«Ратавальных камізэлек 25, а дзяцей 41» – апошняе слова трэнера ў справе смерці школьніка


28 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Магілёва з апошнім словам выступіла трэнер па веславанні Ірына. Жанчыну абвінавачваюць у службовай нядбайнасці, праз якую загінула дзіця. На трэнаванні па веславанні, якое праводзіла Ірына 26 чэрвеня 2018 года, патануў 14-гадовы школьнік Станіслаў.

«Мяне судзяць паводле 428 артыкулу Крымінальнага кодэксу за службовую нядбайнасць, але ў той дзень не ўсё залежала ад мяне. Я была пастаўленая ў такія ўмовы, калі ў мяне адсутнічала магчымасць выканання сваіх абавязкаў. Некаторыя пытанні я ставіла перад кіраўніцтвам школы», – сказала Ірына на судзе.

Вяслярная база ў Магілёве. Фота «Белсат»

Не хапіла ратавальнай камізэлькі

Ірына патлумачыла, што 26 чэрвеня на вяслярнай базе праходзілі заняткі ў межах спартовага лагеру. І ў гэты дзень у Ірыны было дзяцей больш, чым мелася быць паводле нараду-допуску да заняткаў.

«Я дасюль не разумею, чаму Станіслаў выйшаў на ваду без ратавальнай камізэлькі. Але я ведаю, што на базе было ўсяго 25 камізэлек, а дзяцей у той дзень прыйшло 41 чалавек. Магу толькі выказаць здагадку, што Станіславу не хапіла ратавальнай камізэлькі», – заявіла на судзе Ірына.

Да гэтага Ірына дадала, што акваторыя Дняпра, дзе займаюцца дзеці, павінная мець разметку, але яе няма. Паўплывала і тое, што калона дзяцей расцягнулася на вялікую адлегласць так, што нельга было адначасова назіраць і пачатак, і канец калоны.

Месца, дзе пачынаюцца і сканчаюцца ўсе трэніроўкі на вадзе. Фота «Белсат»

Залік па плаванні не праводзіўся

«У нарадзе-допуску прапісана, што я абавязаная прымаць у дзяцей залік па плаванні. Але гэта не мая кампетэнцыя. Кіраўніцтва вяслярнай базы не забяспечыла ўмоваў для правядзення гэтага заліку. Таму я была вымушана спраўджваць у дзяцей іхнае ўменне плаваць проста на словах», – тлумачыць Ірына.

Hавiны
Школьнік патануў на занятках веславання. У Магілёве судзяць трэнера
2019.03.12 15:11

Такое магло здарыцца з кожным трэнерам

На суд прыйшоў адзін з былых трэнераў вяслярнай базы. Ён запытаўся ў суддзі Наталлі Крашкінай, чаму судзяць трэнера, а не кіраўніцтва вяслярнай базы. На што суддзя адказала, што яна разглядае тую справу, якую склалі следчыя.

На думку трэнера, які пажадаў застацца неназваным, гэтая бяда магла здарыцца з кожным трэнерам:

«Да адказнасці трэба прыцягваць кіраўніцтва вяслярнай базы, а не Ірыну. Яна была проста пастаўленая ў такія ўмовы працы. Я не разумею, чаму ў якасці сведкаў выклікалі так мала працаўнікоў самой базы. Мне дзіўна, што Ірына чамусьці адмовіліся ад паслугаў адваката, хоць ейныя калегі ёй казалі, каб брала адваката, і нават прапаноўвалі скінуцца грашыма».

Ірына сваю віну цалкам прызнала і гатова панесці пакаранне. Яна ўжо шмат разоў прасіла прабачэнне ў бацькоў школьніка Станіслава і зноўку зрабіла гэта падчас апошняга слова. Паводле Ірыны, яна будзе вінаваціць сябе ўсё сваё жыццё. Але просіць суд прыняць да ўвагі і тое, што ў яе самой 6-гадовы сын, і не караць яе турэмным зняволеннем.

Вяслярная база ў Магілёве. Фота «Белсат»

Пазіцыя пацярпелых

На судовыя паседжанні прыходзіць толькі бацька загінулага Станіслава – Яўген. Ён ужо звяртаўся да суда з просьбаю моцна не караць Ірыну і лічыць, што суд дастаткова поўна і ўсебакова разгледзеў справу. Яўген так бачыць галоўную прычыну смерці свайго сына:

«Галоўная прычына – пагоня за вынікамі ад спартоўцаў. Трэнер-настаўнік проста не справілася са сваймі абавязкамі і ўсё. Трэнер нават не магла ўявіць, што з дзіцём можа такое здарыцца. Яна дала кожнаму заданне, і дзеці пайшлі. Хоць ёй пад роспіс даведзена, што яна абавязаная сачыць за групаю дзяцей, якія на трэнаванні. Яна ні ў якім разе не павінная была адпускаць іх ад сябе нават на 1 км».

Яўген кажа, ён знаёміўся з матэрыяламі справы і таму ведае, што дырэктар вяслярнай базы Аляксандр Масяйкоў зняў з сябе ўсе абавязкі па даглядзе за дзецьмі. Гэтыя абавязкі былі перакладзеныя на трэнера Ірыну і намесніцу дырэктара. Так што следства проста не магло прыцягнуць дырэктара да адказнасці.

Рака Днепр у Магілёве. Фота «Белсат»

Бацькі загінулага хлопчыка ўсё яшчэ збіраюцца выстаўляць грамадзянскі пазоў да вяслярнай базы на кампенсацыю маральнай шкоды. Згодна з уставам базы, менавіта яна нясе поўную адказнасць за жыццё і здароўе дзяцей.

14-гадовы школьнік Станіслаў патануў у Дняпры падчас трэнавання па веславанні 26 чэрвеня 2018 года. Хлопчык ішоў у адзіночным чоўне на адлегласці ад трэнера. Ратавальнай камізэлькі на ім не было. Калі човен перакуліўся, Станіслаў яшчэ нейкі час трымаўся на вадзе, але не дачакаўся дапамогі ды патануў.

Вырак у справе чакаецца 2-га красавіка.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў