Украінец Павел Грыб, які быў затрыманы ў Беларусі, а пасля асуджаны ў Расеі на 6 гадоў пазбаўлення волі за спрыянне тэрарыстычнай дзейнасці, звярнуўся да прэзідэнта, Вярхоўнай Рады і ўраду Украіны. Ягоны зварот апублікаваў на сваёй старонцы ў «Facebook’у» бацька асуджанага Ігар Грыб.
У сваім звароце Павел Грыб, «ад імя ўсіх украінскіх вайскоўцаў, палітвязняў пуцінскага рэжыму», заклікаў у тым ліку закрыць мяжу з Беларуссю.
«Якое расчараванне ні было б ва Украіне, якая б улада на хвалі гэтага расчаравання ні прыйшла, яе абавязак – вызваліць зняволеных і палітвязняў, перадухіліць новых, закрыўшы дзяржаўную мяжу з Масковіяй [Расеяй. – Belsat.eu] і Беларуссю і разарваць дыпламатычныя стасункі з усімі варожымі краінамі. Мы патрабуем гэтага. Любая ўлада павінна пачуць нас. Любая іншая палітыка ў гэтым кірунку ёсць дзяржаўнай здрадай», – адзначыў Павел Грыб.
У канцы жніўня 2017 гады бацька Паўла Грыба паведамляў, што яго сын знік 24 жніўня, калі паехаў на сустрэчу з дзяўчынай у Гомель. Ігар Грыб заявіў, што яго сына ў Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ з дапамогай гэтай дзяўчыны.
Беларускі бок факт перасячэння Грыбам мяжы пацвердзіў і дадаў, што ніякіх прэтэнзіяў да яго не ўзнікла, але звесткі пра выкраданне маладога чалавека ў Гомлі ніяк не пракаментаваў.
Паводле расейскіх спецслужб, Павел Грыб, які быў звязаны з украінскімі нацыяналістамі, прапанаваў знаёмай дзяўчыне з Сочы падарваць бомбу на школьнай лінейцы. Украіна лічыць пераслед Грыба палітычным, а абвінавачванні – сфабрыкаванымі. Павел адмаўляе сваю датычнасьць да тэрарызму.
22 сакавіка 2019 года Павел Грыб атрымаў 6 гадоў у калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне вынес Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд Расеі.
МГ belsat.eu