Мужчыну, чыя смерць выклікала пратэсты супраць расізму па ўсім свеце, пахавалі ў родным горадзе


Працэсія з царквы транслявалася па ўсім ЗША. Падчас пахавання Джорджа назвалі «звычайным братам, які воляю лёсу стаў краевугольным каменем руху». На цырымоніі прысутнічала больш за 2,500 чалавек.

Чорнаскурага амерыканца Джорджа Флойда ў аўторак 9 чэрвеня пахавалі ў ягоным родным горадзе Х’юстан, штат Тэхас. Чатырохгадзінная працэсія транслявалася па ўсёй краіне, перадае Reuters. Шмат хто з наведнікаў у футболках «Я не магу дыхаць» – гэта адсылка да апошніх словаў мужчыны, які загінуў ад калена белага паліцэйскага.

Hавiны
У ЗША усім паліцыянтам, датычным да гібелі Флойда, высунулі абвінавачванні
2020.06.04 07:53

«Я магу дыхаць. І пакуль я дыхаю, справядлівасць пераможа. Гэта не проста забойства, але злачынства на глебе нянавісці», – прамовіла пляменніца Флойда Бруклін Уільямс.

На пахаванні сваякі прыгадвалі, што Джордж Флойд быў любячаю, гераічнаю асобаю. Яны адзначылі, што ён быў звычайным чалавекам, але ягоная смерць стала «краевугольным каменем вялікага руху».

Аб’ектыў
Забойства пры затрыманні
2020.05.28 23:15

8 чэрвеня паліцэйскі Дэрэк Човін, які 9 хвілінаў трымаў калена на горле Флойда, упершыню прадстаў перад судом. Яго абвінавачваюць у забойстве другой ступені, яшчэ трох афіцэраў — у падбухторванні і памаганні.

Смерць Джорджа Флойда выклікала масавыя дэманстрацыі супраць расізму і паліцэйскага гвалту па ўсёй Амерыцы, якія часта суправаджаліся пагромамі, праз якія у некаторых месцах краіны была уведзеная каменданцкая гадзіна. Пазней пратэсты перакінуліся і на іншыя краіны свету.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў