Працэс абмену зняволенымі паміж Украінай і Расеяй у пятніцу, 30 жніўня, не адбудзецца. Пра гэта паведамляе «Інтерфакс-Україна» са спасылкаю на крыніцу ў Службе бяспекі Украіны.
«Дата абмену не вядомая. Не сёння – гэта дакладна», – сказаў суразмоўца агенцтву.
Разам з тым украінская служба радыё «Свабода» са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскіх праваахоўных органах перадае, што абмен затрыманымі пераносіцца на наступны тыдзень.
Раней адвакат затрыманых ва Украіне расейцаў Валянцін Рыбін заявіў, што абмен можа адбыцца ў аўторак, 3 верасня.
Першай пра тое, што ў ноч на 30 жніўня Расея вызваліла ўкраінскіх маракоў, а таксама Алега Сянцова, Мікалая Карпюка, Уладзіміра Балуха, Паўла Грыба, напісала супрацоўніца Вярхоўнай Рады Ганна Ісламава. Гэтую інфармацыю перапосціў у Facebook новы генпракурор Украіны Руслан Рабашапка. Але затым гэтая інфармацыя не пацвердзілася.
МГ belsat.eu