Аўтобусны прыпынак стане... арт-аб'ектам памяці Адамовіча


Распачынаецца прыём заявак на конкурс па стварэнні арт-аб’екта «Прыпынак Адамовіча».

У роднай вёсцы пісьменніка Глуша, што пад Бабруйскам, дагэтуль няма ні помніка, ні нават памятнай шыльды, якая б нагадвала, што тут прайшлі дзяцінства і юнацтва славутага літаратара Алеся Адамовіча. Не адно дзесяцігоддзе вядуцца размовы пра адкрыццё музею, але на гэта няма грошай.

Актывіст з Бабруйску Андрэй Архіпенка напачатку году сабраў больш за 600 подпісаў за стварэнне ў Глушы скверу Алеся Адамовіча разам з бюстам пісьменніка. Нядаўна ён атрымаў адказ з Міністэрства культуры з узгадненнем прапановы. Цяпер дапрацоўваецца макет будучага помніка.

Андрусь Архіпенка

А пакуль вырашаюцца ўсе гэтыя арганізацыйныя пытанні, Андрусь прапанаваў яшчэ адну, адносна простую і недарагую ідэю – прысвяціць Алесю Адамовічу самы звычайны аўтобусны прыпынак у Глушы. Дзеля гэтага прыпыначны пункт трэба перабудаваць ці проста аформіць так, каб ён распавядаў, што Глуша – гэта малая радзіма Адамовіча.

Да Андруся далучыліся іншыя неабыякавыя бабруйчане, і ў выніку паўстала ініцыятыва па стварэнні турыстычнай кропкі «Прыпынак Адамовіча». Падтрымлівае бабруйчанаў магілёўскі цэнтр гарадскіх ініцыятываў «Цяпліца».

Сябры ініцыятывы лічаць, што такім арт-аб’ектам атрымаецца прыцягнуць увагу як жыхароў вёскі, гэтак і гасцей, і тых, хто проста едзе міма па трасе, да асобы Адамовіча, да пакінутай ім спадчыны.

Аўтобусны прыпынак знаходзіцца каля ажыўленай трасы Бабруйск-Глуск-Слуцк. Яркі прывабны арт-аб’ект будзе добра бачны тым, хто будзе праязджаць праз Глушу. Нехта абавязкова затрымаецца, і даведаецца, што тут жыў Алесь Адамовіч.

Прыпынак, які стане арт-аб’ектам

Ідэю падтрымалі мясцовыя ўлады – Глушанскі сельсавет і Бабруйскі райвыканкам.

Але каб задума рэалізавалася, патрэбны цікавы праект ператварэння аўтобуснага прыпынку ў твор мастацтва, прысвечаны пісьменніку. Таму абвяшчаецца конкурс такіх праектаў.

Як прыняць удзел у конкурсе

Да ўдзелу запрашаюцца ўсе зацікаўленыя, але найперш – навучэнцы мастацкіх навучальных устаноў, дызайнеры, архітэктары, проста творчыя людзі.

Конкурс распачынаецца 23 красавіка. Дасылаць працы можна да 23 траўня ўключна.

Задачы для ўдзельнікаў конкурсу:

Распрацаваць эскізны праект «Прыпынку Адамовіча» (далей – п.п.), з абавязковай архітэктурнай прывязкай да прапанаванага месца размяшчэння, што ўключае:

– распрацоўку канструкцыі прыпыначнага пункта (у выпадку, калі мяркуецца будаўніцтва п.п., ці яго значная перабудова), з пералікам будаўнічых матэрыялаў, з якіх будзе стварацца п.п., і якімі будзе аздабляцца (фарбы, дэкаратыўныя элементы, і таму падобнае);

– вызначэнне памеру п.п. (у выпадку, калі мяркуецца будаўніцтва ці значная мадэрнізацыя);

– стварэнне эскіза;

– вызначэнне прыкладнага каштарысу на будаўніцтва ці аздабленне п.п.

Праект прыпынку павінен суправаджацца дэманстрацыйнымі матэрыяламі: візуальным эскізам і тэкставым апісаннем.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць заяўку (ідэю, праект) на адрас: adamovich.konkurs@gmail.com, да 23 траўня 2018 года.

Разгляд заявак і вызначэнне пераможцаў – да 31 траўня.

Кантактны тэлефон: +375291238873, Андрусь Архіпенка.

Таксама ўся інфармацыя пра конкурс на сайце: адамовіч.бел і ў сацсетках: vk.com/prypynakadamovicha, facebook.com/events/194724021311450/.

Алесь Адамовіч – беларускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 3 верасня 1927 года. Дзяцінства правёў у Глушы пад Бабруйскам. Там жа на свае вочы пабачыў Другую сусветную вайну. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Вёў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Падтрымліваў стварэнне Беларускага народнага фронту. Намагаўся раскрыць праўду пра Чарнобыльскую катастрофу, быў сустаршынём Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобылю». Вядомыя ягоныя творы «Я з вогненнай вёскі», «Хатынская аповесць», «Вайна пад стрэхамі», «Апакаліпсіс па графіку» ды іншыя.

Алесь Адамовіч памёр 26 студзеня 1994 года, пахаваны ў Глушы.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў