Узброеныя сілы Паўночнай Карэі ажыццявілі запуск двух неапазнаных ракет, якія праляцелі 430 кіламетраў у напрамку Японскага мора. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі міністэрства абароны Паўднёвай Карэі, піша DW.com.
Японскі міністр абароны Такэсі Івая, таксама атрымаў інфармацыю пра запуск і назваў гэты факт «сумным».
«Мы будзем працягваць прыкладаць намаганні для збору і аналізу інфармацыі, каардынуючы свае дзеянні з ЗША і Паўднёвай Карэяй», – дадаў Івая.
Ракеты ўпалі ў моры, не даляцеўшы да эканамічнай зоны Японіі, і не ўяўлялі пагрозы яе бяспецы.
У красавіку 2018 года кіраўніцтва КНДР абвясціла пра спыненне ядравых выпрабаванняў і распрацоўкі міжкантынентальных ракет. На першым саміце прэзідэнта ЗША Доналда Трампа і паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына 12 чэрвеня 2018 году ў Сінгапуры быў падпісаны сумесны дакумент, які абавязвае КНДР да поўнай дэнуклеарызацыі, але які не ўтрымлівае канкрэтных крокаў па дасягненню гэтай мэты.
На саміце лідараў Паўднёвай і Паўночнай Карэі ў верасні таго ж года ў Пхеньяне КНДР абавязалася канчаткова закрыць выпрабавальны ракетны палігон «Сохэ» і спыніць эксплуатацыю размешчанай на ім пускавой устаноўкі.
СК belsat.eu