Сівак: «Будзем прымаць рашэнні, каб правакатары не з'яўляліся ў такіх месцах»


Старшыня Менгарвыканкаму ў Анатоль Сівак у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» назваў збор подпісаў у Менску «правакацыяй» і заявіў, што ўлады Менску маюць дастаткова рэсурсаў, каб з імі змагацца.

Карэспандэнтка «Беларусь-1» спытала, ці хопіць сіл «пагасіць негатыў на вуліцах». Сівак заявіў, што рэсурсаў дастаткова, аднак пакуль улады абмяжоўваюцца тым, што тлумачаць людзям, што гэта за працэс.

«Гэта не працэс агітацыі, калі збіраюцца мітынгі і ідуць абмеркаванні, выказваюцца думкі. Гэта просты працэс збору подпісаў: падышоў, распісаўся і далей жывеш, працуеш, шпацыруеш і г.д», – сказаў ён.

Падзеі апошняга тыдня, калі тысячы людзей па ўсёй краіне ўсталі ў чэргі, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую, кіраўнік Менску каментуе наступным чынам:

«Але ёсць людзі, якія гэты працэс не тое, што не жадаюць разумець, яны гэты працэс збору подпісаў адмыслова выкарыстоўваюць для таго, каб праводзіць нейкую агітацыю. Прычым былі такія заявы, каб праводзіць такую агітацыю не за сябе як за кандыдата, а проста, напэўна, навязаць нейкую сваю пазіцыю, зладзіць нейкую дэманстрацыю.

Часам праходзяць нейкія на грані фолу сваркі. Вось за гэта, безумоўна, на гэтым этапе мы будзем прымаць рашэнні для таго, каб гэтыя людзі, гэтыя правакатары ня зʼяўляліся ў такіх месцах », – запэўніў Анатоль Сівак.

***

На нядзелю 7 чэрвеня прыхільнікі Ціханоўскай зноў заклікалі сабрацца на пікетах у Менску і іншых гарадах Беларусі. Тым часам па крымінальнай справе аб гвалце супраць міліцыянтаў праходзяць 9 асобаў, яны пад вартай. Сяргей Ціханоўскі прызнаны праваабаронцамі палітвязням. Еўразвяз і Еўрапарламент асудзілі хвалю рэпрэсіяў і заклікалі неадкладна вызваліць усіх затрыманых.

Hавiны
Лукашэнка: Я чакаю поўнага парадку ў Менску
2020.06.02 15:11

КА belsat.eu

Стужка навінаў