Карэспандэнт «Белсату» запытаў у міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея, які цяпер знаходзіцца на брусельскім саміце з нагоды 10-годдзя Усходняга партнёрства, пра няпростыя беларуска-літоўскія дачыненні.
«Вы ведаеце, я ўчора [13 траўня. – Заўв. Belsat.eu] падчас вячэры з удзелам кіраўнікоў урадаў, прадстаўнікоў розных краінаў Усходняга партнёрства і кіраўніцтва Еўразвязу сказаў, што адным з прынцыпаў, на якім грунтуецца Усходняе партнёрства, з’яўляецца прынцып “большае за больш”. Мы хочам, напрыклад, рухацца больш у напрамку ЕЗ па некаторых пытаннях. Але нам не дазваляюць зрабіць абставіны, звязаныя з пазіцыяй адной краіны», – адказаў Уладзімір Макей карэспандэнту «Белсату» на просьбу пракаментаваць блакаванне літоўскім бокам падпісання пагаднення «Прыярытэты партнёрства» паміж Беларуссю і ЕЗ.
Паводле Макея, у адказ на ягоную рэпліку «шмат хто ківаў галавою».
Мяркуецца, што пазіцыя Літвы можа быць звязаная з будаўніцтвам Астравецкай АЭС у 50 км ад Вільні.
«Мы лічым, што гэта дрэнна, калі мы не можам падпісаць вось гэта пагадненне аб “Прыярытэтах партнёрства” праз пазіцыю адной краіны. Прычым абсалютна штучна надуманай пазіцыі. Але мы спакойна глядзім на гэтую сітуацыю і маем намер і далей працягваць дыялог. Тым больш, што нашае сумленне чыстае. Мы, што датычыцца будаўніцтва АЭС у Беларусі, мы абсалютна транспарэнтныя. Мы працуем адкрыта з МАГАТЭ, мы запрашалі шэраг місіяў і будзем запрашаць шэраг місіяў з гэтай арганізацыі. Мы добраахвотна правялі стрэс-тэсты, якія прапанавала правесці Еўрапейская камісія, а па выніках аналізу гэтага стрэс-тэсту, мы распрацавалі нацыянальны план па забеспячэнні большай бяспекі атамная станцыі», – патлумачыў Макей.
Пагадненне «Прыярытэты партнёрства» – гэта дарожная карта адносінаў паміж Менскам і Бруселем да 2020 года. У пагадненні сфармуляваныя напрамкі супрацы паміж ЕЗ і Беларуссю ў гандлёва-эканамічнай, палітычнай, гуманітарнай галінах.
ЮВ belsat.eu