У паветры даўно нервова лятала пытанне: калі ўжо ўлада праявіць ініцыятыву і фантазію ў барацьбе з патэнцыйнымі кандыдатамі? Ініцыятыва нарэшце была праяўленая пры затрыманні Сяргея Ціханоўскага ў Горадні. Праўда, з фантазіяй, як заўсёды, атрымалася туга. Пастаноўка атрымалася не якасная : акторы падкачалі, рэжысура смярдзела старымі метадамі. Станіслаўскі бы сказаў: не веру!
Магчыма калісьці будзе пастаўленая п’еса па матывах Выбараў-2020. Думаю, што наперадзе шмат цікавых падзей, якія маглі бы быць матэрыялам для будучых літаратараў і сцэнарыстаў. Я прапаноўваю вам толькі кароткія замалёўкі для магчымай пʼесы.
«Неверагодныя прыгоды блогера ў горадзе над Нёмнам».
Трагікамічная пʼеса ў адным дзеянні.
Сяргей Ціханоўскі, 41 год, апазіцыйны блогер, на твары маска з надпісам «Страна для жизни».
Алена, дзяўчына пышных формаў, каля 40 гадоў, апранута ў легінсы на 2 памеры большыя.
Дзяўчына ў акулярах, каля 30 гадоў, ціхая і амаль незаўважная на фоне пышнай і гучнай Алены.
Першы міліцыянт.
Другі міліцыянт.
Трэці міліцыянт (без словаў).
Апызіцыйна настроены натоўп гарадзенцаў (кажуць хорам, ва ўнісон).
Журналісты (без словаў).
29 траўня 2020 году. Рэспубліка Беларусь. Горад Горадня. Плошча Савецкая. Сонечны халодны дзень. Апазіцыйна настроеныя гарадзенцы прыйшлі на сустрэчу з апазіцыйным блогерам. Некалькі актывістаў збіраюць подпісы. Хтосьці ў натоўпе грае на гітары песню Сяргея Міхалка «Грай». Амаль усе – у антывірусных масках.
Ціханоўскі (гучна): Стоп, Таракан!
Натоўп гарадзенцаў (радасна): Стоп, Таракан!
Хтосьці з натоўпу: Сяргей, а можна з Вамі зрабіць сэлфі?
Ціханоўскі: Канешне! Давайце!
Гарадзенцы актыўна сэлфяцца з блогерам. Праз натоўп праціскаецца Алена разам Дзяўчынай у акулярах.
Алена (падміргваючы Ціханоўскаму): Мужчына! А можна з Вамі пазнакоміцца? За апрэдзелённую сумму, канешне!
Ціханоўскі: Як можна? Я – жанаты чалавек! Тым больш, што мая жонка – будучы прэзідэнт!
Дзяўчына ў акулярах (ціха, штурхаючы Алену ў бок локцям): Алена! Што ты нясеш? Нас пра іншае прасілі запытацца!
Алена: Ой! Я забылася саўсем, што я не на асноўнай рабоце, а на падработке! Так вот! Аб’ясніце мне, мужчына: пачаму ва ўрэмя каронавіруса вы збіраеце тут талпу?
Ціханоўскі: А хто забараняў збірацца? У нас няма каранціну! Таракан забараніў каранцін!
Дзяўчына ў акулярах (шэпча Алене): Голым азадкам такога не возьмеш! Раскручвай яго!
Алена: Вы лучшэ раскажыце пра сваю супругу! Нам очэнь інцярэсна!
Ціханоўскі: Пра маю жонку вы можаце пачытаць у інтэрнэце!
Алена: Нет! Вы скажыце мне, мужчына! Пачаму вы, жанаты чалавек, а вот вашай жаны нет радам з вамі? Выставілі какой-та манікен уместа яе! А вакруг ходзіт столька красівых адзінокіх жэншчын, кстаці!
Ціханоўскі (адыходзячы): Я ўжо з вамі дастаткова паразмаўляў! Мне трэба з іншымі людзьмі пагутарыць!
Натоўп гарадзенцаў: Жанчына! Пакіньце ў спакоі спадара Сяргея!
Алена (бяжыць за блогерам): А вот я чытала ў інтэрнэце, што Вас спансірует журнал Playboy! Вы староннік свабоднай паліцічэскай любві?
Ціханоўскі: Пакіньце мяне ў спакоі са сваімі фантазіямі! Вы – правакатар!
Алена: Нет! Вы атвецце на мой вапрос!
Натоўп гарадзенцаў: Правакатарка!
Ціханоўскі: Жанчына! Навошта вы за мной увесь час бегаеце? Я ўжо стаміўся колы наразаць па плошчы! Я ўжо вам патлумачыў: я кахаю сваю жонку!
Алена (схапіўшы за руку блогера): Мужчына! Я сколька раз вам пісала на вашым канале! Я сколька раз прэдлагала устрэціцца на пару часоў, і адзін на адзін абсудзіць саўрэменныя беларускія паліцічэскія ігры! Вы меня усё врэмя ігнарыравалі, а патом ваабшчэ заблакіравалі!
Ціханоўскі (вырываючы руку): Прыбярыце свае рукі! Пакінь мяне ў спакоі, старая!
Алена: Эта я старуха? Да вы ахрэнелі, мужчына! Вы меня ў бане відзелі, штоб такое гаварыць?
Дзяўчына ў акулярах (упершыню гучна, і звяртаючыся да ўсіх): Вы перайшлі ўсе межы! Мы тут сваімі грудзьмі на амбразуру кідаемся! Дзве бабы, прабачце, стаяць, хочуць атрымаць канкрэтны адказ на канкрэтна пастаўленае пытанне! А двухметровы жлоб проста стаіць і нічога не можа зрабіць!
Натоўп гарадзенцаў: Правакацыя!
Дзяўчына ў акулярах (ціха Алене): Усё! Пачынаем аперацыю «Завалі лася»! (штосьці шэпча нягучнае ў кішэнь паліто)
На сцэне раптам зʼяўляюцца трое міліцыянтаў у форме. Усе ў масках, але па вачах бачна, што чакаецца суворая мужчынская размова.
Першы міліцыянт: Добры дзень! Старшы ўчастковы міліцыі!
Натоўп гарадзенцаў: Прыбярыце яе, калі ласка!
Алена (горача): Я задала вапрос чалавеку, а он ад мяне убегает! Я хачу палучыць атвет! Панімаеце? Проста палучыць атвет!
Другі міліцыянт: Пайдзёмце, жэншчынка! Сейчас мы з ім разбяромся! Сейчас он атвеціт на ўсе пастаўленыя вапросы!
Міліцыянты прарываюцца праз натоўп да Ціханоўскага.
Першы міліцыянт (Ціханоўскаму): Мужчына! Атвецце на вапрос!
Ціханоўскі (спрабуе сысці): Я не збіраюся з вамі размаўляць!
Другі міліцыянт: А вот і не палучыцца ўйці ад пастаўленых вапросаў!
Міліцыянты хапаюць Ціханоўскага і цягнуць за сабой. Натоўп пачынае гаманіць і спрабаваць адбіць блогера. Пачынаецца валтузня. Праз паўхвіліны чуецца адчайны крык праз шум натоўпу. Натоўп разыходзіцца. Пасярэдзіне сцэны, на баку, ляжыць Трэці міліцыянт. Фуражка валяецца побач з галавой. Міліцыянт ляжыць нерухома, толькі правая рука ў блакітнай пальчатцы трошкі дрыжыць. Вочы заплюшчаныя.
Алена (вельмі гучна): Забілі!!! Забілі чалавека!!!
Нямая сцэна.
Парцьера.
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.