«Беларусы – гаспадары жыцця». Як немец вандраваў па Беларусі на ровары


Макс Бакерт жыве ў нямецкім Ляйпцыгу. Летась ён звольніўся са школы, дзе працаваў настаўнікам малодшых класаў. Трыццацігадовы мужчына даўно захапляецца падарожжамі: апроч шматлікіх еўрапейскіх краінаў ён вандраваў па Расеі, Сярэдняй Азіі ды Каўказе. Улетку ён наведаў і Беларусь – даволі незвычайным чынам, на ровары. Пра беларускія вёскі, гасціннасць і пераадольванне тысячы велакіламетраў – распавёў «Белсату».

Макс Бакерт.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Табе нудна? Прыязджай у Менск!»

Упершыню Макс прыехаў у Беларусь 6 гадоў таму на курсы расейскай мовы, якія былі арганізаваныя БДУ. Дагэтуль ён спрабаваў вывучаць іспанскую, французскую ды польскую мовы. Але ўсё кідаў пасля аднаго месяца. З расейскай жа мовай атрымалася інакш.

Аднойчы ў сваім універсітэце ён пабачыў рэкламу курсаў расейскай мовы ў Менску. Улётка прывабіла яго сваёй крэатыўнасцю. На ёй быў намаляваны мядзведзь на лаўцы і надпіс: «Табе нудна? Прыязджай у Менск!».

Тады Максу так спадабалася гэтая ўлётка, што ён вырашыў прыехаць у Менск на пару тыдняў. Зараз у Макса з’явілася дзяўчына з Беларусі. Таму, як ён кажа, у яго прыбавілася матывацыі вывучыць расейскую мову ды спазнаць Беларусь.

Hавiны
Уезд бязвізавых турыстаў у Беларусь вырас на 62 %
2019.08.22 09:20

Гэтая роварная вандроўка стала для Макса другой у жыцці. Шэсць гадоў таму Макс вандраваў на ровары з Нямеччыны ў Італію. Гэта быў прыемны досвед, але пасля ён даволі доўга не наважваўся вандраваць такім чынам. Агулам на сваім ровары Макс праехаў дзве тысячы кіламетраў і быў у дарозе каля пяці тыдняў.

Візы, тысячы кіламетраў і нечаканыя прыгоды

Паміж Лейпцыгам і Менскам – тысяча дзвесце кіламетраў. На машыне без уліку мяжы гэтую адлегласць можна пераадолець за 13 гадзінаў. На ровары жа ў дарозе Макс правёў два тыдні. У дзень ён пераадольваў ад 80 да 120 кіламетраў. Так як ехаць на ровары трэба было шмат, з сабой у Макса быў адмысловы крэм для кален і шчыкалатак, а таксама ён ужываў кальцый, каб перадухіліць пашкоджанні і авітаміноз.

Макс Бакерт.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Хуткасць залежала ад шматлікіх фактараў: надвор’я, ветру, настрою. Таксама дапамог і сум па каханай: «У мяне была дадатковая матывацыя», – прызнаецца ён.

Макс перасякаў мяжу праз памежны пункт «Белавежская пушча». Паводле яго, супрацоўнікам там было так нудна, што яны папрасілі яго цалкам распакаваць заплечнік і паказаць абсалютна кожную рэч.

На гэтым прыгоды не скончыліся. За наведванне Белавежскай пушчы трэба плаціць. Але ў Макса не было беларускіх рублёў, на пункце няма банкамату, а еўра супрацоўнікі не прымалі. Ён вырашыў проста паехаць, не сплаціўшы, і яго аніхто не спыніў.

«Белавежская пушча стала чымсьці асаблівым. Я ніколі не бачыў такіх краявідаў раней. Там вельмі мірна», – дзеліцца вандроўнік уражаннямі.

Макс Бакерт.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Потым з Белавежскай пушчы Макс накіраваўся ў Менск. На дарогах не было спецыяльнай сцежкі для ровараў, таму ён ехаў па звычайнай праезджай частцы.

«Вашыя дарогі проста супер. Было некалькі кіламетраў пясчанай дарогі, але гэта нічога. Праўда, двойчы мне заміналі грузавікі. Прыходзілася зʼязджаць на абочыну ці нават на траву».

Пасля некалькі тыдняў у Менску, калі ўжо стала зразумела, што ў Адэсу ён не паедзе, Макс вырашыў працягнуць вандраваць па Беларусі. Але ў беларускай візы скончыўся тэрмін дзеяння. Давялося выехаць у Вільню і адтуль прыляцець на самалёце ў Менск па бязвізу.

Hавiны
Да чаго давёў бязвіз, або Неверагодныя прыгоды замежнікаў у Беларусі
2019.06.07 12:18

У другі раз Макс планаваў праехацца вакол усёй Беларусі. Але здзейсніць гэтую мару не атрымалася праз праблемы са здароўем – мужчыне вельмі балелі калені і шчыкалатка. Таму ён наведаў толькі паўночную частку Беларусі: праехаўся з Менску да Віцебску праз Полацк, Браслаў і возера Нарач. Таксама наведаў Горадню, Аўгустаўскі канал і Ліду.

Больш за ўсё яму спадабалася ў мясцінах каля Заходняй Дзвіны. А вось Ліда вялікага ўражання не пакінула.

«Я не фанат гарадоў. Для мяне яны хутчэй як кропкі ў вандроўках. Мне болей падабаецца прырода. Хоць у Беларусі няма вялікіх гор, усё роўна ёсць на што паглядзець».

Hавiны
«Ідзём на рэкорды». Беларусь за 15 дзён бязвізу наведалі 230 тыс. чалавек
2019.06.26 19:01

«Амаль заўсёды ночыў у мясцовых»

Ночыць Макс планаваў або ў намёце, або спыняцца ў мясцовых жыхароў. Але ў Беларусі яму амаль што і не спатрэбіўся намёт: амаль заўсёды жыхары беларускіх вёсак запрашалі яго пераночыць у сваім доме.

– Калі ты звяртаешся да людзей, напачатку трэба прадставіцца, – дае парады Макс. – Напрыклад, казаць: «Прывітанне, я Макс з Нямеччыны. Ці магу я ўзяць ваду з вашай калонкі?» Так у нас завязваецца размова, мы знаёмімся, і толькі потым я магу запытаць, ці магу паставіць намёт у вашым садзе? І тады ўжо ў большасці выпадкаў людзі запрашалі мяне пераночыць у іх хаце.

Бахілы ад дажджу.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Макс заўсёды заставаўся ў вёсках, пазбягаючы вялікіх гарадоў. Выключэнне здарылася толькі ў Наваполацку, дзе на мясцовым рынку ён пазнаёміўся з настаўніцай нямецкай мовы.

– Яна заўважыла мой акцэнт у расейская мове, і мы разгаварыліся. Жанчына запрасіла мяне застацца ў яе на дзве ночы, прыгатавала свой фірмовы пірог – я ледзь збег адтуль, настолькі гаспадыня была гасцінная. Я да такога не прывык, – кажа вандроўнік.

Часта людзі запрашалі Макса ў лазню, паесці і нават выпіць самагон. Ад некаторых запрашэнняў нават прыходзілася адмаўляцца. Паводле Макса, такая гасціннасць сустракаецца паўсюль у Беларусі. Адна з семʼяў, недалёка ад Мёраў, была вельмі ўражаная тым, як Макс вырашыў вандраваць па Беларусі. Гаспадар нават не мог заснуць, казаў:

– Я бы не паехаў на ровары! Як так? З Нямеччыны? У Беларусь? Тысяча кіламетраў?

З ягонага досведу, мясцовыя жыхары вельмі прыязныя і добразычлівыя. Ён нават не карыстаўся замком для ровара – не было патрэбы.

Макс Бакерт.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Беларусы – вельмі добразычлівыя людзі»

Пасля вандроўкі Макс лічыць, што ў хуткім часе беларускія вёскі памруць. Паводле яго ў Нямеччыне назіраецца падобная тэндэнцыя: там таксама няма добрай сувязі з «вялікай зямлёй», няма супермаркетаў.

Здараюцца і выключэнні. У вёсцы Гомель, што ў Полацкім раёне, ён сустрэў маладых даўншыфцераў. Гэтая маладая пара мастака і фрылансэра, якія вырашылі пачаць невялічкі турыстычны бізнес.

«Але яны могуць так зрабіць, бо яны працуюць з дому. Іншыя сем’і, якія вымушаныя працаваць у горадзе, не могуць сабе гэтага дазволіць».

Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Ад беларусаў у Макса засталіся толькі добрыя ўражанні. З яго досведу беларусы ўсміхаюцца, любяць дапамагаць. Ён зазначае, што тут у людзей мала вольнага часу, але той, што ёсць яны хочуць правесці як мага лепей. Яны гнуткія, і не маюць дакладнага плану.

– Я бы апісаў беларусаў як «гаспадароў жыцця». Яны не хочуць скардзіцца. Беларусы – ганарлівыя і вельмі гасцінныя людзі. Яны гатовыя адразу адкрыць сваё сэрца. Такога я не адчуваў ані ў Нямеччыне, ані нават у Польшчы, – кажа Макс.

Ён зазначае, што добра пабавіў час у Беларусі і з задавальненнем бы вярнуўся сюды – даследаваць поўдзень Беларусі і ў прыватнасці Палессе.

Hавiны
Бязвіз у Горадні: новыя кавярні, мала грамадскіх прыбіральняў і расейскі бізнес
2019.09.12 17:35

Як паводзіць сябе ў Беларусі?

Калі вы хочаце наведаць Беларусь, то вось парады ад Макса:

– будзьце гнуткімі. Зрабіце прыкладны план – якія гарады і рэгіёны вы хочаце наведаць;

– натхняйцеся людзьмі і ідэямі, якія вы атрымліваеце ад іх. Ад людзей вы даведаецеся больш, чым ад любога турыстычнага часопісу;

– размаўляйце. Чым болей вы размаўляеце з людзьмі, тым болей вы іх разумееце;

– калі вандраваць марудна, то атрымаецца пагрузіцца ў мясцовую культуру.

Ксенія Тарасевіч, фота Ірына Арахоўская Belsat.eu

Стужка навінаў