Саладуха адзначыць 60-годдзе канцэртам на «Дынама». А што з Днём Волі?


Днямі стала вядома, што выканаўца ладзіць імпрэзу на галоўнай спартовай арэне Беларусі. Квіткі за 2 рублі і забава ад 15:00. Канцэрт адбудзецца 1 траўня.

Мы звярнуліся ў прэс-службу стадыёну з пытаннем, ці ёсць інфармацыя наконт святочнага канцэрту да Дня Волі, які актывісты запланавалі на нядзелю 24 сакавіка. Раней у беларускіх медыях з’яўлялася інфармацыя пра немагчымасьць правядзення Дня Волі праз падрыхтоўку да Еўрапейскіх гульняў.

Дасюль адносна Дня Волі рашэння з Менгарвыканкаму пакуль няма, распавялі belsat.eu у прэс-службе стадыёну «Дынама».

«На сакавік у нас не запланавана іншых мерапрыемстваў, аднак да гэтага часу яшчэ можа не быць сфармаванае пакрыццё, таму кіраўніцтва стадыёну не пагадзілася, але і не адмаўляла. Як толькі будзе інфармацыя, мы адразу паведамім», – адказалі belsat.eu у прэс-службе стадыёну.

Што датычыць Аляксандра Саладухі, то ён – заслужаны артыст Беларусі, дадалі ў прэс-службе. Паводле заканадаўства, музыка мае права праводзіць імпрэзу без гастрольнага пасведчання.

«Ён хацеў адзначыць 60-годдзе і арандаваць толькі некалькі трыбунаў, а не ўвесь аб’ект. Таму нягледзячы на падрыхтоўку, яму далі дазвол. Ён падпісаў дамову з Менгарвыканкамам».

Павел Белавус з культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба», якая падавала заяўку ў Менгарвыканкам, кажа, што спадзяецца атрымаць адказ ад чыноўнікаў ужо на наступным тыдні.

«Колькі ўжо можна цягнуць. Прынамсі прыемна, што ўжо не адмаўляюць, як у першых выказваннях для TUT.BY у дзень заяўкі. Пацвердзіліся мае словы, што канчатковае слова за кіраўніцтвам гораду», – кажа Павел Белавус, адзін з арганізатараў святкавання сёлетняга Дня Волі.

Агулам на святкаванне Дня Волі сабралі ўжо больш за 15 тысяч рублёў. Падтрымаць кампанію адным з 7 спосабаў можна на сайце bnr.by або на Facebook. Гэта першы ў гісторыі Беларусі збор сродкаў на грамадскі праект праз сацыяльную сетку.

Усе грошы паступяць у агульны фонд «Дня Волі» і будуць выкарыстаныя на розныя мэты: інфармацыйная кампанія (ролікі, налепкі, улёткі, плакаты, актыўнасці ў сацсетках), мерапрыемствы (як малыя, так і вялікія ў Менску ды іншых гарадах.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў