Альбом «Этажи» гурту «Molchat doma», выдадзены берлінскім лэйблам «Detriti Records», мае паўтара мільёна праслухоўванняў на «YouTube», квіткі на канцэрты распрадаюцца за некалькі тыдняў да выступу. Ужо амаль месяц расейскамоўнае пост-панк-трыа з Менску гастралюе па Еўропе. Belsat.eu спаткаў няўлоўных музыкаў у Нямеччыне і спытаў, чаму яны амаль не выступаюць на радзіме, і як так атрымалася, што многія іхныя фанаты не размаўляюць па-расейску.
Urban Spree – моладзевае месца ва ўсходнім Берліне, вядомае сярод аматараў альтэрнатыўнай музыкі. Праз некалькі хвілін пачнецца выступ менскага гурта. Квіткі на гэты канцэрт былі прададзеныя за некалькі тыдняў да выступу. Таму ў Берліне хлопцы выступаюць два дні запар. На разагрэве ў беларусаў – італійцы з «Words and Actions». Нягледзячы на тое, што менскія пост-панкі спяваюць выключна на расейскай мове, іх слухачы далёка не ўсе расейскамоўныя. Англійская, іспанская і нямецкая – мовы, які найчасцей гучаць на танцполе.
– Пару месяцаў назад пачуў хлопцаў на «Spotify», – кажа малады бразілец. Побач з ім – мужчына з Ліверпулю, за імі – дзве мексіканкі, справа – вялікая групоўка нямецкіх маладзёнаў. Усе яны знайшлі «Молчат дома» у інтэрнэце.
Нямецкая прэса ўжо назвала беларускі гурт унікальным усходнееўрапейскім варыянтам «Joy Division» (брытанскія піянеры пост-панку 70-ых), а буйнейшы культурніцкі еўрапейскі тэлеканал ARTE акрэсліў іх пачынальнікамі новага cold wave.
Вакаліст Ягор Шкутко і гітарыст Раман Камагорцаў заснавалі гурт у 2017 годзе. Пазней да іх далучыўся басіст Павел Казлоў. Усе свае трэкі хлопцы выкладалі ў інтэрнэт. Праз «Soundcloud» іх знайшлі супрацоўнікі берлінскага лейблу «Detriti Records» і прапанавалі супрацоўніцтва. Выдадзены летась альбом «Этажи» трапіў у спіс лепшых пост-панк рэлізаў 2018 году па версіі сайту post-punk.com. Менавіта пасля гэтага і ўзрасла міжнародная ўвага да калектыву, узгадваюць музыкі. У сваё першае міжнароднае турне хлопцы паехалі сёлета ўвесну. За два тыдні – 14 гарадоў, пляцоўкі на пару сотняў чалавек. Цяпер гурт пасярэдзіне новых еўрапейскіх гастроляў, якія працягнуцца да пачатку лістапада. Выступы амаль штодня.
«Бывае цяжка і фізічна і псіхалагічна, але калі са школы пра гэта марыш, то нармальна», – каментуюць музыкі свой шчыльны графік. Хлопцы выглядаюць крыху стомленымі, але падбадзёрваюць адзін аднога жартамі.
«Molchat doma» граюць пост-панк, іхная музыка і вобразы нагадваюць 1980-я. Натхнёныя Цоем, «Depeche Mode» і савецкай архітэктурай, яны хутка знайшлі сваю аўдыторыю на Захадзе. У верасні гурт выступаў на фестывалі «Lidbeer» у Лідзе, у жніўні – на сумесным акустычным канцэрце ў менскім клубе «Re:Public». Але ніводнага сольніка ў Беларусі ў каманды пакуль не было.
«Магчыма, у нас такую музыку ўжо пераслухалі. Я нават не ведаю, колькі мы можам сабраць у Беларусі людзей. Магу сказаць за Берлін, Варшаву, а пра Менск нават не маю ніякага ўяўлення», – кажа вакаліст Ягор Шкутко.
Акрамя таго, у Беларусі ёсць гастрольныя пасведчанні, дазволы ды іншая бюракратыя, а таксама негатовасць беларускіх слухачоў адкрываць новыя гурты – так тлумачаць хлопцы адсутнасць сваіх канцэртаў на радзіме.
«У Беларусі ніхто не будзе плаціць грошы, каб паслухаць групу ўпершыню. У Еўропе ўсё наадварот: тут вялікая цікавасць да чагосьці новага», – кажа Ягор.
Берлінская публіка прымае музыкаў цёпла. Многія песні ім добра вядомыя. Паводле хлопцаў, 30 адсоткаў слухачоў іх музыкі – з Мексікі. Пад відэа на «YouTube» каментары – збольшага па-англійску. Музыкі смяюцца, што нават фэйкавыя акаўнты ствараюць. Польскі фанат аднойчы пераклаў адну з песень на сваю мову. «Таму, магчыма, па-польску заспяваем», – жартуюць маладзёны. Ні па-англійску, ні па-беларуску гурт выконваць песень не плануе. Не з прынцыпу, а праз адсутнасць адпаведных моўных ведаў.
Яшчэ некалькі месяцаў таму хлопцы мелі сталую працу ў Менску, ніяк не звязаную з гастролямі. «Мы будаўнікі: электрык, тынкоўшчык і зваршчык», – кажуць музыкі. Апошнія месяцы Ягор працаваў у сферы продажу электрычнага абсталявання, Павел быў прарабам.
«Таму калі штосьці не атрымаецца, зможам скалаціць каманду і пайсці халтурыць», – смяюцца музыкі. Але выглядае, што не бліжэйшым часам. Наперадзе ў гурта – выступ на буйным еўрапейскім фестывалі «Eurosonic» у Нідэрландах, праца над новым альбом і планаванне новага еўрапейскага турне.
Наста Кахановіч Belsat.eu