МЗС адсочвае сітуацыю з беларускай, над якой здзекваліся ў Італіі


Міністэрства замежных справаў Беларусі адсочвае сітуацыю з пацярпелай у Італіі беларускай і гатовае аказаць ёй дапамогу, заявіў прадстаўнік МЗС Андрэй Шупляк.

«Грамадзянка Беларусі раней наведвала Італію ў мэтах аздараўлення, а з 2014 года пражывала ў італьянскай сям’і. У дадзены момант яна знаходзіцца ў цэнтры для грамадзянаў, якія пацярпелі ад гвалту. Расследаваннем здарэння займаецца італьянская паліцыя. Наша амбасада знаходзіцца ў кантакце з італьянскімі праваахоўнымі органамі, адсочвае сітуацыю і ў выпадку неабходнасці гатова аказаць дапамогу грамадзянцы Беларусі», – сказаў Андрэй Шупляк.

Нагадаем, у Італіі затрымалі сямейную пару па абвінавачванні ў сексуальным гвалце і махлярстве ў дачыненні да 22-гадовай дзяўчыны з Беларусі, якая прыязджала да іх на аздараўленне.

У прыватнасці, паведамляецца, што 2014 годзе дзяўчына трапіла ў сур’ёзнае ДТЗ, калі ехала на ровары, і атрымала інваліднасць. Страхавая кампанія выплаціла ёй 2 млн 212 тысяч еўра. Аднак беларуска аб выплаце нічога не ведала, гэтыя грошы былі прысвоены прымаючай яе італьянскай парай. Таксама беларуска, калі была яшчэ няпоўнагадовай, была згвалтаваная сужыцелем італьянкі.

 

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў