Рэжысёр фільму «DW» пра зніклых палітыкаў: Улады не могуць гэтага пакінуць проста так

У інтэрв’ю Belsat.eu аўтар фільму «Забойства праціўнікаў Лукашэнкі ў Беларусі – споведзь саўдзельніка» Крыстʼян Трыпэ распавёў пра тое, як паўстаў фільм, ці ёсць нейкі ціск з боку ўладаў, а таксама чаму менавіта зараз апублікавалі гэтае відэа.

У інтэрвʼю журналістам «Deutsche Welle» Юрый Гараўскі сцвярджае, што ў якасці байца СОБРу быў ўдзельнікам выкрадання Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Мы паразмаўлялі з аўтарам фільму, Крыстʼянам Трыпэ, які распавёў нам акалічнасці таго, як паўстаў гэты фільм.

Споведзь удзельніка «эскадронаў смерці». Поўная тэкставая версія інтэрв’ю DW

– Калі вы рыхтавалі гэты фільм, ці думалі, што ён будзе мець такі поспех у расейскамоўных СМІ і ў Беларусі, што будзе такі эфект?

– Шчыра кажучы, так. Я няблага ведаю Беларусь, я быў там у 2001 годзе і пазней некалькі разоў. І я чуў ад сваіх калегаў на працы і ад свайго сябра пра знікненні апазіцыйных лідараў. Таму я не здзіўлены, што была такая моцная рэакцыя і разгарнулася такая дыскусія вакол тых адкрыццяў, якія мы зрабілі ў фільме.

– Што вы думаеце пра адсутнасць рэакцыі з боку ўладаў Беларусі? Маўчаць аб гэтай тэме.

– Наколькі я магу маніторыць сітуацыю з Берліну, беларускае кіраўніцтва ды людзі, якія мелі дачыненне да знікненняў 20 гадоў таму, не чакалі такога павароту. Не чакалі, што нехта з тых, хто служыў у гэтай вайсковай адзінцы і хто ведае пра тое, што здарылася 20 гадоў таму, будзе публічна распавядаць як сведка, які бачыў усё на ўласныя вочы. Мы ніколі раней не чулі гэтых фактаў. Мы ўпершыню падалі пэўныя доказы ды далі інфармацыю пра целы забітых палітыкаў.

Алег Алкаеў: Калі Гараўскі кажа праўду – сядзе. Але не ў Беларусі

– Вы ведаеце, палкоўнік Паўлічэнка сказаў, што не можа ўзгадаць героя вашай гісторыі, што ён яго не ведае.

– Так, але ў першым каментары ТУТ.БАЙ Паўлічэнка сказаў, што Гараўскі служыў у падраздзяленні.

– Прабачце, што перабіваю вас, але была ўжо іншая рэакцыя. Паўлічэнка сказаў, што пераблытаў Гараўскага з нейкім іншым байцом.

– Але мы бачылі дакументальныя пацверджанні, якія абсалютна пераканалі нас у тым, што наш сведка – Юрый Гараўскі – служыў у частцы № 3214. Ёсць жа і здымкі з сустрэчы Асацыяцыі ветэранаў, дзе выразна бачна спадара Гараўскага ў другім шэрагу, тварам да твару з Дзмітрыем Паўлічэнкам. Зразумела, ён яго ведае.

Вось фота, дзе Паўлічэнка і Гараўскі разам

– Можа, вы чыталі інтэрвʼю з былым следчым у справе зніклых палітыкаў, Петрушкевічам? Дык вось ён кажа, што не верыць Гараўскаму, бо той падаў мяшанку з агульнавядомых фактаў у гэтай справе, сабраў іх у кучу і выдаў вам у сваёй гісторыі.

– Я не чытаў гэтага інтэрвʼю. Не магу каментаваць. Але скажу, што мы працавалі вельмі інтэнсіўна з тым, што нам казаў Гараўскі, каб упэўніцца, што не маем дачынення з хлусам, які распавядае гісторыі, каб прыцягнуць да сябе ўвагу або каб проста абвінаваціць іншых асобаў. Мы намагаліся гэтага пазбегчы. Мы падалі факты. Гараўскі распавёў нам нешта, чаго мы не публікавалі, гэта было абсалютнаю навіной. Усе факты мы правяралі на месцах праз людзей у Беларусі, людзей, якія мелі інфармацыю пра трох зніклых палітыкаў. І мы прыйшлі да высновы, што верагоднасць таго, што Гараўскі кажа праўду, вельмі высокая, бо частка рэчаў, якія ён казаў, магла быць вядомая толькі людзям, якія бралі ўдзел у гэтым злачынстве.

– Як доўга вы рыхтавалі гэтую гісторыю? Калі я не памыляюся, гэта было каля паўгода?

– Гэта было некалькі месяцаў.

Як выглядае магчымае месца забойства Ганчара ды Красоўскага

– Можа, вы чулі версіі, што гэты фільм рэжысуравалі з Масквы, Крэмль браў удзел, што час, у які гэтае расследаванне з’явілася, невыпадковы і звязаны з перамовамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Што вы думаеце пра гэта?

– Чатыры тыдні таму на закрытай сустрэчы з рэдактарамі мы абмяркоўвалі, калі апублікаваць гэтую гісторыю, магчымыя даты, мы былі на 100 адсоткаў перакананыя, што людзі, якія паставяць нашае расследаванне пад сумнеў, адразу звяжуць яго з высокапастаўленымі размовамі паміж Расеяй ды Беларуссю. Гэтага немагчыма пазбегчы. У напружанай палітычнай сітуацыі паміж Менскам і Масквой ды двума кіраўнікамі дзяржаваў калі б мы ні апублікавалі гэтае расследаванне, некаторыя ўсё роўна яго б прывязалі да перамоваў. Рашэнне, якое мы прынялі, – проста даць гэта ў эфір у 2019 годзе, да важнай 20-й гадавіны тых падзеяў. Вось прычына, чаму мы апублікавалі гэта цяпер. Ну і каб не даваць такую гісторыю на Божае Нараджэнне.

Партрэты палітыкаў, якія, як лічыць грамадскасць, былі забітыя «эскадронамі смерці». Фота: belsat.eu

– Прабачце, што задам вам гэтае пытанне, не ўспрыміце як персанальную атаку на вас, але я хачу закрыць гэтую справу. Хтосьці плаціў вам за гэтае расследаванне? Хтосьці невядомы, мо нехта з Расеі, мо нейкім іншым чынам дапамаглі вам ці фінансава?

– Не, не, ніхто. Ніхто не дапамагаў, ніхто не плаціў. Як і мы не плацілі спадару Гараўскаму, гэта вельмі важна. «Дойчэ Вэле» не плоціць за інфармацыю ці інтэрвʼю. Ён сказаў, што хоча ачысціцца, зняць камень з душы. Што ён цярпіць ад зробленага, ад таго, у што быў уцягнуты і што яму загадвалі рабіць шмат гадоў. Гэта ягоны матыў.

– Але шмат людзей, якія глядзелі гэты фільм, і я ў тым ліку, не бачу, каб Гараўскі моцна раскайваўся і шкадаваў пра зробленае. Што вы думаеце?

– Я думаю, ён шкадуе. Шкадуе крыху па-іншаму, чым вы ці я, ці іншыя людзі, якія не служылі ў спецпадраздзяленнях і не прайшлі спецрыхтавання і забівалі людзей, калі вы разумееце, пра што я кажу. Гэта пытанне характару, ці тэмпераменту. Спосаб, у які ён шкадуе пра зробленае, для мяне выглядаў на халодны і аддалены. Але былі моманты, калі мы назіралі, што нешта адбываецца ў ягонай душы. Мы некалькі разоў пыталіся яго, як бы гэта сказаць, пра ступень ягонага раскаяння. Ён адказаў, што мае пэўныя псіхалагічныя праблемы пасля гэтага, пра якія не хоча размаўляць, што не хоча казаць пра дэталі публічна. Мы журналісты, не псіхолагі ды тэрапеўты. Ёсць моманты, якія мы мусім проста прыняць.

«Белсат» звярнуўся да псіхолага: ці можна верыць прызнанню Юрыя Гараўскага?

– Што будзе далей, вы думалі над гэтым? Што здарыцца ў наступным годзе, можа, расследаванне будзе ўзноўленае?

– Ёсць ужо пэўныя сігналы з Менску, што справа будзе перагледжаная яшчэ раз. Ёсць ціск з боку сямей, з боку аб’яднання родных ахвяраў, якія хочуць, каб новыя факты былі ўлічаныя, а расследаванне аднавілася. Я спадзяюся, гэта будзе зроблена, але я не эксперт у беларускай юрыдычнай сістэме. Калі вы памятаеце, спадар Гараўскі звярнуўся да беларускай сістэмы правасуддзя ў адным са сваіх зваротаў. Ён хацеў бы стаць перад судом і сведчыць там, ён нам сказаў пра гэта. Так што гэта можа здарыцца, і паверце, будзе яшчэ ціск з боку Рады Еўропы і тых, хто знаёмы з беларускімі справамі, каб афіцыйны Менск усчаў следства, бо ёсць новы сведка.

– Нехта з афіцыйных асобаў кантактаваў з вамі з Менску ў гэтай справе, прасіў кантакт Гараўскага?

– Не, ніхто. Адзінае – гэта заява кіраўніка Грамадскай камісіі для расследавання палітычных выкраданняў. Ён кажа, што ёсць новыя сведчанні ды ёсць ціск родных гэтых асобаў. Я прадбачу, што нешта мусіць здарыцца. Улады Беларусі не могуць гэтага пакінуць проста так. І сказаць: добра, ёсць нейкі чалавек, можа, ён кажа праўду, а можа, не. Яны гэтага так не пакінуць. Я думаю, у Гараўскага ёсць больш інфармацыі, чым ён нам распавёў, таму павінна быць нейкае афіцыйнае ўмяшанне ў гэтую справу. І я думаю, так і будзе.

Гараўскі: Паўлічэнка дапамагаў выбіваць грошы з бізнесоўцаў

– Ці ёсць нейкая важная інфармацыя, якая засталася па-за кадрам, вы яе не паказалі, а прыбераглі для наступнага фільму? Можа, будзе працяг гэтай гісторыі?

– Гэта акурат тое, пра што мы думаем: зрабіць сікўэл. Не 30 хвілінаў, але, можа, 5 ці 8. Мы гэта плануем. Вядома, залежыць ад рэакцыі на фільм. Хто што скажа, якія будуць палітычныя рэакцыі. Я думаю, працяг з’явіцца цягам двух-трох тыдняў.

– Але ці засталася ў вас нейкая інфармацыя пасля сустрэчаў з Гараўскім, якую вы прыбераглі, не публікавалі цяпер, а пакінулі на пазней?

– Не зусім так, мы сустракаліся з ім некалькі разоў, запісвалі вельмі даўгія інтэрвʼю. Гэта шмат гадзінаў матэрыялу, а фільм – 28 хвілінаў. І зразумела, некаторыя дэталі не трапілі ў фільм, гэта тое, што мы можам выкарыстаць пазней, калі вырашым даціснуць расследаванне і дадаць больш матэрыялаў да гісторыі.

– Дзякуй вам вялікі за гэтую размову.

– А вам дзякуй за цікавасць да тэмы. І дзякую вашаму тэлеканалу, вы падтрымалі нас таксама пэўнымі відэакадрамі для нашага фільму.

Размаўляў Ігар Кулей Belsat.eu

Hавiны