Сяргей Бульба: «З Паўлічэнкам мяне пазнаёміў Марцаў…»


Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба (Чыслаў) у інтэрв’ю «Еўрарадыё» распавёў, што знаёмы з меркаваным камандзірам «эскадронаў смерці» Дзмітрыем Паўлічэнкам, а ў дзень выкрадання палітыкаў з’ехаў у адпачынак па настойлівай просьбе «спонсара Ганчара». Belsat.eu паспрабаваў даведацца ў Бульбы, што яшчэ яму вядома пра падзеі 20-гадовай даўніны.

«Мы былі па розныя бакі»

Вы сцвярджаеце, што з Паўлічэнкам пазнаёміліся ў Пятра Марцава (рэдактар БДГ), бо рэдакцыю БДГ ахоўвалі былыя байцы спецназу. Прыгадайце, калі і пры якіх канкрэтна абставінах адбылося знаёмства?

– Разумееце, мы мелі ахоўны бізнес і час ад часу сутыкаліся. Частка байцоў працавала ў нашых ахоўных агенцтвах. Марцаў пазнаёміў мяне з ім на нейкім этапе, але я не магу прыгадаць калі дакладна, шчыра не памятаю даты.

Як у Марцава апынуўся Дзмітрый Паўлічэнка?

– Тыя байцы спецназу, з якімі я пазнаёміўся ў Пеці, да нашага агентства ніякага дачынення не мелі. Проста яны мелі сяброў, якія былі і там, і там… І ў Пеці сядзелі не нашы байцы.

Але вы кажаце, што менавіта там, у БДГ, пазнаёміліся з Паўлічэнкам. А з якой нагоды?

– На тое была ініцыятыва Марцава, ён сказаў мне «Хочаш, пазнаёмлю з такім вось?»

А якія стасункі звязвалі Паўлічэнку і Марцава, што агульнага яны мелі?

(уздыхае) Разумееце, Беларусь – невялікая краіна і ўсе мы, па сутнасці, раслі ў адным двары.

То бок, гэта быў чалавек з кола ягоных знаёмых сілавікоў?

– Абсалютна.

А па якіх пытаннях вы кантактавалі з Паўлічэнкам пасля?

– Я магу не адказваць на гэтае пытанне? Я не бачу асаблівага сэнсу, нічога прадметнага. Прыкладна тады ж, напрыканцы 90-х я бачыў яго апошні раз асабіста. Мы былі па розныя бакі. Максімум маглі абмяркоўваць нешта па ахоўных справах. Я не ведаю, якія пытанні гэтыя хлопцы маглі вырашаць праз Пецю Марцава. Там былі гульні свайго ўзроўню.

Пра збіццё КДБ, клінічную смерць і прапанову супрацы

У 1996 годзе, паводле вашых словаў, вас вывезлі ў лес супрацоўнікі КДБ, збілі, а потым вы нават перанеслі клінічную смерць. Як вы тады пасля збіцця трапілі ў шпіталь: вас завезлі, самі дабраліся?

– Я праз шмат гадоў спрабаваў знайсці тое месца, але не знайшоў. Здзівіўся, як я тады здолеў з лесу далёка за горадам дайсці да Слуцку і яшчэ прыцягнуць на сябе свайго сябра, бо той зусім вырубіўся. Ён пасля стаў байцом Французскага замежнага легіёну – тут яго нікуды не бралі.

Аднаўляецца
Лідар «Белага легіёну»: Я перажыў клінічную смерць
2017.04.22 09:08

А тады я сам для сябе вырашыў, што мяне дух вёў. У Слуцку я дайшоў да свайго сябра, які там жыў, пагрукаўся ў дзверы пасярод ночы – дык ягоная жонка ледзь не знепрытомнела, пабачыўшы мяне ўсяго акрываўленага. Пасля яны мяне ў бальнічку паклалі, але я мала памятаю ўжо.

Чаму вы вырашылі распавесці гісторыю пра збіццё толькі праз больш чым 20 гадоў?

– Ну, таму што распавёў! Бывае гэтак? Я б, магчыма, і не стаў бы агучваць, калі б хлопцаў не арыштавалі [Бульба мае на ўвазе арышт фігурантаў справы «Белага легіёну» ўвесну 2017-га. – Belsat.eu].

Як вам падаецца, чаму вас не забілі? Бо мелі такую магчымасць, раз давялі да клінічнай смерці.

– Адказу я не ведаю, але мой унутраны адказ самому сабе: значыць, я быў для нечага іншага патрэбны.

Скажыце, вам калі-небудзь прапаноўвалі супрацу з КДБ або іншымі сілавымі структурамі?

– Ну, вы ж бачыце самі, што павезлі адразу закапваць! А ў 2008 годзе, калі нас выпускалі з ізалятару [былых чальцоў «Белага легіёну» затрымлівалі ў Менску пасля выбуху 4 ліпеня 2008 году, але адпусцілі праз 10 дзён. – Belsat.eu], хлопец-аператыўнік, саромеючыся, падсоўвае аркуш паперы, маўляў, можа, падпішаце? Я дастакова груба кажу: «Я, с**кі, на гэтую дзяржаву і так працую ў два разы больш, чым вы». Ён выдыхнуў, засунуў аркуш у шуфлядку і выбачыўся. Яны не дурныя, складаюць псіхалагічны партрэт чалавека і разумеюць, ці атрымаецца з ім размова.

«Ганчар меў рэкамендацыі, што мы – сур’ёзныя людзі»

Вы казалі, што «эскадроны смерці» могуць быць датычныя да ліквідацыі бандытаў і згадваеце бандыта па мянушцы «Ваўчок» – як яго звалі, якім чынам і калі ён быў забіты?

– Была структура абшчака, нейкая пірамідка выбудаваная і было некалькі «беспредельщиков», якія не слухаліся ні міліцыю, ні абшчакоўскую структуру, а жылі самі па сабе. Па маёй інфармацыі, вось такіх быццам хлопцы з СОБРу і ліквідавалі. Гэта ўсё такія чуткі… Я асабіста з гэтым «Ваўчком» не быў знаёмы.

Што да Віктара Ганчара – як вы пазнаёміліся з ім? Прыгадайце, калі ласка.

– Не здзіўлюся, калі нас таксама пазнаёміў Пеця Марцаў і, хутчэй за ўсё, гэта ён і быў. Ганчар меў рэкамендацыі, што мы – сур’ёзныя людзі, якім можна давяраць. Гэта датычыць не толькі Ганчара, але і Захаранкі. Калі я вярнуўся са шпіталя ў Слуцку з накладзенымі швамі, заехаў у Вярхоўны савет, дзе апазіцыя мела пакой, а там сядзеў Захаранка. Ён паглядзеў і кажа: «Ну, Сярога, значыць вас паважаюць!».

Колькі прыкладна чалавек з «Белага легіёну» былі ў ахове Ганчара?

– Давайце гэтае пытанне апусцім.

Паводле вас, у дзень знікнення Ганчара вы былі на адпачынку ў Крыме, куды вас даслаў «спонсар Ганчара», нейкі алігарх…

– Прозвішча называць не буду. Ён быў хітры, спадзяваўся, што стане алігархам і будзе тут усё кантроліць. Я пытаўся, чаму ён фінансаваў і апазіцыю, і камуністаў, на што той шчыра казаў: «Разумееш, калі камуністам кажаш вырашыць нейкае пытанне, яны вырашаюць, бо ёсць дысцыпліна, а вашых раздалбаеў – ну іх нафіг». Гэты чалавек ужо даўно выехаў за межы Беларусі. На яго было заведзена пару крымінальных эканамічных справаў, ён выкруціўся, але быў вымушаны бегчы.

У інтэрв’ю «Еўрарадыё» вы сцвярджалі, што з Паўлічэнкі зрабілі «пужалку» для людзей, а выкраданні могуць быць справай рук усходняга суседа. Навошта гэта было рабіць Расеі?

– Нармальная доўгатэрміновая нарыхтоўка, каб тут была так званая кансерва, як з Кучмам і Гангадзе. Каб кіраўнік дзяржавы не справай займаўся, а мусіў перыядычна нервавацца, рабіць памылкі. Спецслужбы [расейскія. – Belsat.eu] ствараюць сваім суседзям такія праблемы.

***

Сяргею Бульбе (Чыславу) 52 гады. Ён скончыў Менскую вышэйшую інжынерна-зенітную вучэльню ў 1989 годзе, служыў на мяжы з Кітаем. У 90-я гады быў сярод заснавальнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў, пасля – «Белага легіёну». Гэтая прабеларуская нацыяналістычная арганізацыя займалася ідэалагічнай і фізічнай падрыхтоўкай сваіх байцоў і праіснавала да 2005 году. Пасля Чыслаў жыў у Маскве, Лацінскай Амерыцы, на Тыбеце. З 2013 году пераехаў ва Украіну, дапамагаў дастаўляць гуманітарную дапамогу ў АТА. Сёння жыве ў Менску і з’яўляецца актывістам грамадскай кампаніі «Свежы вецер», якая выступае супраць інтэграцыі з Расеяй.

КА belsat.eu

Стужка навінаў