Міліцыя высветліла, хто пабіў менскага маршрутчыка


Міліцыя высветліла, хто 25 кастрычніка ў Менску збіў 37-гадовага кіроўцу маршрутнага таксі: гэта 42-гадовы жыхар расейскага гораду Стаўрапаль, а таксама 46-гадовы жыхар гораду Баку (Азербайджан). У дачыненні да затрыманых праводзяцца неабходныя працэсуальныя дзеянні, паведамляюць у ГУУС Менгарвыканкаму.

Інцыдэнт меў вялікі рэзананс у інтэрнеце. Паведамлялася, што 24 кастрычніка машыны на расейскіх нумарах заблакавалі маршрутку на адной з менскіх вуліцаў. Мужчынам падалося, што кіроўца маршруткі парушыў ПДР і зламалі яму сківіцу. «Дзве машыны ДАІ з уключанымі мігалкамі ўзялі Hyundai і яшчэ адну цёмную машыну ў «каробачку» – стаялі спераду і ззаду іх. Падобна нехта ляжаў на капоце белага аўто», – распавёў відавочца з Менску.

На наступны дзень нападнікаў затрымалі.

«Пры прыняцці рашэння аб затрыманні дадзеныя грамадзяне рухаліся па трасе М1 у бок мяжы з мэтай яе перасячэння. Інфармацыя пра іх месцазнаходжанне была перададзена па каналах радыёсувязі нарадах АДАІ, якія нясуць службу ў раёне трасы М1. Нарадам АДАІ Смалявіцкага РАУС Менскай вобласці сумесна з ДАІ УУС Менскага аблвыканкаму мужчыны былі затрыманыя і перададзеныя працаўнікам крымінальнага вышуку Цэнтральнага РУУС г.Менска і АМАП ГУУС Менгарвыканкаму», – паведамляюць у міліцыі.

У Следчым камітэце просяць пасажыраў маршруткі звярнуцца да праваахоўнікаў і распавесці пра інцыдэнт.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў