«Сіротка на мянушку Бруклін». Рэцэнзія на кіно для дарослых

Сяргей
Філімонаў
аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

На працягу доўгіх гадоў актор, прадзюсар і рэжысёр Эдвард Нортан літаральна хварэў на ідэю зняць нешта параўнальнае з класікай стылю «постнуар». Звычайна гэта дэпрэсіўныя крымінальныя сюжэты з эпох сацыяльных крызісаў. У «Сіраце Бруклін» стылістыка нагадвае пра гангстарскія фільмы першай паловы 70-ых, але сэнс хаваецца ў іншым. Якім чынам сумленны прынцыповы чалавек можа знайсці кампраміс з уладай? І які менавіта кампраміс?

Фота: Warner Bros

«Ілюзіяніст», «Гатэль Гранд Будапэшт», «Байцоўскі клуб» і, вядома ж, «Амерыканская гісторыя Х» – уся гэтая класіка Галівуду звязаная з імем Нортана. Цяпер ён выступае ў якасці прадзюсара, рэжысёра і выканаўцы галоўнай ролі. Брус Ўіліс, Элек Болдўін, Ўілем Дэфоў дапамагаюць Нортану рэалізаваць мару.

Кадр з фільму. Фота: Warner Bros

Адмоўная рэцэнзія

Хіба можа фільм-мара высыпаць на гледача горы трупаў? Тут не будзе і запальных пагоняў на аўто, якія ператвараюцца ў кучу металалому. У марах не бывае і бясконцых перастрэлак. Але ёсць імкненне да ісціны. Няхай яна не нейкая там праўда ў апошняй інстанцыі. Значыць, «Сіротка Бруклін» наўрад ці падыдзе тым, хто любіць спрасаваны экшн. Такім гледачам фільм падасца зацягнутым, перанасычаным непатрэбнымі дэталямі і нават неабходнасцю разважаць.

Так, стужка знятая па матывах аднайменнага рамана Джонатана Літэма 20-гадовай даўніны. Фільмы-экранізацыі часта папракаюць тым, што яны псуюць арыгінальныя сюжэты. Але ў гэтым выпадку відовішча можна назваць літаратурным. Яно стварае ўражанне, быццам чытаеш добрую кнігу. Іншымі словамі, «Сіротка Бруклін» – гэта старамоднае кіно, якое зрабілася б хітом у сярэдзіне 70-ых. На мой погляд, «Кітайскі квартал» Паланскага сумней, «Сакрэты Лос-Анджэлесу» Хэнсана складаней, «Таямнічая рака» Клінта Істўуда больш пачуццёвая, «Апраўданая жорсткасць» Кроненбэрга больш актыўная, а «Пад покрывам ночы» Тома Форда больш інтымная за гэтую працу Нортана. Але «Сіротка Бруклін» спалучае ў сабе шматлікія плюсы ўсіх пералічаных. Джаз, стыль і нават хвароба галоўнага героя (сіндром Турэта), калі ён нехаця (згадаем цік) пасылае суразмоўцу на слова «калі», а то і на нейкае здзеклівае словазлучэнне, ствараюць асаблівую атмасферу.

Падчас прэм’еры фільму. Фота: Warner Bros

Станоўчая рэцэнзія

Усё пачынаецца ліха. Вядомы дэтэктыў (Брус Ўіліс) усынавіў і выхаваў сірату (Нортан). Дэтэктыў знаходзіць факты злоўжывання ўладаў па гарадской забудове. І тут жа плаціць за гэта жыццём. Выявіць прычыну забойства для выхаванца становіцца справай гонару. Дэтэктыў пакінуў яму некалькі прадметаў, ад нагана да раскошнага капелюша. Такія капелюшы заўсёды былі атрыбутамі знакамітых нуар-сюжэтаў.

Кадр з фільма. Фота: Warner Bros

Як адшукаць хоць што? Патрабуецца быць вельмі наглядальным і кемлівым. І не баяцца рызыкаваць. Тады, ня гледзячы на праблему з цікам і міжвольнымі выкрыкамі, свае сакрэты адкрые табе цудоўная мулатка. Тады твае будні ўпрыгожыць высакакласны джаз, які стане акампаніятарам расследавання. А горад Нью-Ёрк канца 50-ых дапоўніць нэануарную атмасферу. Натуральна, фінал фільма адорыць гледача высвятленнем дзіўных фактаў і нават нечаканай развязкай.

Эдвард Нортан на здымачнай пляцоўцы. Фота: Warner Bros

Хтосьці ўгледзеў у вобразе «уладара гораду» (Элек Болдўін) намёкі на цяперашняга прэзідэнта ЗША Трампа. Але хіба можа фільм-мара так празрыста намякаць на тоўстыя акалічнасці? Наўрад ці. Болдўін увасабляе чалавека ўлады, які лічыць законы правіламі для слабых. І што будучыня змяняе існыя законы пад сябе. І што гэта ён – Чалавек Будучыні.

Вердыкт: 8 з 10

У «Сіротцы на мянушку Бруклін», магчыма, адна з лепшых роляў – Эдварда Нортана. Ягоны герой не круты, ён нават хворы, але слабасць не памяншае яго розуму і ня размывае прынцыпаў. Гэта дэтэктыў, які апускае вас у медытацыю. У часы класічных нуар-фільмаў касякі сабе маглі дазволіць толькі падонкі. Зараз вы зможаце ментальна распаліць такі касяк разам з героямі фільма. Па рэцэпце, які ў цяперашніх ЗША робіць гэта легальным. Рэкамендавана толькі для дарослых. Мая ацэнка 8 з 10.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў