Іназемцаў: Праблемы Расеі адцягнуць яе ўвагу ад інтэграцыі з Беларуссю


Беларусь будзе атрымліваць больш танную расейскую сыравіну без праблемаў. Тыя кошты, вакол якіх ішоў гандаль, – даўно гісторыя. Калі да пандэміі дадаць вайну цэнаў на сусветным рынку нафты паміж Расеяй і Саудаўскай Аравіяй, то перспектывы зусім не радасныя. Толькі за апошні месяц расейскі рубель страціў больш за 20%. Як сусветны крызіс паўплывае на Саюзную дзяржаву? Інтэрв’ю з расейскім эканамістам, кіраўніком Цэнтру даследаванняў постіндустрыяльнага грамадства Уладзіславам Іназемцавым.

Як на Расею паўплывае глабальны сусветны крызіс?

Ён паўплывае на яе сур’ёзна, бо Расея апынулася пад падвойным ударам. Вы ўжо адзначылі падзенне коштаў на нафту і распаўсюджванне эпідэміі. У адрозненне ад заходніх краінаў, якія змагаюцца толькі з пандэміяй каронавіруса, у Расеі больш праблемаў: нафта, нізкая якасць кіравання і дрэнная гісторыя барацьбы з крызісам. Мінулым разам, у 2008–2009 гадах, Расея паказала найгоршы вынік сярод краінаў «Вялікай дваццаткі» па выніках таго крызісу.

Ці зможа Крэмль і далей фінансаваць палітычныя, геапалітычныя амбіцыі Уладзіміра Пуціна? Мы на парозе фінансавага крызісу. Ці паўплывае ён на інтэграцыйныя працэсы, у якія Крэмль усё больш уцягвае Беларусь?

На першае пытанне ў мяне няма адказу,бо ніхто не ведае, якой можа быць рэакцыя Пуціна на сур’ёзныя няўдачы, што сёлета пачынаюць яго пераследаваць. Ці будзе ён больш згаворлівы або больш агрэсіўны? Няма ніякіх сігналаў, каб даць адказ на гэтае пытанне. Што да Беларусі. З аднаго боку, гэта збольшага выгадна беларускаму боку, бо ў Расеі з’явіліся ўласныя праблемы, якія будуць адцягваць ад інтэграцыйных планаў. Акрамя гэтага, тая спрэчка пра кошты на нафту, якая была актуальная яшчэ два месяцы таму, сёння нікому не цікавая. Тыя кошты, вакол якіх ішоў гандаль, – даўно гісторыя. Беларусь будзе атрымліваць больш танную расейскую сыравіну без праблемаў, як разумею. У перспектыве, калі першая хваля крызісу пройдзе, мы атрымаем іншую Расею, якая будзе жыць ва ўмовах нізкіх коштаў на нафту, якая будзе менш лаяльная да Пуціна.

Эканамічныя дасягненні, пра якія ён увесь час кажа, скончацца. Далей будзе скрыжаванне. Альбо Пуцін будзе імкнуцца ўвесці надзвычайныя захады: ваеннае становішча або надзвычайную сітуацыю, падаўжаць іх і надоўга.

У мяне выйшаў артыкул пра тое, што Расея ў выніку крызісу можа стаць Егіптам пасля 1981 года, калі ўвялі надзвычайнае становішча, якое дзейнічала 30 гадоў. Яшчэ магчымыя змены ў пазітыўны бок, але я б іх не чакаў.

ВІДЭА
Памылка Пуціна падчас эпідэміі
2020.03.21 15:58

18 сакавіка ўпершыню за доўгі час Расея закрыла мяжу з Беларуссю. Аляксандр Лукашэнка на гэты крок з боку расейскіх калегаў адрэагаваў нервова. Як паўплывае закрыццё мяжы на эканамічныя адносіны паміж Расеяй і Беларуссю? Мы разумеем, што тавары і паслугі, на якіх зараблялі Менск і Масква, цяпер у больш цяжкім становішчы.

Да гэтага трэба ставіцца спакойна, таму што перасоўванне людзей праз мяжу Беларусі і Расеі – гэта рызыка для абедзвюх краінаў. Няма нічога страшнага ў закрыцці мяжы для памежнага пераходу, для перамяшчэння людзей. Што датычыць гандлю, то асноўнай умовай і асноўным рэсурсам Беларусі, які дазваляў досыць паспяхова існаваць рэжыму Лукашэнкі, была расейская нафта. У гэтым выпадку ніхто не будзе сур’ёзна перашкаджаць працягу яе паставак. Што да экспарту, імпарту, то зачыняюцца межы ў Еўропе, але экспартныя аперацыі працягваюцца. Тое ж адбываецца ў Амерыцы. Яны даўно спынілі пералёты ў Кітай, у Еўропу, але тавары з Кітаю працягваюць паступаць, еўрапейскія тавары таксама прысутнічаюць на прылаўках крамаў. Не трэба істэрык праз тое, што межы зачыненыя. Мабыць, будуць праблемы з беларускімі работнікамі; беларусамі, якія жывуць у Расеі; расейцамі, якія часткова жывуць у Беларусі. Усё ж такі гэта не самая важная праблема, і яна не расцягнецца на месяц, як разумею.

ВІДЭА
Ці Пуцін адмяніў аб’яднанне Беларусі з Расеяй?
2020.03.17 06:35

Што дзяржавы маглі б зрабіць, каб змякчыць наступствы пандэміі, гэтага глабальнага крызісу?

Мы ўсё бачым на прыкладзе Амерыкі і Нямеччыны. Гэта масіраваная падтрымка спажывецкага попыту. Так робяць амерыканцы: павялічваюць дапамогу па беспрацоўі, раздаюць адносна малазабяспечаным грамадзянам грашовыя чэкі па тысячы долараў; масіравана крэдытуюць прадпрыемствы, якія апынуліся пад ударам эпідэміі; падтрымліваюць авіякампаніі; падтрымліваюць буйных вытворцаў. У Нямеччыне больш разгорнутая праграма бюджэтнай дапамогі – прыблізна 500 мільярдаў еўраў на бліжэйшыя 3–4 месяцы.

ВІДЭА
Лукашэнка хоча праскочыць каронавірус на чырвонае
2020.03.21 16:13

Праблема ў тым, што ў адрозненне ад заходніх краінаў Еўрапейскага Звязу або ЗША, дзе асноўная маса дапамогі прыходзіць праз крэдыты цэнтральных банкаў ураду і буйным кампаніям, у Расеі Пуцін баіцца ісці такім шляхам. Ён лічыць, што крэдытаванне цэнтральным банкам уладаў – гэта інфляцыйны працэс. Мы гэта нібыта праходзілі ў 90-ыя гады, тады гэта сапраўды было так. Проста буйныя краіны даўно навучыліся выкарыстоўваць цэнтральныя банкі для ўпырсквання грошай у эканоміку, а Расея жыве паводле рэцэптаў 70-х гадоў і назапашвае рэзервы, якія цяпер усё роўна баіцца траціць. Калі ўзяць выключна лічбы, то на зніжэнні коштаў на нафту і недаатрыманых падаткаў праз гэта Расея страціць прыблізна 40 % рэзервовага фонду. На масіраванае падтрыманне галінаў спатрэбіцца яшчэ як мінімум 30 %. Ёсць перспектыва, што да наступнага года рэзервы скончацца.

Пуцін баіцца такога сцэнара, таму марнаваць іх не будзе. Магчыма, як і ў 2008 годзе, глыбіня эканамічнага крызісу ў Расеі будзе нашмат большая, чым у ЗША і Еўропе.

На прэв’ю: Уладзіслаў Іназемцаў і кіраўнік ураду Расеі Дзмітры Мядзьведзеў, г. Краснаярск, 2013 г. Фота Astafyev Alexander/TASS/Forum

Cюжет выйшаў у праграме «ПраСвет» 28.03.2020

Стужка навінаў