А бацькам змогуць выдаваць пры іх жаданні адпачынкі да 14 дзён пры нараджэнні ў сям’і дзіцяці.
Навацыяй стала рэгуляванне стасункаў работніка і наймальніка пры дыстанцыйнай працы.
Пры згодзе бакоў пяцігадовы кантракт з работнікам, які не парушае дысцыпліну, будзе працягвацца да заканчэння максімальнага тэрміну яго дзеяння. А новы кантракт з ім будзе заключацца не менш, чым на тры гады. На меншыя тэрміны кантракты будуць працягваць і заключаць толькі з пісьмовай згоды работніка.
Акрамя таго, матэрыяльная адказнасць будзе наступаць аднолькава і для тых, хто працуе паводле кантракту, і для тых, хто паводле працоўнай дамовы, толькі за наўмыснае прычыненне шкоды.
МГ belsat.eu