Лукашэнка – берасцейцам: «Да вы хоць верыце, што ў дзейнага прэзідэнта 3%?»


Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з берасцейскай апазіцыяй. Фота: president.gov.by

Падчас сустрэчы з берасцейскімі актывістамі, якія выступаюць супраць заводу АКБ, Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра падзеі ў краіне і ўласны рэйтынг. Відэа сустрэчы паказалі ў эфіры «Беларусь-1».

Кіраўнік дзяржавы заклікаў людзей «супакоіцца».

«Вы супакойцеся, калі ў вас ёсць нейкія праблемы, вы іх раскажыце. Паслухайце, акрамя мяне іх ніхто не вырашыць, і той улады, якая сёння ёсць. Гэта вы «Саша 3%» ужо напісалі на майках. Да вы хоць верыце, што ў дзейнага прэзідэнта 3%?

Ды вось у гэтай альтэрнатыўнай кампаніі я і то больш набяру. Таму не трэба нас тузаць, абражаць, – папярэдзіў ён. – «Вусаты таракан», яшчэ нешта… Я пакуль яшчэ дзейны прэзідэнт. Ні ў адной краіне не дазволена абражаць людзей. Я ж нікога з вас не абразіў асабіста».

Згадаў Лукашэнка і справу Бабарыкі, зноў намякнуўшы на «гаспадароў» патэнцыйнага кандыдата.

«Мецэнат, карціны прывёз дзяржаве. А насамрэч што выявілася? Гэта іх карціны. А чаму мы іх тут вымушаныя былі прыхапіць? А таму, што яны пачалі канцы ў ваду хаваць, пачалі вывозіць грошы, карціны. Калі мы ў банк пайшлі, ведаеце, што знайшлі ў ячэйках? Грошы – гэта не галоўнае. Мы знайшлі флэшкі, жорсткія дыскі і мора інфармацыі. І гэтага баяцца іх гаспадары», – сказаў ён.

Лукашэнка таксама заклікаў усіх аб’яднацца і нагадаў, што «яшчэ не забранзавеў».

«Апомніцеся! Што вы робіце? Навошта вам гэта трэба? Вы ж разумееце, я ніколі не спынюся ні перад чым, каб абараніць краіну.

Нашых з вамі дзяцей. Я ўпэўнены, у кожнага з вас ёсць дзеці. І ў мяне. Я хачу, каб яны жылі ў свабоднай, незалежнай краіне. Хопіць ужо на нас ездзіць, быць у лапцях і пад бізуном. Давайце як-небудзь мы ўстанем ўсе разам і абаронімся», – сказаў ён.

КА belsat.eu

Стужка навінаў