Лукашэнка распавёў, дзе збіраецца знайсці замену расейскай нафце


Падчас візіту ў Светлагорск Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь працягне дыверсіфікаваць закупы нафты, «каб кожны год 31 снежня ў дванаццаць гадзінаў ночы не стаяць на каленях». Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь прапрацоўвае пытанне паставак нафты з ЕЗ рэверсам па адной з галінак нафтаправода «Дружба».

«Мы цяпер з Гданьску (купім у Саудаўскай Аравіі, Эміратаў, Злучаных Штатаў Амерыкі) паставім па трубе», – расказаў ён. Тады ўжо не Расея будзе па ім пастаўляць нафту на Захад, а Беларусь пампаваць з Еўропы.

Лукашэнка 14 лютага 2020 года ў Светлагорску. Крыніца – president.gov.by

Для паставак таксама задзейнічаюць балтыйскія парты. Тут могуць дапамагчы Злучаныя Штаты.

«Я прыбалтам прапаную: мы можам купіць нафту на Балтыцы, запампаваць праз Літву ці Латвію (як дамовімся), перапрацуем і забяспечым увесь прыбалтыйскі рэгіён», – раскрыў схему Наваполацкага НПЗ Лукашэнка.

Такім жа чынам зможа працаваць і завод у Мазыры: нафта да яго паступіць праз Чорнае мора, а прадпрыемства затым забяспечыць сваёй прадукцыяй Украіну і часткова краіны Еўразвязу.

Hавiны
Беларусь не заключала з амерыканскімі кампаніямі кантракты на пастаўку нафты
2020.02.12 14:04

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не будзе плаціць прэміі расейскім нафтавым кампаніям, тым больш раз яны пастаўляюць прадукт па сусветнай цане.

«Мы не просім танную нафту. Мы купім па сусветнай цане і перапрацуем. І гэта выгадна для кампаніям», – заявіў ён.

«Калі з Расеі не будзе пастаўлена нафты ў патрэбных абʼёмах, мы пачнем адбор»

Апроч таго, кіраўнік краіны выказаўся адносна апошніх беларуска-расейскіх перамоваў: «У Сочы мы дамовіліся, што ўрад Расеі і асабіста намеснік кіраўніка Адміністрацыі Дзмітрый Козак будуць кантраляваць гэтае пытанне і дапамогуць нам дамовіцца. Гэта значыць пайшоў сігнал: калі Беларусь з кімсьці дамаўляецца, дапамажыце па трубе ім паставіць гэтую нафту з Расеі.

Я нікога не шантажаваў, сказаў: калі з Расеі не будзе пастаўлена нафты ў патрэбных абʼёмах (у студзені яны паставілі ўсяго 500 тыс. т – 1,5 млн т недапаставіў), мы пачнем адбор з транзітнай трубы.

Праз краіну на Захад і для Беларусі прапампоўваецца 70 млн т нафты. І яны не маюць ніякіх праблемаў. Мы добрасумленна, сумленна качаем гэтую нафту. Памятаеце летам брудную нафту? Да гэтага часу не разлічыліся за гэта, хоць у нас выйшла са строю абсталяванне ў Мазыры, Наваполацк пацярпеў і нафтаправод »Дружба«. Таму, калі не паставяць у лютым, будзем да 2 млн т дабіраць», – цытуе Лукашэнку БелТА.

На сваёй тэрыторыі Беларусь здабывае каля 1,7 млн тон нафты. Фота Viktor Drachev / TASS / Forum
  • Масква і Менск у канцы мінулага года не змаглі заключыць кантракты на пастаўкі нафты. Раней кошт нафты для Беларусі разлічваўся па формуле «рынкавы кошт + прэмія пастаўшчыкам». Аднак з улікам рэалізацыі Расеяй чарговага этапу падатковага манеўру кошт расейскай нафты для Беларусі вырас (паводле ацэнак «Белнафтахіму», цяпер цана складае каля 83% ад сусветнай). У гэтых умовах Менск палічыў старую нафтавую формулу несправядлівай і плаціць прэмію адмовіўся. Крэмль на саступкі Лукашэнку не пайшоў і з 1 студзеня 2020 года Расея спыніла падачу нафты на беларускія НПЗ, што прывяло да зніжэння загрузкі вытворчых магутнасцяў.
  • 4 студзеня нафту на беларускія НПЗ пачалі пастаўляць кампаніі алігарха Міхаіла Гуцырыева, які сябруе з Лукашэнкам. Аднак Менск дагэтуль не дасягнуў дамоўленасцяў з асноўнымі расейскімі кампаніямі-пастаўшчыкамі («Роснефть», «Сургутнефтегаз», «Газпромнефть»), а кампаніі Гуцырыева, на думку экспертаў, здольныя паставіць Беларусі ў 2020 годзе толькі каля 3 мільёнаў тон нафты (пры тым, што беларускі бок планаваў закупіць 24-25 млн).
  • У студзені ў Беларусь было пастаўлена толькі 500 тысяч тон расейскай нафты – адна чвэрць з таго, што планавалася.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў