На сустрэчы з навукоўцамі Лукашэнка вырашыў праверыць сябе і чыноўнікаў на тугавухасць


25 студзеня Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з навукоўцамі пажартаваў пра магчымую тугавухасць некаторых кіраўнікоў, піша belta.by. На сустрэчы ўручаліся дыпломы дактароў навук і атэстаты прафесара.

Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы доктар медычных навук, дацэнт Людміла Макарына-Кібак распавяла кіраўніку Беларусі пра тэму сваёй дысертацыі. Ступень доктара ёй прысудзілі за распрацоўку эфектыўнай тэхналогіі аказання меддапамогі пацыентам з хранічным гнойным сярэднім атытам.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці ёсць у Беларусі акрамя яе дасведчаныя спецыялісты ў гэтай галіне.

«Хто ў нас свяціла ў гэтай сферы? У нас ёсць чалавек, які можа зірнуць у вуха і сказаць, што рабіць?» – спытаў ён.

Людміла Макарына-Кібак пералічыла прозвішчы спецыялістаў і адзначыла, што вынікі беларускіх лекараў у гэтым напрамку вядомыя ва ўсім свеце.

«Не хвалюйцеся. Я нармальна чую. Проста мяне цікавіць, ці ёсць у гэтай сферы такія свяцілы, каб нашыя людзі не ехалі за мяжу і не звярталіся там па медычную дапамогу з гэтымі праблемамі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Доктар медычных навук запэўніла, што з гэтым няма праблем.

«Добра. Прыеду да цябе. Мае вушы, адно і другое, паглядзець. Тым больш што я ні разу не даследаваліся ў гэтай частцы, а гэта вельмі карысна. А потым усіх кіраўнікоў праверыце, бо не ўсё нармальна чуюць, калі ім распараджэнні аддаеш, даводзіш нейкія задачы. Таму гэта вельмі важная сфера для нас кіраўнікоў», – пажартаваў кіраўнік дзяржавы.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў