Мэмы, чэленджы і віншаванні. Што посцяць дзяржаўныя органы Беларусі ў сацыяльных сетках


У беларускіх дзяржаўных органаў часцяком рэпутацыя строгіх і непахісных, асабліва ў сацыяльных сетках. Аднак некаторыя адыходзяць ад стандартаў стрыманасці ў камунікацыі. Мы зрабілі агляд самых цікавых акаўнтаў дзяржорганаў у сацыяльных сетках.

Міністэрства ўнутраных справаў

Telegram-канал Міністэрства ўнутраных справаў мусіць даваць чытачам «аператыўную і важную інфармацыю з першых вуснаў, а таксама анонс значных падзей». Сапраўды, там штодзённа публікуецца інфармацыя аб найбольш рэзанансных злачынствах у Беларусі разам з аператыўнымі фотаздымкамі і відэа.

Адмініструе канал прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Часта пасты пачынаюцца з гарэзлівых вітанняў:

На канал падпісана амаль 11 тысячаў чалавек.

Instagram МУС вядзе не меней крэатыўна. Там і фотаздымкі цяжкіх падлеткаў, і кранальнае відэа-віншаванне для медыкаў.

Дарэчы, у Twitter МУС падпісаны на шэраг незалежных СМІ: «Еўрарадыё», «Белсат», «Хартыю-97», а таксама партыю БНФ і праваабарончы цэнтр «Вясна».

Следчы камітэт

Instagram-акаўнт Следчага камітэту інтэрактыўна распавядае аб раследаванні злачынстваў, часта паказваюць нефармальны бок жыцця сваіх супрацоўнікаў і апісвае, як насамрэч выглядае праца следчага (процьма папер, зброя, рэчавыя доказы). Зараз у акаўнту 21,6 тысячаў падпісантаў.

Telegram-канал ведамства падае інфармацыю розных здарэннях па ўсёй Беларусі. ДТЗ, хуліганства, ашуканцы, бракан’еры – сапраўднае жыццё часам больш цікавае за дэтэктывы. За каналам сочаць больш за 11 тысячаў чалавек.

Міністэрства аховы здароўя

Афіцыйны Telegram-канал Мінздароўя стаў бадай найбольш чытаным акаўнтам дзяржаўнага органа ў сацсетках за апошнія месяцы. Яго стварылі акурат тады, калі ў Беларусі быў зафіксаваны першы выпадак каронавіруснай інфекцыі. Усе пасты на канале прысвечаныя Covid-19 у Беларусі.

 

Апроч афіцыйнай статыстыкі там часта публікуюцца даволі эмацыйныя адказы на публікацыі ў недзяржаўнай прэсе. Робяцца рэпосты артыкулаў і сюжэтаў з дзяржаўнай прэсы з цікавымі фактамі пра COVID-19 і парадамі пры эпідэміі.

Часам на канале можна знайсці пасты аб іншых навінах звязаных з каронавірусам: якія тэсты прыбылі ў Беларусь, колькі грошай было пералічана на дабрачынныя рахункі Мінздароўя, якія акцыі падтрымання медыкаў былі запушчаныя.

Пакуль што тэматыка каналу «Официальный Минздрав» дакладна вызначаная, але, магчыма, ён трошкі зменіць скіраванасць пасля пандэміі.

Міністэрства адукацыі

Для тэрміновых паведамленняў беларускае Міністэрства адукацыі таксама выкарыстоўвае Telegram-канал. Усе навіны аб пераносах ЦТ і іспытаў, правядзенне выпускных у школах, студэнтах-валанцёрах можна знайсці там. Прычым інфармацыя на канале абнаўляецца часцей і актыўней, чымся на афіцыйным сайце Мінаду. Агулам у канала больш за 20 тысячаў падпісантаў.



Калі Telegram-канал намагаецца як мага аператыўней даваць навіны аб адукацыі ў Беларусі, то Instagram-акаунт заахвочвае замежнікаў навучацца ў Беларусі. Амаль кожны пост там – гэта ўражанні замежных студэнтаў пра цудоўную адукацыю і ўмовы ў беларускіх ВНУ.

Менгарвыканам

За прысутнасць у Telegram галоўнага выканаўчага органа сталіцы адказвае канал «Минск. Официально». Там можна даведацца аб роварных сцежках у Менску, адкрыцці фантанаў, падтрыманні бізнесу і іншых навінах сталіцы. Такі кантэнт цікавіць крыху больш за тысячу чалавек.

Міністэрства замежных справаў

Найбольш папулярны акаўнт беларускага МЗС – у Facebook. На яго падпісана больш за 6 тысяч чалавек. Там публікуюцца навіны Беларусі на міжнародным фронце: з кім размаўляў міністр Макей, у якіх канферэнцыях брала ўдзел Беларусь, каго з нашых грамадзянаў атрымалася вярнуць з-за мяжы.

Начиная с середины марта текущего года, после введения рядом стран чрезвычайных ограничительных мер в связи с пандемией…

Opublikowany przez МИД Беларуси Piątek, 15 maja 2020

Акаунт у Instagram больш нефармальны: з фотаздымкамі працаўнікоў, віншаваннямі да міжнародных днёў, кранальнымі фотаздымкамі Уладзіміра Макея ў вышыванцы. На старонку падпісана больш за 3 тысячы чалавек.

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў

У беларускага МНС бадай самы папулярны акаўнт у сацыяльных сетках – на Twitter падпісана ажно 82 тысячы чалавек! Яны чытаюць там навіны пра здарэнні, даведваюцца пра прагнозы надвор’я і слухаюць парады не паліць у ложку.

Напэўна так мусіць выглядаць афіцыйны акаўнт ведамства «з чалавечым тварам».

На жаль, у іншых сацсетках МНС не мае такую папулярнасць.

Міністэрства абароны

У акаўнтах гэтага міністэрства шмат танкаў, самалётаў і мужчын у форме. Там публікуюцца захапляльныя справаздачы пра вучэнні, распавядаюць пра жаўнераў беларускага войска, паказваюць добрыя справы беларускіх вайскоўцаў. За Telegram-каналам сочаць 2 тысячы чалавек, а за старонкай у Facebook — 2600 падпісантаў.



Менскі метрапалітэн

Бадай што ў менскага метро найбольш душэўныя і «лампавыя» акаунты. У Instagram – прыгожыя фотаздымкі і атмасферныя фотаздымкі вагонаў і пасажыраў. «Вконтакте» – навіны і заклікі застацца ўдома, ёсць нават рэпосты з канала Nexta. Праўда, гэта неафіцыйныя акаунты.

Афіцыйны акаўнт менскага метро ў Twitter не мае такой атмасферы. Там з большага публікуюцца сухія навіны аб працы метро: калі якія станцыі будуць закрытыя, аб здарэннях, запрашаюць на працу. Сочыць за старонкай крыху болей за 2 тысячы чалавек.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі

Беларускае КДБ забірае тытул найбольш канспіралагічнага акаунта ў сацыяльных сетках. Іхная адзіная старонка ў Twitter была створана яшчэ ў 2011 годзе, але праз 9 гадоў там аніводнага запісу і падпісантаў. Напэўна, так і мусіць выглядаць акаўнт спадкаемцаў НКУС.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў