Павел Спірын: «Калі Лукашэнка загадае страляць – у адказ людзі будуць страляць па жыхарах Драздоў»


Павел Спірын

Беларускі блогер і юрыст Павел Спірын набыў вядомасць пасля выхаду фільму «Айчым» напрыканцы 2017 году на ягоным ютуб-канале. Стужка з рэзкай крытыкай на адрас Аляксандра Лукашэнкі тады сабрала больш за мільён праглядаў. Сёлета Спірын хацеў балатавацца ў прэзідэнты, аднак ЦВК не зарэгістраваў ініцыятыўную групу блогера.

Belsat.eu даведаўся, чым ён цяпер жыве і як рэагуе на палітычныя падзеі ў краіне.

– Вы, напэўна, сочыце за Сяргеем Ціханоўскім і бачыце, якія чэргі збіраюцца, каб пакінуць подпіс за ягоную жонку. Як вам падаецца, чаму гэтыя пікеты карыстаюцца такой шалёнай папулярнасцю?

– Справа ў тым, што цяпер блогерскі рух выйшаў на першае месцы па ўзроўні даверу насельніцтва. Папулярнасць блогераў нават вышэй, чым у вядучых беларускіх СМІ. Абсалютна ўсе стаміліся ад неадэкватных паводзінаў уладаў. А Сяргей Ціханоўскі стаў лідарам і, уласна, сімвалам пратэставых настрояў, дзякуючы сваёй харызме, сваёй здольнасці акумуляваць энергію і слухаць людзей. Гэтым ён і прыцягвае і выклікае давер. Людзі адчуваюць, калі да іх павернутыя тварам, калі ім хочуць дапамагаць.

Сяргей Ціханоўскі і Мікалай Салянік.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

– Вы з Сяргеем знаёмыя асабіста? Што можаце сказаць пра яго як асобу?

– З Ціханоўскім мы пазнаёміліся прыкладна год таму, калі рабілі інтэрв’ю. Вельмі добры суразмоўца, умее слухаць. Я давяраю Сяргею і цешуся, што ягоны канал развіўся. А гэтыя падзеі ў Горадні – нягодная пастаноўка, агідны арышт – мяне абураюць. Я спадзяюся, што подласць не застанецца непакаранай.

– Чаму, на вашую думку, улады гэтак баяцца блогераў і актыўна іх пераследуюць?

– Таму што нас немагчыма кантраляваць, у адрозненне ад СМІ. Я магу дома зрабіць матэрыял, які збярэ мільён праглядаў. Мы не звязаныя заканадаўствам аб СМІ, нейкімі дамоўленасцямі і ліцэнзіямі. Акрамя таго, вялікі плюс у нашай мабільнасці. А сакрэт папулярнасці ў народзе ў нашай шчырасці, бо мы паказваем праблемы, якія ўлады замоўчваць.

Сяргей Ціханоўскі ў Магілёве.
Фота: «Белсат»

Не скажу, што ўлады прэсуюць проста ўсіх блогераў. Мяне пакуль сур’ёзна не чапалі, хаця правялі 8 крымінальных праверак у межах справаў аб паклёпе, дыскрэдытацыі ўладаў і г.д. Але пракурор устаў на мой бок і ўсе праверкі скончыліся пшыкам.

– Пасля таго, як вашую групу ЦВК не зарэгістраваў, вы вырашылі далучыцца да чыйсці кампаніі? У нейкім статусе збіраецеся ўдзельнічаць у электаральным працэсе?

– Калі Сяргея Ціханоўскага выпусцяць, будзем з ім гэта абмяркоўваць. Акрамя Ціханоўскіх, я не бачу ніводнага кандыдата, які зможа акумуляваць сілы. Кажуць, нейкую вагу мае Бабарыка, але я з гэтага смяюся. Паглядзеў ягоныя выказванні, як ён сябе пазіцыянуе, і прыйшоў да высновы, што гэта чалавек лукашэнкаўскай загартоўкі, які абсалютна не пасуе Беларусі. Калі дапусціць, што гэты чалавек, не дай бог, стане прэзідэнтам, у краіне нічога не зменіцца. Ну, ператасуе службовых асобаў, але яны застануцца тымі ж самымі.

– А што думаеце пра Валера Цапкалу?

– Горш для мяне кандыдата няма. Я адчуваю, калі чалавек можа нешта зрабіць, а калі проста ходзіць і ўсміхаецца. Цапкала ўсё жыццё прапрацаваў ля Лукашэнкі. Немагчыма, знаходзячыся ў бочцы з нейкім рэчывам, застацца чыстым. Яны з жонкай, канешне, прыемныя ў камунікацыі, але гэта ўсяго толькі абгортка. А нам варта мяняць начынку.

– Ці магчыма, што беларусы гатовыя дзеля пераменаў не толькі стаяць у чэргах, але і выйсці на пратэсты супраць абрання Лукашэнкі на шосты тэрмін?

– Лукашэнка вельмі напужаны, ён увесь на іголках. Гэты чалавек неадэкватны і так, а ў такім стане здольны на ўсё, што заўгодна. Я думаю, ён паспрабуе нас сутыкнуць з АМАПам: узяць адну частку бедных людзей і прымусіць іх ісці супраць другой часткі бедных людзей. Як гэта было ў Горадні, калі натравілі нейкіх асобаў… Такім чынам назапашваецца нянавісць.

Калі ён загадае страляць, то людзі ў адказ не па АМАПу будуць страляць, а прыйдуць у Дразды і будуць страляць па іх жыхарах.

– І ўсё ж, як вам падаецца, чым усё скончыцца на сёлетніх выбарах?

– Калі не зарэгіструюць Ціханоўскую, гэтая сметніца губляе сэнс. За каго я пайду? За Бабарыку або Цапкалу? Там (сярод патэнцыйных кандыдатаў) ёсць некаторыя добрыя людзі, не буду называць прозвішчы. Але мала быць добрым, варта мець моцную харызму і такую ж праграму.

– Магчыма, вы цяпер працуеце над чарговым фільмам?

– Так, можа быць, неўзабаве выйдзе матэрыял пра незаконны гандаль узбраеннямі – з дакументамі, з фактурай. Дакладней, маецца на ўвазе незаконная перапраўка праз мяжу з Літвой абсталявання, якое выкарыстоўваецца для запраўкі рэактыўным палівам.

Hавiны
Суд прызнаў экстрэмісцкім фільм блогера Паўла Спірына пра «наркатычны» артыкул
2019.11.20 14:10

КА belsat.eu

Стужка навінаў