«Ты ўжо гатовы сесці». Уражанні зборшчыкаў подпісаў у падтрыманне Ціханоўскай


Пікет у Менску. 31 траўня 2020.
Фота: Belsat.eu

Бліжэйшыя дні пікеты ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай будуць толькі ў невялікіх гарадах Беларусі. Belsat.eu паразмаўляў з тымі, хто сядзіць за сталамі з падпіснымі аркушамі. Валанцёры і сябры ініцыятыўнай групы – пра затрыманні, правакацыі ды падтрыманне падпісантаў.

Павел Журык, 37 гадоў, індывідуальны прадпрымальнік

Мы ў турнэ па краіне, ездзім па раённых гарадах. Святлана сказала, што баіцца за ініцыятыўную групу, што могуць быць правакацыі ды затрыманні. У раённых гарадах з гэтым лягчэй, тут людзі больш ведаюць адно аднаго.

Hавiны
Святлана Ціханоўская адмовілася ад правядзення пікетаў у Менску і абласных цэнтрах
2020.06.11 08:58

Я падпісант каналу мужа Святланы «Краіна для жыцця». Мне імпануюць ягоныя ідэі. Калі гэта ягоныя ідэі – то і ейныя. Увогуле мы за Сяргея. Здаецца, гэта было сказана ім самім, што Святлана – гэта прадстаўніцкая асоба. Я адклаў працу, адклаў замоўцаў. Шмат добрых людзей пабачыў. Нас прымаюць, з жытлом дапамагаюць. Падтрымка людзей натхняе і вельмі дапамагае ў працы. Мы б адныя не далі рады.

Павел Журык на пікеце ў Ляхавічах. Фота прадстаўленае рэдакцыі belsat.eu

У Беларусі ўсе баяцца, але хтосьці перакрочыў гэты страх. Шчыра, я папросту перастаў баяцца, і ўсё. Напэўна, ужо перажыў гэты страх. На нашых пікетах заўсёды сачэнне. Вока ўжо спрактыкаванае, мы пачалі іх знаходзіць даволі хутка. Адразу ўсё было вельмі неарганізавана. Не маглі адразу сцяміць, хто што робіць. Рабілі ўпершыню – усё на каленцы. Цяпер усё арганізавалі.

Ганна Толчыкава, 30 гадоў, актывістка

Я запісалася ў чатыры групы, бо хітра зроблена: мала што ведаеш пра кандыдатаў перад рэгістрацыяй. У выніку пабачыла, што найбольшую неабходнасць у дапамозе мае Святлана Ціханоўская.

Hавiны
«Я хачу зноў стаць проста жонкай і мамай». Вялікае інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай
2020.06.09 08:55

Я разумею, што мяне могуць забраць ні за што. У мяне пасведчанне, я не раблю нічога незаконнага. Няма ані сумлення, ані законнасці ў тым, як з намі абыходзяцца. Ініцыятыўная група ў актыўным распрацоўванні службаў. Вось у нас Алега Баброўскага на Камароўцы забралі, ключавога арганізатара.

Ганна Толчыкава на пікеце ў Менску. Фота прадстаўленае рэдакцыі belsat.eu

Усе праблемы звязаныя з тым, што ў аснове ўсяго самаарганізацыя, бо лідараў ліквідуюць, цяжка выбудаваць структуру. Таму вось такі ў нас самаарганізаваны хаос (смяецца). Працуюць кропкава, за намі назіраюць, намагаюцца паралізаваць працу. Але мы сваю мэту разумеем, за ёй ёсць праўда і моц.

Я пачала чытаць гісторыі, як людзей затрымліваюць, што адбываецца на сутках, як сябе паводзіць. Ты са звычайнага чалавека ператвараешся ў таго, які гатовы сесці, – гэта вельмі дзіўна. У мяне было нармальнае жыццё да гэтага. Чым часцейшая гэтая думка ў тваёй галаве, тым больш пакоры і гатовасці.

Мікіта Бурак, 22 гады, футбольны трэнер

Я валанцёр. Хацеў у ініцыятыўную групу, але ўсё гэтак хутка адбылося, што не паспеў падаць дакументы. Я пабачыў, што ў групе «Краіна для жыцця» набіралі валанцёраў, патрэбная была дапамога. Я не мог сядзець абыякава. Калі маё дзіця будзе глядзець на герояў і разумець, што ягоны бацька не такі, таму што ён адседзеўся, то які прыклад я падам сваім дзецям? Калі я бачу такую несправядлівасць, то кім буду, калі заплюшчу вочы на гэта?

Мікіта Бурак у цэнтры. Фота прадстаўленае рэдакцыі belsat.eu

Я прыйшоў на Камароўку ў той дзень, калі Сяргея затрымалі. Ягоная наступная паездка мела быць у Ліду. Сяргея няма, а нам трэба ехаць – у нас поўны дысананс, хаос. Валанцёры сабралі два аўтамабілі, мы не ведалі, чаго чакаць, што будзе. Ці збяруцца людзі, ці будуць баяцца?

Hавiны
Ад былога амапаўца да праграміста. Што вядома пра фігурантаў «справы Ціханоўскага»
2020.06.11 16:04

Мы прыехалі ў Ліду і пабачылі вельмі шмат людзей! Мы стаялі, машыны сігналілі. Спачатку збіралі гэтыя подпісы на каленках, ніякіх крэслаў не было, бо мы не паспелі сфармавацца, нашую групу затрымалі. Людзі пабачылі – пачалі прыносіць з нейкіх рэстаранаў лавы, крэслы. Мы ў такім шоку былі! Потым пайшоў моцны дождж. Людзі стаялі з парасонамі, ніхто не разыходзіўся, каб паперы не намоклі. Мне мужчына свой дажджавік падарыў: «Трымай, табе больш патрэбна». Нам прыносілі ежу, каву, піражкі, людзі нас кармілі. Пасля таго, што пабачыў у Лідзе, я падумаў: «Як я магу гэтых людзей кінуць?»

Шмат народных жартаў чулі: «Таракан сабраў 11 мільёнаў подпісаў», «Мы за ўсіх, акрамя аднаго». Пенсіянеры хадзілі з паперкамі ды выкрэслівалі кандыдатаў, за якіх падпісаліся, быццам у краме спіс прадуктаў.

Мікіта Бурак. Фота прадстаўленае рэдакцыі belsat.eu

Мы ўсё роўна будзем займацца сваёй справай, хоць любога чалавека сёння-заўтра могуць забраць. У нядзелю забралі нашага Алега Баброўскага. Спецслужбы вельмі непрыгожа дзеюць. Я бачыў слёзы ў вачах ягонай жонкі. Ну як можна ім даваць уладу? Страху няма, але, безумоўна, заўсёды трэба думаць галавой. У цябе ёсць блізкія, якія за цябе баяцца, больш за іх хвалююся. Я не баюся, бо мяне атачаюць смелыя людзі. Гэта натхняе.

Ананім, перастаў збіраць подпісы

Месяцы два-тры таму пабачыў канал «Краіна для жыцця». Кантэнт мне спадабаўся, зачапіла. Апошняй кропляй стала, калі з’явілася сітуацыя з каронавірусам. Як пабачыў, што ў нас нямала людзей памірае, стала цяжка сядзець на месцы. Я зразумеў, што ўладзе ўсё роўна на людзей. Я планаваў, што збяру подпісы папросту са свайго кола, але ў ім людзі ў асноўным пасіўныя. Тады я выйшаў на пікет.

У выніку я лепш пачаў разумець, як гэта адбываецца. Табе даецца магчымасць камунікаваць з людзьмі. Калі ты не задаволены цяперашняй сітуацыяй, то можаш пабачыць пацверджанне сваім думкам, калі ты выходзіш на пікеты. Шмат людзей падтрымліваюць тваю пазіцыю.

Я не сышоў цалкам, папросту не буду выходзіць на зборы подпісаў. Магчыма, нейкая іншая дапамога спатрэбіцца. Асноўная прычына – пандэмія. Для мяне гэта небяспечна, бо ў мяне праблемы са здароўем. Да таго ж пабачыў, што пачаліся сапраўды сур’ёзныя рэпрэсіі. Гэта прымушае задумацца. У ініцыятыўных групах Бабарыкі ды Цапкалы ўсё выглядае больш арганізавана. А тут з кожным днём адбываецца штосьці новенькае. Цяжка здагадацца, што будзе далей, улічваючы ўсе гэтыя дзіўныя ператрусы.

Антаніна Канавалава, 31 год, нядаўна выйшла з дэкрэту, без працы

Святлана малайчына, што не пабаялася. Яна вельмі разумная, стала на абарону мужа. Я з ёй цалкам пагаджаюся. Яна беражэ сваіх людзей і народ, які ідзе за імі.

Антаніна Канавалава. Фота прадстаўленае рэдакцыі belsat.eu

Я валанцёрка. У некаторых гарадах нам давялося пісаць заявы ў міліцыю. Нас заўсёды суправаджалі ціхушнікі. Людзі рабілі вялікія вочы, калі мы паказвалі, што іх здымаюць, што стаіць чалавек са схаванай камерай. Яны не баяцца. Але ўсё роўна ж сачэнне павінна надзець міліцэйскую форму, казаць грамадзянам, што вядуць відэаздымку, а яны ў цывільным ціхенька стаяць у бярозках ці ў машыне здымаюць.

На пікеце ў Гомлі.
Фота: «Белсат»

У Менску была першая правакацыя, якую я бачыла. Чалавек намагаўся выхапіць у мяне тэлефон, калі я здымала. Ён прыкідаўся, што глуханямы, але ўсё разумеў. Хацеў узяць нашыя паперы, намагаўся правакаваць мужчынаў на бойку. У Крычаве бабуля прыйшла падпісацца за Ціханоўскую. 93 гады, ледзь дайшла. Падыходзіць мужчына і пачынае правакацыйныя пытанні задаваць. Да таго ж на ты. Па нашай просьбе ён адышоў убок. Калі бабуля пайшла, ён – за ёй. Мы выклікалі міліцыю, тады збег. У Берасце спецыяльна людзі прыязджалі з Менскага раёну і намагаліся псаваць паперы.

Зміцер Хайчанка, 43 гады, вядучы эканаміст на прыватным прадпрыемстве

Я падпісант Сяргея ад часу, калі на канале тысячаў дзевяць было. Цяпер працую дыстанцыйна. Выстаўляю пікет каля ГЦ «GreenCity» ў абед. Пасля хтосьці з валанцёраў мяне змяняе, і я далей працую. Ім асобны дзякуй, без іхнай дапамогі было б значна цяжэй. Пасля працы зноў еду на пікет да 22-й.

Зміцер Хайчанка. Фота прадстаўленае рэдакцыі belsat.eu

Настолькі цікавыя і цудоўныя людзі, што захапляюся. Вось Воля Паўлава [сябра ініцыятыўнай груп. – Belsat.eu] – звышчалавек. Калі я забіраў пасведчанне на пікеце, то папрасіў, каб мне нешта далі, што мяне абазначыць. Воля сказала, што няма нічога, акрамя павязак. А потым здымае з сябе майку «Краіна для жыцця». Сама калоціцца – на ёй кофтачка і маечка. А я не магу – як апошнюю кашулю адабраць! Гэта кранула. Цяпер таксама намагаюся так ставіцца да іншых людзей. Волі прывітанне і вялікі дзякуй за такі ўрок.

Група ў нас маленькая, але нас грамадзяне падтрымліваюць. Дзеянні нашага гэтак званага прэзідэнта адлюстроўваюцца на прытоку ахвотных паставіць подпіс. Гэта наадварот, людзей злуе, яны яшчэ больш падтрымліваюць. Хтосьці пляшку вады прынясе – цяпер спякотна вельмі. На Камароўцы дзяўчаты кветкі прыносілі. Цяпер з кожным днём усё менш страшна, надакучыла баяцца.

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў