У пачатку сакавіка на онлайн-аўкцыёне «eBay» прададзеныя рэдкія фотаздымкі з людзьмі, на якіх мы можам пабачыць знаёмыя чорна-жоўтыя стужкі з расейскага ордэну. Аднак гэта не святкаванне 9 траўня і не тусоўка прарасейскіх сепаратыстаў.
Цяпер беларусам часта навязваюць так званую «георгіеўскую стужку» як сімвал перамогі над нацызмам. Менш фармальна яна таксама сведчыць пра антыўкраінскія і антыбеларускія пракрамлёўскія настроі.
Аднак гісторыя гэтай стужкі як палітычнага сімвалу ў Беларусі іншая.
У 1943-1944 гг па меры таго, як адступалі на захад войскі нацысцкай Нямеччыны, з тэрыторыі Расеі ў Беларусь пераязджалі ўцекачы. Яны паходзілі са Смаленску, з Арлу, з Бранску, з Пскову і іншых гарадоў і рэгіёнаў. Гэта былі вайскоўцы, якія ваявалі на баку немцаў, паліцэйскія, казакі, настаўнікі, супрацоўнікі адміністрацыі, святары, проста сельскія і гарадскія жыхары, якія не хацелі зноў апынуцца пад уладай Сталіна.
Дзясяткі тысячаў асобаў з даволі рознымі лёсамі і перакананнямі, якіх мала што аб’ядноўвала. І спроба іх абʼяднаць была зробленая ў беларускім Бабруйску.
У сакавіку 1944 году менавіта ў Бабруйску сталі ладзіць мітынгі «Саюзу барацьбы супраць бальшавізму» – антысавецкай арганізацыі, якая планавала абʼяднаць расейскіх мігрантаў у Беларусі, а потым, магчыма, і за яе межамі.
Мэтаю арганізацыі была абвешчаная «барацьбы супраць усіх праяў жыда-бальшавізму». Прычым, калі дарослыя маглі ўваходзіць у арганізацыю добраахвотна, то для дзяцей і падлеткаў ад 10 да 18 год сяброўства ў маладзёвай секцыі СБСБ было абавязковым.
Магчыма, выяўленыя нядаўна фота акурат паказваюць мітынг СБСБ падчас адкрыцця юнацкага лагера гэтай арганізацыі пад Бабруйскам. У пабудаваны сіламі нямецкай арміі гарадок планавалася адправіць 700 дзяцей для іх гадавання і адукацыі ў адпаведным духу.
Вось менавіта расейская «георгіеўская стужка» і георгіеўскі крыж сталі афіцыйнымі сімваламі СБСБ і «асвячалі» нацысцкую прапаганду і агітацыю. Апошнія, дарэчы, была часцяком скіраваная не толькі на расейцаў, але і на мясцовую беларускую моладзь раёнаў вакол Бабруйску, што выклікала пратэсты з боку беларускіх нацыяналістаў.
Менавіта 9 траўня 1944 года кіраўнік СБСБ Міхаіл Октан (сапраўднае прозвішча – Ілініч), які прыехаў у Беларусь з расейскага Арла (а туды – з Адэсы), пад сваймі «георгіеўскімі», ці хутчэй октанаўскімі, сцягамі абвяшчаў пра стварэнне Абʼяднанага (расейска-беларускага) саюзу моладзі. Аднак гэтая справа далей дэкларацыі не пайшла.
Такім чынам, менавіта Октан самым першым чапляў на моладзь «георгіеўскія» стужкі і зрабіў з іх не сімвал вайсковай мужнасці, а палітычны сімвал і сродак прапаганды. Варта было б называць сённяшнія чорна-жоўтыя стужкі, якія пачала папулярызаваць расейская прапаганда ў 2005 годзе, не георгіеўскімі, а октанаўскімі.
Звычайна мы называем расейскую чорна-жоўтую ці чорна-аранжавую стужку «георгіеўскай», і многія лічаць, што яна неяк традыцыйна звязаная з агульнахрысціянскім святым Юрʼям (на расейскай мове – Георгі, на польскай – Ежы, на ўкраінскай – Юрій, на ангельскай – Джордж).
Аднак расейская стужка паходзіць ад уведзенага ў 1769 годзе ордэна святога Георгія ў Расеі. Калі нехта носіць яе, ён носіць не сімвал святога-рыцара, а проста стужку колераў ордэна замежнай дзяржавы. Навошта гэта рабіць? З такім жа поспехам беларус можа насіць стужку якой-небудзь амерыканскай, кітайскай ці нямецкай баявой узнагароды.
На самой жа справе традыцыйныя агульнаеўрапейскія геральдычныя колеры святога Юрʼя – белы і чырвоны.
Гэтак афіцыйны сцяг Ангельшчыны – чырвоны крыж на белым поле – так і называецца сцягам святога Юрʼя ў міжнароднай геральдыцы. Тое ж і ў Грузіі, дзе святы Юрʼя афіцыйны апякун краіны і нават даў сваё імя яе еўрапейскай назве – «Georgia». Сцяг Грузіі – гэта чырвоны крыж на белым поле і з меншымі чырвонымі крыжамі ў кожнай чвэрці сцяга.
Такім чынам наш бел-чырвона-белы сцяг – значна бліжэй да сапраўднага геральдычнага сімвала хрысціянскага святога-пераможцы, чым сумнеўная замежная чорна-жоўтая стужка.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu