«Сумнеўны вынік» тэстаў: лекары яшчэ раз правераць на каронавірус бацьку дзяўчыны беларускага «пацыента 0»


Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што бацька дзяўчыны студэнта БНТУ з Ірану, у якога выявілі SARS-Cov-2, таксама мог заразіцца «кітайскім вірусам».

«Бацька знаходзіцца пад падазрэннем, – цытуе TUT.BY прэс-сакратарку Міністэрства аховы здароўя Юлію Барадун. – Клінічнай карціны няма, але адзін з тэстаў даў сумнеўны вынік. Лабараторныя дадзеныя зараз пераправяраць. Гэтак жа, як і ў яго сваякоў – у найбліжэйшыя суткі. Ні ў каго з шпіталізаваных цяпер клінічных праяў няма».

29 лютага студэнт БНТУ, іранец П., у якога пацвердзілі наяўнасць каронавірусу, разам са сваймі сябрамі па ВНУ, зрабіў стрым у Instagram. У відэа, якое доўжыцца 44 хвіліны, хлопец распавёў, як сябе адчувае зараз, а таксама што кажуць медыкі яму і сям’і ягонай дзяўчыны.

«У дзяўчыны ёсць стрыечная сястра, мама – яны не заразіліся, у іх вынік адмоўны. Толькі тата [дзяўчыны. – Belsat.eu] тут заразіўся. Але неяк дзіўна. Ён проста быў прастыўшы. Не зразумела. Нават Міністэрства аховы здароўя сказала [бацьку дзяўчыны. – Belsat.eu], што, можа, П. носьбіт, можа, ты проста недзе прахварэў. Але дакладней не гавораць», – распавядае хлопец.

У каментары TUT.BY іранец П. заявіў, што ў бацькі ягонай дзяўчыны таксама выявілі каронавірус.

20 разоў памыў рукі ў аэрапорце

«Я, калі ўжо прайшоў мяжу – Ірану з Азербайджанам – я з самага пачатку, проста кожныя 2 гадзіны, што рабіў: я мыў рукі, у мяне з сабой былі вільготныя сурвэткі і я максімальна нічога не кранаў. Нават калі ў машыне сядзеў, побач сядзеў чалавек і я проста далей ад яго сеў, таму што я баяўся сам. У Азербайджане не казалі, што ў іх ёсць вірус і да гэтага часу не кажуць. Але іхныя грамадзяне прыехалі да нас, азербайджанцы прыехалі да нас і многія з іх проста на вуліцы ўпалі. Іх нават верталётам проста павезлі ў больніцу. У іх ёсць хвароба. За 14 гадзін, што я быў у аэрапорце, я каля 20 разоў памыў рукі. Верце мне, таму што я сам баяўся», – кажа студэнт.

«Адчуваю сябе вінаватым»

«Усе канешне хваляваліся. Мне як бы пофіг на гэта, але маральна проста мне было складана. Таму што я адчуваю сябе вінаватым. Таму што, калі б я ведаў, што ў мяне такая сітуацыя, я б адразу, у першы дзень, як прыляцеў, я бы пайшоў у паліклініку», – тлумачыць хлопец.

Іранец таксама распавёў пра тое, што сёння (29 лютага) яму тэлефанаваў амбасадар Ірану і распавёў, што ў супрацоўнікаў амбасады адмоўны вынік тэсту на каронавірус. Студэнт кажа, што двойчы з моманту таго, як прыляцеў у Менск, хадзіў у амбасаду Ірану.

COVID-19

COVID-19 – назва хваробы, якую выклікае вірус SARS-Cov-2. У медыях часцей за ўсё яго называюць «новым каронавірусам». Вірус небяспечны для людзей з аслабленым імунітэтам, захворваннямі дыхальнай сістэмы, цукровым дыябетам, а таксама для людзей ва ўзросце ад 60 да 80+ гадоў. Успышка COVID-19 пачалася ў сярэдзіне снежня 2019 года ў горадзе Ўу-Хань у цэнтральным Кітаі.

Што такое каронавірус?

У вірусаў, як у раслін або жывёлін, ёсць розныя сямействы і віды. Каронавірусы – гэта сямейства з пэўнымі характарыстыкамі, якое аб’ядноўвае 40 відаў вірусаў, якія калісьці былі прычынаю эпідэміяў сярод людзей, прыводзяць да вострых рэспіратарных захворванняў, а таксама вірусы, на якія можа захварэць тузін розных відаў жывёлін (ад кажаноў і пацукоў да птушак).

Каронавірус пад мікраскопам.
Фота: Dr. Fred Murphy

Што рабіць, каб не падхапіць заразу?

  • Абавязкова трэба мыць рукі з мылам. Чым часцей, тым лепш! Але рабіце гэта правільна. Тут інструкцыя.
  • Не дакранайцеся да рота і твару нямытымі рукамі.
  • Узмацняйце імунітэт.
  • Лепш не цалавацца і не паціскаць рукі.
  • Пазбягайце кантактаў з хворымі.
  • Калі ёсць магчымасць, то насіце маску. Яна заўсёды мусіць быць сухая.
  • Карыстайцеся дэзынфектарамі на спіртавой аснове.
  • Праветрывайце памяшканні, у якіх вы жывяце і працуеце.
  • Тлумачце дзецям, чаму варта мыць рукі!

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў