Хто стане дэпутатам? Вялікая мапа акругаў і прагноз на вынікі выбараў


У Беларусі 17 кастрычніка завершылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты. Агулам было зарэгістравана 558 чалавек, з якіх дэпутатамі ў выніку стануць толькі 110 чалавек. Атрымліваецца, што на адно дэпутацкае крэсла прэтэндуе 5 чалавек.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада. Хто пераможа і стане дэпутатам? Хто будзе працаваць у Парламенце наступныя чатыры гады? Belsat.eu папрасіў эксперта зрабіць прагноз. Разам з намі выканаўчы дырэктар Інстытуту дэмакратыі і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе Зміцер Кухлей прагледзеў усе 110 выбарчых акругаў і вывучыў дадзеныя 558 кандыдатаў. Адразу скажам: было няпроста.

Будучыя дэпутаты вылучаюцца некалькімі шляхамі: працоўным калектывам, зборам подпісаў ці партыяй. На думку суразмоўцы, сярод прэтэндэнтаў таксама маюць перавагі людзі з вышэйшай пасадай, перадусім – дзейныя дэпутаты. Калі ж гэтыя крытэры роўныя, то, паводле Змітра, найбольшыя шанцы патрапіць у Палату прадстаўнікоў – у чалавека старэйшага веку.

Меркаванні
Левая нага Ярмошынай вырашала, каго зарэгістраваць кандыдатам
2019.10.18 20:58

Зразумела, што нашыя прагнозы – папярэднія. І цалкам магчыма, што наш эксперт памыліўся і ў выніку дэпутацкае крэсла зойме зусім іншы чалавек. Пасля выбараў, калі будуць абвешчаныя вынікі, мы спраўдзім, наколькі Зміцер Кухлей быў правы.

Справка

Як карыстацца мапай?

На мапе вы бачыце 110 пунктаў – па колькасці выбарчых акругаў. Каб наблізіць мапу, трэба націснуць у левым куце знізу «+», а каб аддаліцца націсніце там жа «-». На кожны гузік можна націснуць мышкай і пабачыць, якія людзі балатуюцца ў дэпутаты па пэўнай акрузе. У кожнай акрузе наш эксперт вылучыў аднаго меркаванага лідара – ягоныя імя, прозвішча і фота вы можаце пабачыць, клікнуўшы мышкай на гузік. Таксама можна зрабіць пошук кандыдата па прозвішчу. Для гэтага трэба павялічыць мапу (націснуць на знак павелічэння ў правым верхнім куце), а потым у пошукавым радку набраць адпаведнае прозвішча. Каб павялічыць фота чалавека, націсніце на яго мышкай.

Эксперт адзначае, што ў шэрагу акругаў сітуацыя не зусім адназначная. Гэтак, у акругах 9, 71, 73, 74, 76, 83, 86, 87, 108 і 109 існуе верагоднасць таго, што мандат атрымае іншы кандыдат.

Тым не менш, калі гэты прагноз праўдзівы, то са 110 дэпутатаў 20 будуць належаць да розных партыяў (зараз 16): адзін – да Беларускай аграрнай партыі, 3 – да Беларускай патрыятычнай, 6 – да Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і 10 – да Камуністычнай партыі.

Таксама чакаецца, што свае месцы захаваюць 32 дзейныя дэпутаты (29,1 %). Сярод уладальнікаў дэпутацкіх мандатаў будзе 41 жанчына (37,3 %).

Гэтыя лічбы блізкія да паказнікаў, якія 16 верасня агучыў кіраўнік Беларусі: 30-35 % дзейных дэпутатаў і каля траціны жанчын.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў