«Не адпаведна чыну бяруць». Што хаваецца за гучнымі карупцыйнымі справамі?


2019 год распачаўся хваляй карупцыйных справаў. Адбыліся затрыманні генеральных дырэктараў «БелОМА», прыборабудаўнічага заводу «Аптрон», «Віцебскмясамалпраму» ды Менскага заводу шасцерань. Прайшлі масавыя затрыманні ў структурах, звязаных з «Белмытсэрвісам» і Беларускім міжбанкаўскім разліковым цэнтрам.

А перад самым новым годам быў затрыманы намеснік гендырэктара «Беларуськалія». Свежыя ў памяці і нядаўнія затрыманні кіраўнікоў Жодзіна і Пухавіцкага раёну.

І гэта пры тым, што ўва ўсю ідуць, прайшлі ці неўзабаве пачнуцца суды за карупцыю: у дачыненні да чыноўнікаў ад медыцыны, уключна з намеснікам міністра аховы здароўя, прадстаўнікоў «Бабруйскаграмашу» і «ТАіМу», дырэктара менскага Палацу спорту, чарговага начальніка Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму ды іншых.

Па суседстве з Ямайкай

І гэта пры тым, што Аляксандр Лукашэнка актыўна змагаецца з карупцыяй амаль 26 гадоў – з далёкага 1993 года, то бок яшчэ да таго, як стаў прэзідэнтам. Не ўплываюць і яго сталыя папярэджанні чыноўнікам і кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў пра адказнасць за хабар і іншыя злоўжыванні.

У выніку ў свежым сусветным індэксе ўспрыняцця карупцыі ад Transparency International Беларусь дзеліць 70-е месца сярод 180 краін з такімі дзяржавамі, як Ямайка і Саламонавыя астравы.

Сістэмнай барацьбы з карупцыяй у Беларусі няма

Як адзначыла ў каментары Belsat.eu дырэктарка Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA Наталля Рабава, у Беларусі вядзецца не сістэмная барацьба з карупцыяй, а яе імітацыя ў дачыненні «тых людзей, якія пэўным чынам не дагадзілі, патрапілі ў няміласць ці з’яўляюцца разменнай манетай у нейкіх апаратных гульнях».

На яе думку, рост колькасці судоў і затрыманняў за карупцыю кажа толькі пра тое, што ўсё гэта стала больш вылазіць на паверхню. Прычыны гэтага экспертка бачыць у скарачэнні фінансаў, калі адбываецца крах мінулай беларускай эканамічнай мадэлі.

«А людзі, якія на месцах прывыклі браць, а частку аддаваць наверх, па-ранейшаму так і робяць. Калі б у нас было саслоўнае жыццё, можна было б сказаць, што не адпаведна чыну бяруць – больш, чым дазваляецца», – мяркуе суразмоўца.

Наталля Рабава не выключае, што такімі затрыманнямі ім нібыта кажуць зменшыць свае апетыты.

«Часы цяжкія, паясы трэба зацягнуць, а хто не разумее – глядзіце. Але гэта толькі адно з магчымых тлумачэнняў. Якая сапраўдная матывацыя да гэтага «фас!» і чаму ўзнікаюць пытанні ў дачыненні менавіта гэтых людзей, а не нейкіх іншых, цяжка меркаваць. Наўрад ці тыя, хто зараз знаходзіцца ў судзе ці пад следствам, – гэта адзіныя людзі, уцягнутыя ў карупцыйныя схемы», – падкрэсліла экспертка.

Паводле яе, сістэмнасць барацьбы з карупцыяй забяспечваецца не толькі рэпрэсіўным апаратам, але і стварэннем умоў на дзяржслужбе, якія б рабілі карупцыю немагчымай. У прыватнасці, неабходна павышаць празрыстасць шляхам правядзення галосных паседжанняў, на якіх прымаюцца рашэнні, навядзення парадку ў дзяржзакупах, павышэння прэстыжу дзяржслужбы.

Hавiны
Ці дапамогуць вайсковыя парадкі павысіць прэстыж дзяржаўнай службы?
2019.01.22 17:09

Таксама неабходнае прыняцце і нармальнага Этычнага кодэксу, а не статуту, па «якім жыць немагчыма». У кодэксе могуць быць распрацаваныя прынцыпы, а выконваць яго мусяць з самага верху, пачынаючы з узроўню прэзідэнта.

Суразмоўца адзначыла, што на дзяржслужбу мусяць ісці людзі не для таго, каб «харчавацца» з нейкага кавалку працы, а, каб, атрымліваючы годную ўзнагароду і працуючы на цікавым месцы, мець магчымасць выявіць сябе, а не толькі «чуць вокрыкі і атрымліваць аплявухі зверху».

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў