Лукашэнка сціпла падзякаваў Нацбанку за фінансавую палітыку


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў спакой на фінансавым рынку краіны, у чым бачыць і немалую заслугу Нацыянальнага банку. Пра гэта ён заявіў 7 лютага на сустрэчы са старшынём праўлення Нацыянальнага банку Паўлам Калаурам.

«Як бы нас нехта там не крытыкаваў, тое, што было, і тое, што ёсць, – гэта неба і зямля. Можа, камусьці не падабаецца занадта жорсткая фінансавая палітыка ў дзяржаве, але яна накіраваная на захаванне стабільнасці. Таму я баюся казаць дзякуй, але тым не менш працаўнікі Нацыянальнага банку заслугоўваюць гэтай падзякі», – цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэсавая служба.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што кіраўнік Нацбанку нясе персанальную адказнасць за забеспячэнне фінансавай стабільнасці.

«Кіраўнікі камерцыйных банкаў ведаюць гэтыя падыходы. Імкніцеся знайсці з імі агульную мову і выбудаваць бяспечную працу ў сферы фінансаў. У апошні час мы менш гаворым пра грошы, фінансы. Кажуць, грошы любяць цішыню. Мы рухаемся згодна з гэтым прынцыпам», – адзначыў кіраўнік краіны.

Згадаў Лукашэнка і тое, што сёлета спаўняецца 25 гадоў з моманту з’яўлення нацыянальнай валюты ў краіне.

«Як толькі яе (нацыянальную валюту) не называлі: зайчыкі і гэтак далей. Але я ўзгадваю тыя часы, калі ўраду, Вярхоўнаму Савету даводзілася працаваць у жорсткіх умовах. Вы гэта ўсё бачылі, з чаго нам даводзілася пачынаць. Мы паступова выбудоўвалі сваю грашовую сістэму, стваралі сваю грашовую адзінку. Сёння ўжо ніхто не кажа, што яна такая-сякая і не такая», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аб’ектыў
Нацбанк афіцыйна абвесціў дзяржпрадпрыемствы-даўжнікі пагрозаю для фінансавай сістэмы Беларусі
2019.01.28 21:04

СК, belsat.eu

Стужка навінаў